Прагаласуй за нашых

Беларускія спартсмэны Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі (кіданьне молата), Надзея Астапчук (штурханьне ядра) і Рыта Турава (спартовая хадзьба) прэтэндуюць на званьне найлепшых лёгкаатлетаў Эўропы—2005. Іх імёны значацца ў сьпісе з 44 прэтэндэнтаў (22 мужчыны і 22 жанчыны).

У галасаваньні, што ідзе на сайце Эўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі да 31 сьнежня, бяруць удзел як наведвальнікі рэсурсу, так асобна журналісты ды спартовыя спэцыялісты.

Летась перамаглі алімпійскі чэмпіён ў трайным скачку швэд Крыстыян Олсан і алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 800 і 1500 мэтраў Кэлі Голмз (Вялікабрытанія).

Прагаласаваць за нашых можна па адрасе www.european-athletics.org/index.php?inhalt=poll/eaapoll2. Адзінае — давядзецца зарэгістравацца падчас галасаваньня.

Баскетбол: камандаў усё меншае

На мінулым тыдні стартаваў чэмпіянат Беларусі па баскетболе сярод мужчын. На старт выйшла шэсьць клюбаў — на два менш, чым летась. Чэмпіён Беларусі менскі «Віталюр» і сярэбраны прызэр «Горадня-93» атрымалі па дзьве ўпэўненыя перамогі. Той, каго не цікавяць рэаліі айчыннага баскетболу, хай зьверне ўвагу на чэмпіянат Нацыянальнай баскетбольнай лігі, што стартаваў 1 лістапада. Хоць беларускіх гульцоў, у адрозьненьне ад Нацыянальнай хакейнай лігі, там не назіраецца, паглядзець ёсьць на што. Пагатоў што тэлеканал «Лад» будзе паказваць найлепшыя паядынкі рэгулярнага чэмпіянату.

Беларускія дзюдаісты — чэмпіёны Швэцыі

Беларускія дзюдаісты працягваюць трымаць сваю высокую марку. Так, на Адкрытым першынстве Швэцыі нашы спартоўцы заваявалі чатыры мэдалі. Посьпеху дабіліся Кацярына Разумава, якая заваявала «золата» ў вагавой катэгорыі 48 кг, а таксама алімпійскі чэмпіён Ігар Макараў (звыш 100 кг), Сьвятлана Цімашэнка (78 кг) і Мікалай Баркоўскі (81 кг), на рахунку якіх бронза.

Беларусь—Латвія ў Віцебску

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі завершыць сэзон 12 лістапада. У гэты дзень, калі ў футбольнай Эўропе пройдуць стыкавыя паядынкі за права трапіць на чэмпіянат сьвету—2006, беларусы правядуць таварыскі матч са зборнай Латвіі. Гульня пройдзе ў Віцебску. 13 лістапада ў Берасьці моладзевая зборная згуляе таварыскую гульню супраць пагодкаў з Польшчы. 16 лістапада матч у адказ за Бугам.

АР, belta.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0