50 допытаў Анжалікі Борыс

Анжаліку Борыс зноў выклікалі ў аддзяленьне міліцыі ў Горадні. Гэта ўжо пяцідзясяты сёлета допыт старшыні Саюзу палякаў, не прызнанай беларускімі ўладамі.

Скрабец паўгоду ў турме

14 лістапада экс-дэпутат Сяргей Скрабец пачаў чарговую галадоўку. Яго жонка паведаміла, што ў мужа падагрычны поліартрыт пры парушэньнях абмену рэчываў, Скрабец трывае моцны боль і ня можа ступаць на правую нагу. Праваабаронцы прызнаюць С. Скрабца палітвязьнем.

Перамога «Новага Жыцьця»

Вернікі пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё» атрымалі тэхпашпарт, які сьведчыць, што памяшканьне, у якім царква ладзіць набажэнствы, — культавы будынак. У верасьні Менгарвыканкам адмовіўся быў прызнаваць культавым будынкам былы кароўнік на ўскраіне Менску, выкуплены пратэстантамі ў 2002. Пратэстанты адстаялі сваю царкву.

Галадоўка салідарнасьці з Аўтуховічам

10 лістапада міліцыянты затрымалі нумар недзяржаўнай «Местной газеты» з матэрыяламі пра Мікалая Аўтуховіча. Распаўсюдніцу Маргарыту Макавецкую аштрафавалі ў судзе на 10 тыс.руб. за гандаль у неналежным месцы й канфіскавалі 400 асобнікаў газэты.

Жыхары Ваўкавыску Юры Лявонаў (дырэктар фірмы «Ніка-Транс»), Людміла Парэмбская (сакратарка фірмы), Іван Янушкевіч, Міхаіл Семярыч (кіроўцы фірмы) і беспрацоўны, былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ўладзімер Асіпенка абвясьцілі 14 лістапада бестэрміновую галадоўку ў знак падтрымкі М.Аўтуховіча. Адпаведныя заявы яны падалі на імя старшыні райвыканкаму Савельева. Сам прадпрымальнік галадае за кратамі.

Ператрус у актывіста ТБМ

У Сьветлагорску міліцыянты 12 лістапада правялі ператрус на кватэры актывіста ТБМ Вадзіма Богдана ў адсутнасьць гаспадара. Міліцыянты назвалі прычынай ператрусу інфармацыю пра наркотыкі, але шукалі друкаваныя матэрыялы й памнажальную тэхніку. Канфіскавалі бюлетэні да Дня салідарнасьці й каля 30 асобнікаў газэты «Рэгіянальныя навіны». У ордэры было няправільна ўказана імя («Уладзімер» заміж «Вадзім»).

Гавін — апраўданы, але падазраваны

Першага старшыню Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна 8 лістапада выклікалі ў міліцыю ў справе праверкі дзейнасьці Анжалікі Борыс: Гавіна пыталіся, як разьмяркоўвалася пры ім замежная дапамога. У гэтай жа справе 14 лістапада на допыт выкліканыя А.Борыс, ейны намесьнік Юзаф Пажэцкі ды яшчэ тры актывісты СПБ.

Вярхоўны суд 8 лістапада пастанавіў скасаваць рашэньне судзьдзі Кастрычніцкага раёну Горадні ад 12 жніўня, якое прызнавала Гавіна вінаватым у дробным хуліганстве й асуджала на 15 сутак арышту. Тады Гавіна, які ўжо сядзеў пад арыштам, абвінавацілі ў хуліганстве ў дачыненьні да іншага пакаранага. Цяпер ён зьбіраецца судзіцца з гарадзенскім судзьдзём і патрабаваць маральнай кампэнсацыі.

Статкевіч на хатнім рэжыме

Палітвязьня Міколу Статкевіча адміністрацыя баранавіцкай спэцкамэндатуры 11 лістапада перавяла на хатні рэжым: цяпер ён можа жыць у бацькі.

Газэты адбіваюцца

Недзяржаўная газэта «Народная воля» 10 лістапада падала ў гаспадарчы суд Менску пазоў супраць РУП «Белпошта», якое адмовілася ўключаць выданьне ў падпісны каталёг на 2006 г.

У Горадні ў той самы дзень пасьля амаль гадавога перапынку выйшла газэта «Биржа информации» — нумар друкаваўся ў Смаленску, бо беларускія друкарні адмовіліся.

Мінінфармацыі 9 лістапада вынесла папярэджаньне рэдакцыі недзяржаўнай газэты «Згода» за распаўсюджваньне зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы, у шэрагу матэрыялаў.

Супрацоўнікі паштовых аддзяленьняў Пінску «ня раяць» выпісваць недзяржаўную газэту «Мясцовы час», бо паштары ня будуць разносіць яе падпісчыкам ужо з новага году.

14 лістапада РУП «Белпошта» выключыла з падпіснога каталёгу недзяржаўную «Рэгіянальную газету»: падставай стала запазычанасьць у… 66 210 руб.

Недзяржаўная «Газета для вас» (Івацэвічы) 14 лістапада атрымала інфармацыю, што яе маюць выселіць з памяшканьня райбыткамбінату, якое рэдакцыя арандавала апошнія тры гады. Ініцыятарам скасаваньня арэнды, паводле зьвестак рэдактаркі Лідзіі Цалуйкі, выступае райвыканкам.

Завадзкай адмовілі

Судзьдзя Валеры Есьман з суду Цэнтральнага раёну Менску 11 лістапада не задаволіў скаргу Сьвятланы Завадзкай на сьледчых раённай пракуратуры. Жанчына абскарджвала адмову завесьці крымінальную справу ў дачыненьні да амапаўца Юр’я Давідовіча, які ўдарыў яе па твары. У судзе выявілася, што на стужцы заміж моманту ўдару запісаная перадача з ОРТ. Прадстаўнікі бюро ОРТ у судзе пацьвердзілі, што на стужцы, якую перадавалі яны, гэтага запісу не было. Завадзкая мае скардзіцца ў Менскі гарадзкі суд.

Затрымалі сына Леванеўскага

У Горадні 13 лістапада падчас распаўсюду газэты «Биржа информации», бюлетэню «Предприниматель» і ўлётак затрыманы Ўладзімер Леванеўскі, сын палітвязьня Валер’я Леванеўскага. У пастарунку ў яго канфіскавалі ўсю друкаваную прадукцыю, пратакол затрыманьня не складалі.

БТ непадсуднае

Прэзыдыюм Менгарсуду 9 лістапада адмяніў рашэньне суду Першамайскага раёну, каб Белтэлерадыёкампанія абвергла непраўдзівую інфармацыю, распаўсюджаную ў праграме «Панарама» наконт слонімскага ГА «Воля да разьвіцьця» ды ягонага кіраўніка Міхася Варанца. Прысуд на карысьць слонімцаў быў вынесены 14 лютага, аднак БТ не абвергла пададзенай інфармацыі нават пасьля касацыйнай скаргі, за што 24 жніўня было аштрафаванае. Пасьля пратэсту зь Вярхоўнага суду было вырашана, што выказваньне журналіста Мікалая Мельячэнкі «мае характар меркаваньня».

Зьбілі журналіста

У Барысаве 8 лістапада зьбілі журналіста незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Алеся Абрамовіча. Калегі не выключаюць, што напад мог быць выкліканы публікацыямі ў прэсе.

Маўзэр папаў пад гарачую руку

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Ўладзіслаў Бародка й актывіст АГП Дзяніс Залуцкі 8 лістапада былі затрыманы падчас распаўсюджваньня незарэгістраванай газэты «16»; у іх канфіскавалі 400 нумароў газэты, налепкі да Дня салідарнасьці й значкі «Люблю Беларусь». «Зуброўца» Яўгена Суворава, які фатаграфаваў падзеі ў аддзяленьні праз акно, таксама затрымалі.

Падчас расклейкі ўлётак да Дня салідарнасьці ў ноч з 12 на 13 лістапада затрыманы «зуброўцы» Я.Сувораў і Андрэй Баскораў.

У тую ж ноч міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў гурту «Таварыш Маўзэр» на чале з кіраўніком гурту Янам Маўзэрам, якія расклейвалі афішы свайго будучага канцэрту.

Арышт камуністкі

7 лістапада ў Гомелі падчас раздачы газэты «Товарищ» міліцыянты затрымалі Марыю Багдановіч, канфіскаваўшы ў яе 72 газэты й 69 улётак. 11 лістапада яе выклікалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну: у дачыненьні да актывісткі апазыцыі распачалі крымінальную справу паводле арт.172, ч.8 («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»), бо ўлёткі, укладзеныя ў газэты, пракуратура палічыла незарэгістраваным дадаткам. М.Багдановіч пагражае штраф 225 тыс.руб.

Салігорскія вянкі

У Салігорску 7 лістапада сябар БНФ Павал Батуеў, сябар АГП Уладзімер Лемеш, чальцы руху «Маладыя дэмакраты» Дзяніс Карноў і Аляксей Валабуеў прынесьлі да помніка Леніну вянкі з калючага дроту. Хлопцаў адпусьцілі з аддзяленьня міліцыі празь дзьве гадзіны.

Не пусьцілі ва Ўкраіну

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Трэці шлях» Паўла Марозава, які ехаў ва Ўкраіну, 9 лістапада ня выпусьцілі зь Беларусі, не зважаючы на дазвольны штамп у пашпарце й адсутнасьць забароны на выезд за межы краіны. Памежнікі матывавалі гэта загадам зь Менску — з КДБ і пракуратуры.

У Вялейцы

Актывістаў дэмакратычнага руху Ўладзімера Малярчука й Мікалая Суслу затрымалі 12 лістапада ў Вялейцы: яны распаўсюджвалі на гарадзкім рынку бюлетэнь з заклікам падтрымаць Дзень салідарнасьці.

Звольнены прафсаюзны актывіст

Савет Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) 14 лістапада ня даў згоды дырэкцыі ААТ «Заслаўесьвідравод» на звальненьне старшыні прафсаюзнай арганізацыі Ўладзімера Феакцістава. Дырэкцыя лічыць, што прафсаюзны актывіст «сыстэматычна не выконваў абавязкі», а прафсаюз зазначае, што ўсе дысцыплінарныя спагнаньні на Феакцістава накладаліся бязь ведаму прафсаюзу, што супярэчыць заканадаўству.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0