25.11.2005 / 13:00

Польскія газэты выйшлі з чорнымі плямамі

Сёньня вядучыя польскія газэты выйшлі з чорнымі плямямі, каб зьвярнуць увагу на здушэньне свабоды слова ў Беларусі.

23 лістапада польскія журналісты правялі акцыю «Свабода слова ў Беларусі», якую падрыхтавала арганізацыя «Міжнародная амністыя». У акцыі ўзялі ўдзел вядомыя польскія выданьні «Жэчпасполіта», «Газэта выборча», радыё RMF, парталы «Gazeta.pl» i «Onet.pl».

«Амністыя» разьвесіла па польскіх гарадах 30 тысяч плякатаў грамадзкіх дзеячаў, прадпрымальнікаў і журналістаў, якія пацярпелі ў Беларусі, — Аляксандрам Васільевым, Міколам Маркевічам, Анжалікаю Борыс, Анджэем Пісальнікам і Андрэем Пачобутам. Плякаты прымацоўваліся да дрэў і слупоў шэрай стужкаю, якая заклейвала рот гэтым людзям.

«Газэта выборча» выпусьціла макет першай старонкі нумару за вераду, быццам ён вычытаны беларускай цэнзураю. Да газэты была далучана паштоўка на імя Лукашэнкі з адрасам беларускага пасольства ў Польшчы. Любы чытач можа даслаць яе беларускаму прэзыдэнту, пратэстуючы супраць рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх СМІ. Раздрукаваць паштоўку можна з сайту www.am-nesty.org.pl.

У Польшчы апошнім часам пішуць пра Беларусь амаль штодзённа. У знак салідарнасьці палякі няспынна прымаюць беларускіх рокераў з канцэртамі, пісьменьнікаў — з выступамі, артыстаў — з выставамі. Студэнты, выключаныя з ВНУ Беларусі, маюць магчымасьць вучыцца ў Польшчы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру