Пісьменьнік атрымлівае славу, чытач — асалоду, рэдактар — катаржную працу, нядобразычліўцаў і ворагаў. Рэдактар — гэта палітык, хітрун, стратэг, артыст, хамэлеон, бясконца гнуткая сталёвая канструкцыя…

Усё выйшла выпадкова: я пасварыўся з рэдактарам. Ішоў злы і думаў пра Рэдактара як зьяву. «Рэдактар — галоўная фігура літаратурнага працэсу. Пісьменьнік атрымлівае славу, чытач — асалоду, рэдактар — катаржную працу, нядобразычліўцаў і ворагаў. Рэдактар — гэта палітык, хітрун, стратэг, артыст, хамэлеон, бясконца гнуткая сталёвая канструкцыя… Рэдактар — гэта бандыт!..» — злосна думаў я.

Рэдактар мае рэдкую магчымасьць — весьці свой рэй. Ён можа адшукаць, выкапаць, пасеяць і ўзгадаваць Асобу, патрэбную нацыі. Але ён ня мае магчымасьці сам пісаць свае раманы і апавяданьні, паэмы і вершы. Ягоную энэргетыку зьядаюць чужыя творы, у большасьці графаманскія, якія ён бясконца чытае штодня і якія атручваюць яго душэўную экалёгію. Але рэдактар — таксама літаратар, ён хоча, марыць, імкнецца сказаць нешта сваё аб сучасным жыцьці.

І вось я трымаю ў сваіх руках рэдактарскую кніжку «Шчасьце быць…». Спроба праглынуць кніжку зразу не ўдалася. Пачытаўшы кніжку з апошніх старонак, разгарнуў у сярэдзіне і таксама не атрымаў асалоды. Засталося адчуваньне неразгрызенага арэха. Стаў чытаць з пачатку. Чытаў, чытаў і нарэшце пачаў унутраны дыялёг з аўтарам.

Вось я ў думках вучу рэдактара, як пісаць празаічныя творы: «Апавяданьне «Віна». Тэма актуальная: усе мы, беларусы-мужчыны, адчуваем несьвядомую віну. Мы страцілі сваё мужчынскае «Я» і таму мы не выконваем свайго жыцьцёвага доўгу. Мы ня робім тое, што павінны рабіць. А мужчына павінен валадарыць на сваёй жыцьцёвай прасторы, дзеля чаго яму і дадзена жыцьцё. Нашаму мужчыну не належыць ні наша неба, ні нашы прасторы, ні нашы жанчыны… Ён ня плённы — нават цяпер, калі некаторыя зь іх зарабляюць грошы, ім падсунуты стэрэатыпы спажываньня замест плённага валадарства.

Апавяданьне мае мноства нескарыстаных магчымасьцяў. Можна было яшчэ больш завастрыць завязку дыялёгам з дырэктарам і пачаткам трагічных успамінаў былога партызана. І цяпер перад героем (пасьля таго як ён успомніў трагедыю зьнішчэньня вёскі) паўстае дылема: ісьці ў школу і казаць праўду ці не казаць праўды. Можна было б нават паказаць, што ён раіцца з адукаваным і чулым дырэктарам, і той вырашае, ці трэба моладзі праўда. Магчыма, дырэктар мусіў стаць галоўным героем апавяданьня. Ён гісторык і дамагаецца гістарычнай ісьціны: як было, дзе было, ці не наклалі вы ў порткі, калі ўсутыч сустрэліся з захопнікамі? А тэма захопнікаў — хто яны і якія іх мэтады? Я прапаную аўтару іншае заканчэньне твору: «Яны ўзьняліся зь бервяна на прызьбе, і дырэктар, яшчэ малады чалавек у сьветлым пільчаку, паправіўшы чырвоны карват рукой, прамовіў, з павагай і спачуваньнем пазіраючы на дзеда:

— Як жа яны, нашы дзеткі, пойдуць у жыцьцё, калі ня будуць ведаць праўды?

І дзед пакрочыў разам з дырэктарам да школы, несучы на сваіх плячах цяжар нявыказанай праўды...»

