З Масквы Аляксандар Мілінкевіч прыехаў наўпрост у Баранавічы. З адзіным кандыдатам па краіне езьдзіў Зьміцер Дрыгайла. Дзясяты вагон цягніка «Масква—Прага». 10.27. На пэрон з вагону выходзіць Алесь Мілінкевіч. Яго сустракаюць два дзясяткі супрацоўнікаў штабу і актывістаў. Паездкі па рэгіёнах пачаліся. З праваслаўнага сабору.

З адзіным кандыдатам па краіне езьдзіў Зьміцер Дрыгайла.

З Масквы Аляксандар Мілінкевіч прыехаў наўпрост у Баранавічы.

Дзясяты вагон цягніка «Масква—Прага». 10.27. На пэрон з вагону выходзіць Алесь Мілінкевіч. Яго сустракаюць два дзясяткі супрацоўнікаў штабу і актывістаў. Паездкі па рэгіёнах пачаліся. З праваслаўнага сабору.

Ну што, Пятроўна, выберам?

11.10. Вуліца Куйбышава. Сьвята-пакроўскі сабор, куды за польскім часам вывезьлі ўнікальныя росьпісы з Варшаўскага праваслаўнага храму. У царкве — нікога. «Бацюшку сказалі, што прыедзе «нехта з апазыцыі». То ён кудысьці зьбег», — кажа бабуля перад уваходам. Мілінкевіч зайшоў у сабор, памаліўся, паставіў сьвечкі.

11.25. Касьцёл Узвышэньня сьв.Крыжа. Сёньня — Дзень незалежнасьці Польшчы. У касьцёле — адмысловая імша з удзелам сяброў «Польскага клюбу». Мілінкевіч заходзіць усярэдзіну, сустракаецца з ксяндзом. Хоць гэтая служба ішла па-польску, вечаровую імшу ксёндз вядзе па-беларуску.

12.00. Цэнтральны рынак. «А гэта што за начальства прыехала?» — пытае кабета, што гандлюе пальчаткамі на ўваходзе. Нехта спыняе адзінага: «Чуеце, а ці ня вы прэзыдэнтам хочаце стаць?» (Напярэдадні на рынку раздавалі інфармацыйныя бюлетэні з фатаздымкам адзінага.) Мілінкевіч: «Так».

Адзінага прыпыняе дзядок, пачынае скардзіцца на праблемы. Да суразмоўнікаў падыходзіць цётка, за ёй — яшчэ адна, у штучным футры: «Ат, нейкі твар знаёмы, такі прыгожы, ня памятаю, хто гэта». Падыходзіць кантралёр з бэджам райспажыўтаварыства. Надзея Кастусік. Цётка ў футры зьвяртаецца да кантралёркі: «Ну што, Пятроўна, выберам?» Тая ў адказ: «А што? Колькі мы яшчэ павінны мучыцца?»

Каля Мілінкевіча ўжо чалавек 15. Некаторыя прыпыняюцца, нейкі час слухаюць, шпацыруюць далей. Іншыя ўключаюцца ў размову пра падаткі, прэзыдэнцкія ўказы, паборы, выплаты, крэдыты. «150 тысяч у мяне зарплата, — кажа кантралёрка. — Гэта ж яшчэ з 20% за выслугу гадоў. Усё аддаю за кватэру. А муж робіць зваршчыкам, 250—300 тыс. атрымлівае». «Як жыць? — працягвае цётка ў футры. — Я толькі тапачкі ўчора за цэлы дзень прадала. 3 500 каштуюць. А сабе зь іх — 5%. Дык гэта ж на шклянку гарбаты». Дзядзька побач працягвае: «Нарабілі сэртыфікатаў, а потым усё чэпяцца, штрафы даюць».

