25.11.2005 / 13:00

Хроніка

Аўтуховіч прагаладаў 40 дзён

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч працягвае галадоўку ў гарадзенскай турме (на фота). У Ваўкавыску да галадоўшчыкаў, салідарных з Аўтуховічам, 16 лістапада далучыўся прадпрымальнік Анатоль Дзешка, 19-га — кіроўца Зьміцер Лінкевіч. Агулам у падтрымку Аўтуховіча галадаюць ужо сямёра чалавек.

Ля польскай мяжы

Намесьніку старшыні СПБ Юзафу Пажэцкаму 14 лістапада анулявалі дазвольны штамп у пашпарце. Намесьніку старшыні СПБ Веславу Кеўляку зрабілі тое самае 18 лістапада.

Анжаліку Борыс 16 лістапада трымалі на допыце некалькі гадзін. На паўторным допыце 17 лістапада яе вінавацілі ў няслушным выкарыстаньні спонсарскай дапамогі на настаўніцкай канфэрэнцыі 27 лістапада 2004 г. Але Саюзам палякаў тады кіраваў Т.Кручкоўскі.

Рэдактар часопісу «Magazyn Polski» Андрэй Пачобут 17 лістапада прыехаў у Польшчу, хаця дазвольны штамп у яго пашпарце скасаваны. Журналіст дабіраўся праз Украіну. У Польшчы ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Казімежам Марцінкевічам. Пры вяртаньні ў Беларусь 19 лістапада на беларускай мяжы пашпарт у яго адабралі. Разам з Пачобутам затрымалі Мечыслава Яскевіча, але неўзабаве выпусьцілі.

У Баранавічах

Напярэдадні прыезду Алеся Мілінкевіча ў Баранавічы старшыню філіі незарэгістраванага «Маладога фронту», студэнта БарДУ Сержука Марчыка выклікалі ў дэканат: кіраўніцтва ўнівэрсытэту распытвала хлопца пра распаўсюд недзяржаўных выданьняў ды пагражала складанасьцямі ў вучобе ды праблемамі ў бацькоў на працы.

У Бабруйску шукаюць вінаватых

Лідэраў бабруйскай філіі «МФ» Валера Мацкевіча і Харытона Бондара 12 лістапада выклікалі на допыт у пракуратуру: сьледчыя шукаюць, хто 7 лістапада абліў помнікі Леніну аранжавай фарбай.

Леванеўскі галадае

Палітвязень Валер Леванеўскі 13 лістапада абвясьціў галадоўку: яму забараняюць сустракацца са сваякамі, забралі асабістую перапіску. Леванеўскі таксама патрабуе адхіліць ад працы намесьніка начальніка Івацэвіцкай калёніі па рэжымна-апэратыўнай рабоце Кармановіча, які цяпер часова выконвае абавязкі начальніка калёніі.

У Віцебску

Старшыню беларускай філіі міжнароднай арганізацыі «Amnesty International» Вячаслава Бортніка затрымалі на вакзале ў Віцебску 13 лістапада: у яго канфіскавалі даклады й матэрыялы гэтай праваабарончай арганізацыі.

У Сьветлагорску: два допыты за дзень

Актывіста ТБМ са Сьветлагорску Вадзіма Богдана 15 лістапада выклікалі ў міліцыю для паказаньняў па матэрыялах ператрусу міліцыянтамі ягонай кватэры. Падчас запісу паказаньняў сьледчы сказаў, што будзе яшчэ адзін ператрус — «для пошуку самагону». Правесьці ператрус міліцыянтам перашкодзіла прысутнасьць прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў.

Па абедзе хлопца паўторна выклікалі ў міліцыю: яго зьвінавацілі ў перавозе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі (бюлетэнь «16»).

У Віцебску прарвала трубу

Адміністрацыя Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 16 лістапада адмяніла круглы стол «Моладзевая палітыка ў Рэспубліцы Беларусі», ініцыяваны моладзевым цэнтрам «Спадчына». Афіцыйная прычына адмовы — «прарвала трубу».

Мацюкі ў Гомелі

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Паўла Мадшару й Руслану Глазкову 15 лістапада затрымалі ў Гомелі напярэдадні Дня салідарнасьці. Пры затрыманьні міліцыянты, па словах зуброўцаў, мацюкаліся й абражалі затрыманых.

Суды «Народнай волі»

Менскі гарадзкі гаспадарчы суд 17 лістапада пастанавіў, што газэта «Народная воля» мае права друкавацца ў друкарні «Чырвоная зорка». Аднак пазовы выданьня да «Менгарсаюздруку», «Менскаблсаюздруку» й «Белсаюздруку» наконт распаўсюджваньня газэты не задаволены. Дырэктар РУП «Белсаюздрук» Міхаіл Падгайны заявіў, што падпісваў дадатковае пагадненьне з газэтай, якое дазваляла скасаваць дамову ў аднабаковым парадку, калі парушаецца заканадаўства аб друку. «Народная воля» пра такое пагадненьне пачула толькі ў судзе.

Масавыя затрыманьні ў Магілёве

У Магілёве перад прыездам Лукашэнкі 17 лістапада міліцыянты затрымалі каля 30 актывістаў «Зубра». Затрымлівалі ўсіх, хто хаця б раз праходзіў па адміністрацыйных справах. Валадара Цурпанава забралі з уласнай кватэры ў РАУС «для прафіляктычнай размовы». Яго прадстаўніку Барысу Бухелю не дазволілі прысутнічаць на размове. Праз адпушчаныя законам тры гадзіны Цурпанава не адпусьцілі, а сталі дапытваць «у якасьці сьведкі». З уласнай кватэры забралі Ўлада Жэнеску. Машыну Андрэя Палуды, які ехаў зь Яўгенам Суворавым, затрымалі ўвечары 16 лістапада: «зуброўцаў» абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Самі хлопцы сьцьвярджаюць, што інспэктар спыніў машыну, калі ўбачыў на заднім шкле налепку з выявай «Пагоні».

Улада ня слухае РЭП

Міністэрства юстыцыі 17 лістапада адтэрмінавала рэгістрацыю зьменаў і дапаўненьняў у статут Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Новая рэдакцыя статуту была прынятая ў верасьні на VII зьезьдзе арганізацыі, але Мін’юст вырашыў дадаткова праверыць правамоцнасьць зьезду: хаця прадстаўнікоў міністэрства афіцыйна запрашалі, удзелу ў сходзе яны ня бралі.

Барысаўскі гарвыканкам 17 лістапада адмовіўся рэгістраваць структуры прафсаюзу РЭП на ААТ «Барысаўскае прадпрыемства музычных інструмэнтаў».

Наступ на газэты

Міністэрства інфармацыі пазбавіла рэгістрацыі недзяржаўную газэту «Молодежный проспект». Падстава — два прыпыненьні цягам году, пасьля чаго газэта не прайшла перарэгістрацыі. Пра другое прыпыненьне ў верасьні заснавальнік газэты Ўладзімер Навасяд даведаўся толькі цяпер.

Раённы вузел паштовай сувязі 18 лістапада паведаміў недзяржаўнай газэце «Борисовские новости», што ня будзе падпісваць дамову на распаўсюд на першае паўгодзьдзе 2006 г.

Рэдакцыя недзяржаўнай газэты «Навінкі» 18 лістапада абвясьціла, што мае судзіцца зь Міністэрствам інфармацыі, бо атрымала паведамленьне пра ануляваньне рэгістрацыі. Рэдакцыя лічыць скасаваньне неправамерным, бо не прайшоў яшчэ адзін год з часу выхаду апошняга нумару газэты.

Лябедзьку ўсё надглядаюць

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» лідэра АГП Анатоля Лябедзьку затрымалі на некалькі гадзін для асабістага надгляду: адпусьціўшы толькі апоўначы.

21 лістапада яго выклікалі ў пракуратуру: сьледчых цікавіў матэрыял аб пракуратуры, разьмешчаны на сайце www.ucpb.org 2 лістапада.

Папярэджаньне «Ветразю»

Моладзевае ГА «Ветразь» са Слоніму атрымала 21 лістапада папярэджаньне ад упраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму. Арганізацыі закідаюць адсутнасьць дакумэнту, які б сьведчыў пра наяўнасьць юрадрасу, незарэгістраваную сымболіку й недакладную дакумэнтацыю 2000—2004 г.

Штраф за распаўсюджваньне

Марыю Багдановіч у Гомелі 21 лістапада аштрафавалі на сем базавых велічыняў (203 тыс.) за распаўсюд газэты «Товарищ».

АШ

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру