Пра краіну «дзядулі Гейдара» піша асьпірант Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксей Лашук.

Бакінская набярэжная. Вецер з Касьпійскага мора. «Горад вятроў» — так перакладаецца назва Баку. Зьлева і справа па баках бухты-падковы гараць агні сталіцы Азэрбайджану, а сьпераду — чорная бездань Касьпію злучаецца з чорным бяздонным небам. Але гарызонт убачыць усё-такі можна: па ўсім даляглядзе — там, дзе мора сустракаецца зь небам, — рассыпаны ледзь бачныя агеньчыкі… Гэта ліхтары нафтавых плятформаў на шэльфе Касьпійскага мора.

Нафта — галоўны складнік азэрбайджанскага экспарту. Нафтаздабыча прыносіць штогод мільярдныя прыбыткі. Ужо больш як дзясятак гадоў апэратарамі нафтабізнэсу ў Азэрбайджане зьяўляюцца ня толькі дзяржава і канцэрн Azpetrol, але і карпарацыі British Petroleum, Shell, Total і іншыя нафтавыя гіганты.

У найбліжэйшы час экспарт нафты стане яшчэ зручнейшы — ужо адбылося ўрачыстае адкрыцьцё нафтаправоду Баку—Тбілісі—Джэйхан. Труба даўжынёй 1767 км злучае нафтавыя радовішчы касьпійскага шэльфу з турэцкім портам Джэйхан на Міжземным моры. Засталося толькі напоўніць трубу нафтай, стварыць патрэбны ціск — і праблема расейскага транзыту вырашаная. Пазыцыі Азэрбайджану як экспартэра нафты становяцца ўпэўненымі і гарантуюць стабільныя даходы ў цьвёрдай валюце.

«Каб гэтыя звышпрыбыткі накіраваць у рэальны сэктар эканомікі, можна было б палепшыць бізнэс-клімат і ўзровень жыцьця ў краіне, — кажа малады інтэлектуал Вугар. — Тое, што адбываецца цяпер, — у найлепшым выпадку праяданьне грошай, у горшым — крадзеж». Вугар — тыповы прадстаўнік маладога пакаленьня азэрбайджанскай інтэлектуальнай эліты. Атрымаўшы выдатную адукацыю за мяжой, ён працуе ў бакінскім прадстаўніцтве адной зь міжнародных арганізацый і надта цікавіцца падзеямі ў краіне. «Частка даходаў ад нафты нават не трапляе ў Азэрбайджан, частка даходзіць, але марнуецца на палацы. Толькі на мэблі для будынку навастворанага Фонду імя Гейдара Аліева ў цэнтры Баку пайшло больш за 30 млн даляраў».

Фонд імя Г.Аліева ўзначальвае жонка Ільхама Аліева, сына Гейдара. Пасьля сьмерці бацькі адказныя пасады ва ўрадзе і ў эканоміцы бязь зьменаў засталіся за сямейнікамі й сябрамі «клану». Затое пасьля сьмерці Гейдара значна зьмянілася гарадзкая тапаніміка. «Гэта — алея імя Гейдара Аліева, — гаворыць наш гід, — а гэта — плошча імя Гейдара Аліева, праспэкт імя Гейдара Аліева, спартовая арэна…» «...Імя Гейдара Аліева!» — працягваюць замежныя госьці. Паўсюль вялізныя зялёна-чырвона-сінія (колеры нацыянальнага сьцягу) бігборды з выявамі «вечна жывога» Гейдара і яго сына Ільхама. Адзін зь бігбордаў лепш за ўсё ілюструе культ былога прэзыдэнта, які ствараецца ў Азэрбайджане. На пляка-це — трое маленькіх дзяцей гуляюць у кубікі. А на кубіках — літары, зь якіх дзеці складаюць словы: «Heydar baba» — «дзядуля Гейдар».

Сёлета ад зялёна-чырвона-сініх колераў і твараў на плякатах на вуліцах Азэрбайджану стракаціць уваччу. Акрамя Аліевых, гэта яшчэ й выявы кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах. Пад узьдзеяньнем міжнароднай супольнасьці азэрбайджанскія ўлады лібэралізавалі выбарчае заканадаўства і зрабілі празрыстым працэс вылучэньня ды рэгістрацыі кандыдатаў. У выніку ў краіне адбываецца сапраўдны выбарчы бум. На 125 месцаў у «Мілі Мэджлісе» прэтэндуюць 1800 кандыдатаў. Выбары адбудуцца ў гэтую нядзелю.

Баку—Менск

Баку—Тбілісі—Джэйхан Працягласьць трубаправоду Баку—Тбілісі—Джэйхан складае 1767 км. Прапускная здольнасьць — каля 1 млн барэляў у дзень. Апроч азэрбайджанскай, па нафтаправодзе пацячэ нафта з Казахстану. Кошт праекту складае 2,95 млрд даляраў, а з улікам выплат па крэдытах — 3,6 млрд даляраў. Пад 30% сродкаў былі выдзелены кампаніямі — удзельнікамі праекту, астатнія дадзены Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) і Сусьветным банкам. Аналітыкі зьвязваюць спадзевы на падзеньне цэнаў на нафту з увядзеньнем у дзеяньне гэтага трубаправоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0