25.11.2005 / 13:00

Карымаў паўторыць лёс Панятоўскага

Каляровыя рэвалюцыі адасабляюць рэспублікі былога Саюзу ад Расеі, саюзныя дамовы, наадварот, зацягваюць у кола інтарэсаў Масквы. У мінулы панядзелак зьявіўся новы братэрскі саюз — цяпер Расеі з Узбэкістанам.

Саюзная дамова пазбаўляе ўзбэцкі рэжым ад хваляваньняў, што паўсталі як у самой краіне, так і за яе межамі. Замест амэрыканскіх войскаў ва Ўзбэкістан уедуць расейскія танкі, па краіне будуць створаны расейскія вайсковыя базы. Згодна з падпісанай дамовай, гэтыя войскі павінны бараніць рэжым Карымава, калі над тым навісьне пагроза. Ну амаль як за часамі Рэчы Паспалітай.

Пасьля падпісаньня дамовы У.Пуцін сказаў, што дакумэнт «выводзіць нашы краіны на прынцыпова новую якасьць і максымальна блізкую ступень узаемадзеяньня». Узаемадзеяньня з краінай, якую лічаць ізгоем ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Эўразьвяз ужо прыняў пастанову аб забароне паставак зброі ва Ўзбэкістан.

Дзякуючы травеньскім падзеям у Андыжане Расея захавала ўплыў у Цэнтральнай Азіі. Аднак, як мяркуюць расейскія аналітыкі, цяпер Расея можа быць уцягнута ў задушэньне народных паўстаньняў на абшарах Узбэкістану. Што з гэтага стаецца, ведае беларуская гісторыя. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ Моцны, змагаючыся з апанэнтамі, дазволіў разьмясьціцца на тэрыторыі краіны расейскаму войску.

«Прысутнасьць расейскага войска будзе стабілізуючым фактарам, які зьмякчыць унутранае напружаньне, што існуе ва Ўзбэкістане», — лічыць чалец камітэту Дзярждумы па сувязях з СНД Канстанцін Затулін. Як, калі амэрыканская прысутнасьць такога зьмякчэньня прынесьці ня здолела?

Для ўсяго сьвету робіцца зразумелай пазыцыя Масквы, што дасюль падтрымлівае рэжым у нашай краіне, а цяпер, карыстаючыся выпадкам, падстаўляе плячо, а мо ставіць нагу і на ўзбэцкага тырана.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру