Пасол Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк падаў заяву пра адстаўку. Гэта рэдкі выпадак у дыпляматычнай практыцы. Адстаўку пасла камэнтуюць Ігар Лялькоў і Марак Буцько.

Ігар Лялькоў, старшыня міжнароднай камісіі Партыі БНФ:

— Як Вы можаце ацаніць працу сп.Паўляка як пасла?

— Тадэвуш Паўляк — прадстаўнік старой дыпляматычнай школы, які пачаў кар’еру яшчэ за часамі ПНР. Таму яго працу ў Беларусі я разглядаю як ганаровую й перадпэнсійную.

— Чаму Т.Паўляк падаў у адстаўку адразу пасьля таго, як вярнуўся ў Беларусь?

— Паўляк заўсёды быў прыхільнікам левых. А калі на выбарах перамаглі правыя, Паўляк зразумеў, што яго ўсё роўна хутка адклічуць. Так што прычыны зьвязаны з фармаваньнем новага правага ўраду, таму ён згуляў на апярэджаньне.

— Перамога правых і стала каталізатарам адстаўкі?

— Таксама каталізатарам быў артыкул у газэце «Жэчпасполіта» пра напружаныя стасункі й супрацьстаяньне сп.Паўляка зь іншымі прадстаўнікамі беларускаў амбасады, у тым ліку Андрэем Чухрытам, які, дарэчы, у маладосьці ўдзельнічаў у беларускім руху на Беласточчыне.

— Ці магчыма, што амбасадарам ці часовым павераным стане нехта з тых дыпляматаў, што цяпер працуюць у Беларусі?

— Думаю, гэта будзе новы чалавек. І, хутчэй, тэхнічная асоба, што зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія хутка пройдуць у нашай краіне. Польскі бок не захоча ісьці на канфлікт.

Марак Буцько, да лета 2005 году — дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі, цяпер — галоўны спэцыяліст Варшаўскай мэрыі:

— Якая Ваша рэакцыя на адстаўку спадара Паўляка?

— Самая пазытыўная. Не наліваецца маладое віно ў старыя мяхі. Калі Польшча думае пра зьмену сваёй палітыкі ў Беларусі, бо старая пацярпела фіяска, дык гэтым мае займацца новы чалавек. Той факт, што ён падаў у адстаўку, ня значыць, што ён адразу выедзе зь Беларусі, ён можа застацца яшчэ некалькі месяцаў. І гэта ня надта добра, бо пераход да палітыкі крытычнага дыялёгу вымагае дакладнай канцэпцыі й сталай узаемасувязі паміж амбасадай і МЗС Польшчы. Я моцна сумняваюся, што сп.Паўляк будзе здольны наладзіць гэтую ўзаемасувязь. Да таго ж існуе праблема консулаў у Горадні й Берасьці. Гэта чыноўнікі старой фармацыі, і яны таксама мусяць быць замененыя.

— Згодна з нашымі зьвесткамі, у амбасадзе існаваў асабісты канфлікт паміж Вамі й сп.Паўлякам?

— Не, але існаваў паміж ім і ўсімі астатнімі супрацоўнікамі амбасады. Паўляк — тыповы работнік старой сыстэмы (яго дыпляматычны стаж — 43 гады) з «дыплёмам» расейскага МГІМО, дзе навучаўся. У іншых супрацоўнікаў амбасады іншыя погляды на супрацоўніцтва дзьвюх краін. Па-другое, сп.Паўляк дазваляў сабе публічнае шальмаваньне супрацоўнікаў амбасады, што ў выніку вылілася на старонкі польскіх газэт. Будучы адкліканым у Варшаву, Паўляк разумеў, што адзіны для яго шанец вярнуцца — за ўрадам Марка Бэлькі. Яму гэта ўдалося, але ўсё ж празь некаторы час ён сам падаў у адстаўку. Хіба ён хацеў, каб усё выглядала менавіта так. Спадзяюся, што новы амбасадар будзе чалавекам новай генэрацыі, які зробіць як мага больш для наладжваньня сяброўскіх узаемаадносінаў між дзьвюма нашымі краінамі.

Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0