«Бязь бізнэсу ніводная эканоміка ня выжыве», — рэзюмуе Мілінкевіч. Малады яшчэ мужчына, былы вайсковец, працягвае: «96 тысяч за тыя сэртыфікаты аддай. Ды па пятнаццаці інстанцыях пахадзі. Ды ўсе апошнія 10 гадоў усё жарстчэй. Глядзіце, якія палякі былі? Яны ж да нас езьдзілі! А цяпер — мы да іх…»

Хто дазволіў вам тут сустракацца

13.05. Мэмарыяльны сквэр у гонар першага Героя Беларусі, лётчыка Уладзімера Карвата. Мілінкевіч ускладае да памятнага каменя жоўтыя кветкі. Потым накіроўваецца да ўваходу на тэрыторыю Баранавіцкага дзяржунівэрсытэту, што месьціцца ў будынках былой школы МУС. Да яго падыходзяць некалькі студэнтаў, потым яшчэ адна групка — усяго чалавек дваццаць. Навучэнцы эканоміка-юрыдычнага каледжу расказваюць пра вялікую аплату за навучаньне (570 даляраў у год), студэнты — пра адсутнасьць інтэрнату й тое, што вымушаны самі шукаць жыльлё, што трэба перавучвацца. Мілінкевіч адказвае: «За мяжой іншы перакос. Там даюць невялікі багаж тэарэтычных ведаў, у нас жа — амаль ня вучаць выкарыстоўваць веды на практыцы».

Студэнты-юрысты гавораць пра заканадаўства, «дубовае» шмат у якіх сфэрах, пра тое, што народ не павінен жыць па дэкрэтах і ўказах, а мусіць — па законах і Канстытуцыі. Пад гэтыя словы да суразмоўнікаў выходзіць маладая дэканка фінансава-прававога факультэту Марына Георгіеўна. Студэнты адразу «рассасаліся». «Хто дазволіў вам тут сустракацца? Гэта мой факультэт, я нясу адказнасьць. Гэта дзяржаўная ВНУ, і студэнты павінны дзяржаўна мысьліць».

Да размовы далучаецца невядома адкуль узьніклая начальніца ідэалягічнага аддзелу Баранавіцкага гарвыканкаму Тацьцяна Жытко: «Ідзіце адсюль. Тут вам ня плошча. Будуць выбары — будзеце агітаваць. Чаму дазволу не папрасілі на сустрэчу ў аддзеле ідэалёгіі?» Пад’яжджае «козьлік» зь міліцыянтамі. Адзін зь іх падыходзіць да нас: «Што тут за мітынг? Хадземце, пагутарым». З машыны побач выходзіць здымачная група тэлеканалу «Ren-TV», міліцыянт адразу прыкрывае твар — і хутка рэціруецца ў машыну.

Жываты ў пагонах

13.45. «Рамбыттэхніка». За сталом Мікола Статкевіч нешта рамантуе. Уваходзіць Мілінкевіч — абдымаюцца. З учарашняга дня (10 лістапада) М.Статкевіча перавялі на хатні рэжым. Цяпер ён можа начаваць у бацькі, штодня адзначаючыся ў спэцкамэндатуры. Свабода. Адзінае, што адразу тры маёры ходзяць кантраляваць.

Галоўная бухгальтарка прадпрыемства Натальля расказвае, што раней тут адбываў пакараньне бізнэсоўца, усё было ціха, а тут «па некалькі разоў на дзень прыходзяць гэтыя жываты ў пагонах».

Прадпрыемства стратнае, сьлесары атрымліваюць ня больш за 350 тысяч, а адна маладая дзяўчына ў мінулым месяцы атрымала 116 тысяч. «Працуе 31 чалавек. 26 чалавек — майстры, астатнія — кіраўнічы пэрсанал, — кажа бухгальтарка. — Чыстага прыбытку няма. Мы — дзяржаўнае прадпрыемства, але падатак на нерухомасьць (5 млн руб. на год) зьядае ўвесь прыбытак. Яшчэ й падатак на зямлю. У гарадзкім упраўленьні эканомікі й рыначных адносінаў ведаюць пра гэта, ды што ж з таго?» Яшчэ жанчына скардзіцца, што вельмі халодна. Мы тое й самі адчуваем ужо празь некалькі хвілін знаходжаньня тут.

Тым часам Мілінкевіч, Статкевіч і дырэктар прадпрыемства, якому няма яшчэ й трыццаці, Віктар Гітчыц праводзяць закрытую сустрэчу ў дырэктарскім кабінэце.

Якія 250 даляраў?

15.55. Плошча перад заводам аўтаматычных лініяў. Пасьля зьмены выходзяць рабочыя. Некаторыя ведаюць Мілінкевіча ў твар. Некаторыя проста выказваюць зацікаўленасьць тэлекамэрай. Вось іх ужо каля двух дзясяткаў. Адна жанчына кажа, што на заводзе вельмі халодна — ацяпленьне ўключаюць толькі ў сьнежні. Другая — што яе заробак складае 234 тысячы на месяц пры 32 гадах стажу на пасадзе інжынэра-канструктара. Дзядзька побач бурчыць: «У халадзільнік няма чаго глядзець, толькі радыё ўключы, там табе скажуць пра 250 даляраў…»

Мілінкевіч запытвае: «Скажыце, нехта з вас атрымлівае тыя 250 даляраў?» У адказ — дружны сьмех. Якія, кажуць, 250 даляраў? Гэта, можа, у Менску, а ў нас тут — толькі б канцы з канцамі зьвесьці, няма больш моцы! У размову ўключаецца жанчына-пэнсіянэрка, што працуе ў прафсаюзнай арганізацыі: «Як вам ня сорамна, Лукашэнка ўсю краіну з руін падняў, гэтыя Шушкевічы ўсё развалілі, правільна ўсё прэзыдэнт робіць! Мы лепей, чым усе нашыя суседзі, жывём!»

Выходзіць дзяжурная з прахадной, кажа, што ёй пазваніў начальнік, сказаў спыніць несанкцыянаваны сход. Людзі ёй кажуць, што проста размаўляюць, ніякіх сходаў не праводзяць. Тым ня менш страх бярэ сваё, народ пачынае паціху разыходзіцца.

Беларусы яшчэ ня вымерлі

17.00—19.00. Тэлефонная лінія ў рэдакцыі «Intex-Press». У першую гадзіну званкі не перапыняюцца, шмат якія зь іх — крытычныя. Супрацоўнікі газэты кажуць, што пазнаюць галасы журналістаў з раёнкі «Наш край», супрацоўнікаў ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму, актывістаў БРСМ: «Вы былі намесьнікам мэра, адарваліся ад кармушкі, зараз ізноў ірвяцеся да ўлады?», «Вы ўсіх чыноўнікаў перасаджаеце, на плошчы разьня будзе!», «Які памер грантаў, якія вы штомесяц атрымліваеце з Захаду?», «Чаго вы зьмянілі прозьвішча — вы што, не паважаеце свайго бацьку?», «За што вас узнагародзілі ганаровым сяброўствам ў Саюзе палякаў? Вы гэтага недастойны!». Мілінкевіч рэагуе спакойна: «Я нікуды ня рвуся. Я прапаную сваю кандыдатуру. Вырашаць будзе народ, а сёньня ён пазбаўлены такой магчымасьці… Я не хачу жыць у жабрацтве й страху і не хачу, каб так жылі мае дзеці… А прозьвішча я зьмяніў у юнацтве, калі атрымліваў пашпарт, бо ў майго бацькі прозьвішча немілагучнае — Баран, у маці — Мілінкевіч. Бацька быў ня супраць гэтага…»

Потым на лінію стаў «прарывацца» просты народ, пайшло шмат пажаданьняў посьпеху, прапаноў па ўдасканальваньні перадвыбарнай працы, пытаньняў пра рэформу войска, аховы здароўя, адукацыі, дачыненьні з Расеяй, па ўзьяднаньні з т.зв. «адзінокімі палітыкамі». Адна жанчына нават расплакалася ў слухаўку: «Тыя беларусы, што яшчэ ня вымерлі, моляцца за вас. Але ваша галоўная задача — здабыцьцё падтрымкі ў тых, хто працуе на заводах».

Увечары — сустрэча з інтэлігенцыяй, потым — з дэмакратычным актывам. Аповеды, пажаданьні, гарбата. Гучыць голас Валера Палікарпава, былога загадчыка краязнаўчага музэю, які некалі страціў працу празь сяброўства з Ларысай Геніюш: «Даць духу людзям! Не баяцца, размаўляць, слухаць, разумець».

Баранавічы — стартавы горад вялікага ланцуга падарожжаў, задуманых Аляксандрам Мілінкевічам.

У панядзелак, 14 лістапада эстафэту ад Баранавічаў прыняў Салігорск. Прыём, арганізаваны адзінаму ў беларускім Данецку, напэўна, будзе чакаць яго і ў іншых гарадах — «ціхары» зь відэакамэрамі ды правакацыі ў выглядзе «нацболаў» зь яйкамі.

У нас свабодная дзяржава

Першы прыпынак — швейнае прадпрыемства «Калінка», дзе працуе паўтары тысячы чалавек, збольшага жанчыны.

Канец першай зьмены. На прахадную выходзіць намесьніца дырэктара па ідэалёгіі Марыя Саніковіч: «Я тут сабралася на тэрыторыю выйсьці, гляджу — а ўнізе нейкія па кустах хаваюцца». Хоць кустоў і блізка няма. «А зь імі й нейкі чалавек, добра апрануты». Спн.Саніковіч кажа, што ня варта было прыходзіць сюды: усё роўна да вас ніхто не падыдзе: «Запрасіце на плошчу, я таксама прыйду, або залю нейкую здыміце, у нас свабодная дзяржава».

Тым часам колькасьць народу перад прахадной павялічваецца — чалавек сорак. І намесьніца дырэктара пачынае нэрвавацца: «Ідзіце адсюль. Ідзіце на тое прадпрыемства, якое прастойвае, не перашкаджайце працаваць». Кабеты, што выходзяць з заводу, аж выгінаюць шыі. Але мала хто затрымліваецца. Адышоўшы, уздыхаюць з палёгкай: «Нас сёньня сабіралі, сказалі, што нехта да нас з апазыцыі прыедзе. Дык папярэдзілі, каб ніхто ня сьмеў да іх падыходзіць. Калі падыдзем, нас адразу звольняць». На пытаньне пра тое, што яны тут зарабляюць, скардзяцца: «Што тут заробіш! 150—200 тысяч, ды ўвесь час кажуць, што сваіх грошай не адпрацоўваем».

НБП ня сьпіць

Будынак буйнога гандлёвага цэнтру. Каля Мілінкевіча стаяць чалавек дваццаць. Бабка зь дзедам расказваюць пра «нейкіх недапечаных, што на 7 лістапада да Леніна цярновы вянок паклалі». Падыходзяць некалькі футбольных аматараў — заўзятараў чэмпіёну-2005 ФК «Шахцёр». Дзяўчына прэзэнтуе Мілінкевічу клюбны чорна-жоўты шалік. У гэты ж момант у галаву адзінага ляціць сырое яйка. Хлапец гадоў 16—17 крычыць «НБП ня сьпіць!», кідае пад ногі людзям, што сабраліся, стос улётак з сымболікай незарэгістраванай Нацыянал-бальшавісцкай партыі й надпісам «Даві Амэрыку, як гаўно!» ды спрабуе ўцячы. Але яго ловіць ахова.

Дзядок, які дзьвюма хвілінамі раней спрачаўся зь Мілінкевічам наконт сьвяткаваньня Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзярэ энбэпэшніку вушы. Маладзёна вядуць у РУУС, складаюць пратакол пра дробнае хуліганства. Але хлопчык «навучаны» — робіць заяву, што падчас «акцыі» ў яго згубіўся мабільнік. «Пацярпелы» падазрае ахову Мілінкевіча. Міліцыя абяцае разабрацца. Хлопец наўрад ці мог проста так «сутыкнуцца» зь Мілінкевічам на вуліцы. Атрымлівае пацьверджаньне вэрсія пра сувязі беларускай НБП з гэбістамі.

Мілінкевіч працягвае сустрэчу. Кабета гадоў 60-ці кажа: «Працы няма ў горадзе. Проста так не бяруць, а як з далярамі да кіраўніцтва прыйдзеш, дык тады бяруць». Побач больш маладая жанчына дадае: «Вы на «Купалінку» схадзіце. Там нас у прымусовы адпачынак зараз адпраўляюць на два тыдні. І ўвесь час дзесяць дзён працуем, дзесяць — не. А ў мяне муж памёр, дваіх дзяцей выхоўваю. І яны не спытаюць, ці я зарабіла, ім есьці трэба. А мы душымся з нормамі, я 115 адсоткаў ад пляну выканала, 200 тысяч атрымала. А ў наступным месяцы меней будзе. Сказалі, мо ўвогуле заробак майкамі выдадуць. І што мне рабіць зь імі? Есьці іх, ці што?»

Увечары Мілінкевіч сустракаецца на кватэрах з актывістамі. П’ецца гарбата, людзі выліваюць душу. Мілінкевіч абяцае, што ад пачатку наступнага году будзе выходзіць штотыднёвая газэта дэмакратычных сілаў накладам пад паўмільёна асобнікаў. Пытаньнем будзе распаўсюд.

Мілінкевіч хоча наведаць усё

Што ніякай дэмакратыі няма, ясна ад пачатку. Дазволаў на сустрэчы не даюць, людзей загадзя заляхваюць. Цяжка прабіваць сьцяну страху. Тыя людзі, што спыняюцца для размовы, ціснуцца да сьценаў. Гэбісцкія апэратары ходзяць блізка і здымаюць людзей. Робіцца гэта дзеля таго, каб зьбянтэжыць, напалохаць. У такіх умовах немагчыма нармальна размаўляць!

У Полацку тры машыны Мілінкевіча затрымалі на 40 хвілінаў «па падазрэньні, што яны ў вышуку». Ёсьць інфармацыя, што кіраўніцтва Рады бясьпекі і КДБ абмяркоўвала пытаньне, якім чынам зусім не дапускаць адзінага кандыдата да сустрэчаў з выбарцамі.

Тым ня менш, Мілінкевіч абяцае: «Будзем езьдзіць, езьдзіць і езьдзіць». У Беларусі 118 раёнаў. Мілінкевіч хоча праехаць усе. Палову — да Новага году. У сераду ён быў у Полацку й Наваполацку. Сёньня ён у вёсках Меншчыны. Пасьля гэтага будзе паўза, каб прааналізаваць досьвед першых выправаў.

Новага лідэра дэмакратычных сілаў суправаджае ягоны прэс-сакратар, былы палітвязень Павал Мажэйка, некалькі актывістаў штабу, ахоўнікі — тыя ж грамадзкія актывісты.

Паездкі слаба арганізаваныя. Фармальна яны лічацца падрыхтаванымі мясцовымі актывістамі, але фактычна адбываюцца спантанна. Мілінкевіч выцягвае сустрэчы сам. Здавалася б, чаму б разам зь ім ня езьдзіць іншым палітыкам кааліцыі? Як калісьці ў 1994-м разам з Лукашэнкам езьдзіў гарачы прамоўца Кучынскі. Толькі ў Полацку — нарэшце — далучыўся Сяргей Калякін.

Але ўсе гэтыя нараканьні разьбіваюцца ў пытаньне, на якое няма адказу: як арганізаваць лепш, калі ўсё забаронена? Калі ты б’есься па правілах боксу, а праціўнік — муай-таю?

Урэшце, усё выходзіць на вялікі канцавы пытальнік: як перамагчы на выбарах, якіх не чакаецца? Адзінага могуць папросту не дапусьціць да ўдзелу. Не зарэгістраваць кандыдатам. Можа быць і горшае. Мілінкевіч лічыць, што пакуль галоўнае — упартасьць: «Хай не спадзяюцца. Я ўсё роўна буду езьдзіць і сустракацца зь людзьмі. Будзем зубамі грызьці, але людзей, што нам паверылі, не расчаруем. А за быдла палічаць — пойдзем на вуліцы». Тут зь ім не паспрачаесься: вуліца — адзіны аргумэнт прыхільнікаў пераменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0