Яшчэ лепш, каб герой расказаў сваю праўду пра вайну вучням, і тыя адчулі страшны подых бязьлітаснай, чужой, не патрэбнай людзям вайны. Бо цяпер моладзь актыўна рыхтуюць да «гераічных подзьвігаў».

Апавяданьне задумана выдатна, але трэба было над ім папрацаваць — перапісаць разы тры. Гогаль перапісваў свае творы па восем разоў.

«І ваша праблема ў тым, што вам бракуе часу. Вы альбо Пісьменьнік — альбо Рэдактар!»

Я пачынаю чытаць аповесьць «Пуціна», адчуваю — гэта паэтычная, узьнёслая жыцьцесьцьвярджальная паэма ў прозе аб незасьмечанай, чыстай, як крынічная вада, маладосьці! Паэзія гучыць зь першых радкоў тэксту: «На Шыкатане, на беразе Ціхага акіяну, на краі сьвету, ня думаецца пра прыгажосьць і бясконцасьць прасторы, якая называецца плянэтаю Зямля, ня робіцца зразумелай твая нікчэмнасьць (…) ды дробнасьць перад магутнымі сіламі прыроды і самой прыродай увогуле…»

Найлепш, не спяшаючыся, з асалодай каштаваць паэму-смакату восеньскім дажджлівым вечарам, захутаўшыся ў плед ды выпіўшы кубачак кавы.

І раптам я разумею задуму пісьменьніка і чырванею ад сораму. Прачытаўшы мільёны старонак чужых твораў, аўтар у сваіх тэкстах шчодрай рукой ставіць тычкі, вехі, паказвае напрамак на літаратурным шляху. Ён ня вучыць — ён паказвае. Ня маючы магчымасьцяў скарыстаць увесь свой назапашаны творчы патэнцыял, ён прапануе ўдумлівым і таленавітым велізарную колькасьць задумак, ідэй, сюжэтаў. Некаторыя ягоныя вэрсіі — гэта цалкам гатовыя ідэі, стрыжань для закончаных твораў, дасканалых раманаў ці апавяданьняў.

У замалёўцы «Пас аддаць» аўтар прызнаецца: «…на зломе гадоў, ва ўзросьце Хрыстовым, яму стала цікавей ня гол забіць, а пас аддаць». І далей: «Яму быў дадзены шанец, а ён яго не заўважаў. Ён пражыў міма. …Але — мячык у яго. Хто там набягае на вароты?» У гэтым невялічкім апавяданьні аўтар фіксуе трагедыю свайго і папярэдніх пакаленьняў, што ня зьдзейсьніліся, не скарысталі шанц, пражылі ценявы, другасны варыянт свайго жыцьця…

Агульная ідэя кніжкі: якое шчасьце — быць! Проста быць на гэтым сьвеце! І ня трэба лезьці ў нэкрафілію, містыцызм, нават крытыку, укідвацца з галавой у палітыку, бо ўсё гэта адмаўляе наша ўласнае жыцьцё. Паглынае час, энэргію, наша ўнікальнае шчасьце быць.

Кніжка ня кожнаму па зубах. Яна для сучаснай маладой літаратурнай эліты, для тых, хто шукае свой шлях. Для тых, хто можа збочыць на замежныя постмадэрнісцкія фокусы. Заблытацца ў бясплённым авангардзе, не знайсьці свайго шляху. Пісьменьнік сьцьвярджае, што шчасьце не залежыць ад месца пражываньня, ад памеру катлеты і крыклівай чужой папсы…

З крыху садысцкім задавальненьнем я ўсьміхаюся пры думцы пра тых, хто не разгрыз арэшак, выказаў уголас сваё адмоўнае меркаваньне пра кніжку «Шчасьце быць…» і рана ці позна, як сумленны чалавек, будзе вымушаны (як я) чырванець ад сораму…

Я ўсё яшчэ чытаю гэту кніжку, бо яе нельга праглынуць зразу, яна патрабуе ўважлівага нетаропкага пранікненьня, і новыя адкрыцьці ў мяне наперадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0