25.11.2005 / 13:00

Засакрэчаныя сацыёлягі пайшлі на прыпіскі?

Выступаючы днямі ў Магілёве, афіцыйны лідэр даў зразумець: электаральная перамога ў яго ў кішэні. Прычым запэўніў не галаслоўна, а са спасылкай на нейкае закрытае апытаньне. Згодна зь ім, Лукашэнку падтрымліваюць болей за 90% вяскоўцаў, 84% жыхароў райцэнтраў і 67% менчукоў (са сталічнае публікі яшчэ выбіваць ды выбіваць крамольны дух!).

Дарэчы, цікава, чаму ўлада, якая скрозь падкрэсьлівае сваю народнасьць, ладзіць нейкія сакрэтныя дасьледаваньні грамадзкае думкі, пра вынікі якіх інфармуе народ фрагмэнтарна?

Карэспандэнт радыё «Свабода» зрабіў бліскучы журналісцкі ход: патэлефанаваў у тыя нешматлікія сацыялягічныя структуры, што зазвычай робяць апытаньні на замову ўладных вярхоў, — і ўсюды ад аўтарства таямнічага дасьледаваньня адхрысьціліся!

Слухайце, мо тыя засакрэчаныя сацыёлягі, каб дагадзіць высокаму начальству, проста пайшлі на прыпіскі?

Усе ж чулі ды бачылі, як кіраўнік дзяржавы чыхвосьціў шклоўскую вэртыкаль падчас нядаўняга ваяжу ў родныя мясьціны. Напярэдадні дзяржкантроль высьветліў, што там квітнее жахлівае ашуканства дзеля прыгожых паказчыкаў. Прыкладам, долю стратных гаспадарак зьменшылі, зьліўшы між сабой ляжачыя калгасы.

Увогуле варта аддаць належнае: калі афіцыйны кіраўнік пачынае шукаць вінаватых, то іншым разам выкрывае ўласнаручна створаную сыстэму болей хвостка, чым ягоныя заклятыя ворагі. І высьвятляецца, што за фасадам беларускай мадэлі квітнеюць паказуха, п’янства ды бюракратычнае свавольства.

Не жартачкі вам, калі на 12-м годзе кіраваньня народны прэзыдэнт, схамянуўшыся, мусіць ратаваць простага чалавека ад паўсюднага чыноўніцкага гвалту: гучна абвешчаная кампанія «дэбюракратызацыі»!

Але калі гэтая кампанія найперш прапагандысцкая, то іншая — у справе зьнішчэньня незалежнай сацыялёгіі — абяцае даць несумнеўны эфэкт.

Увесну Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў выціснулі за мяжу, у Вільню. Але ўсё адно пад ягонай эгідай у верасьні было зладжанае чарговае нацыянальнае апытаньне. Дарэчы, яно — і гэта паказчык сумленнасьці навукоўцаў — зафіксавала рост Лукашэнкавага рэйтынгу да 47,3%. Але ж усё адно лічба вельмі далёкая ад тых, што агучвае сам кіраўнік дзяржавы.

Дык вось зараз параўноўваць ня будзе з чым. Пастанова Савету міністраў, якая ўвяла акрэдытацыю сацыялягічных структураў, дазваляе лёгка адсекчы непажаданых гульцоў.

НІСЭПД, пэўна, будзе адсечаны. Бо летась менавіта ягонае апытаньне наконт вынікаў рэфэрэндуму дало лічбы, якія пэўна ж былі не пад нос кіроўным вярхам. А менавіта — што толькі блізу 49% электарату прагаласавала за тое, каб дзейны прэзыдэнт мог балятавацца колькі заўгодна (паводле Цэнтаравыбаркаму, нагадаю, было 79,42%).

Скасаваньне незалежнай сацыялёгіі, асабліва разам з вынішчэньнем рэшткаў недзяржаўнай прэсы, яшчэ тужэй закручвае так званую сьпіраль маўчаньня (калі апанэнты ўлады тояцца, мяркуючы, што іх надта мала).

Улада і так настолькі ўжо адвучыла людзей ад вольнага слова, што, як засьведчыла тое самае апытаньне НІСЭПД, давер да незалежных мэдыяў ніжэйшы, чым да дзяржаўных (38,5% супраць 55,3%). Так што ходкая апазыцыйная тэза, нібыта беларусы масава пакутуюць ад недахопу альтэрнатыўнай інфармацыі, патрабуе крытычнага асэнсаваньня.

Можна шмат разважаць аб прычынах, але факт тое, што многія на дзіва ахвотна, як колісь публіка на сэансах Кашпіроўскага, трапляюць у салодкі палон — гэтым разам прапагандысцкага замбаваньня.

Вось аналітыкі звыкла разважаюць пра настальгію старэйшага пакаленьня па савецкай міталёгіі. Але нядаўна я жахнуўся, усьвядоміўшы, што цэлае пакаленьне вырасла ўжо на мітах эпохі першага прэзыдэнта.

Для тых юнакоў і дзяўчат, што слухалі яго падчас нядаўняга выступу ў Магілеўскім унівэрсытэце, пачатак 1990-х — гэта ўжо, лічы, сівая даўніна. І яны цалкам могуць прыняць за чыстую манэту дэманізаваны вобраз апазыцыі, якая, нібыта дарваўшыся тады да ўлады, усё разматлашыла ды прапіла, а этнічных расейцаў пасадзіла на валізкі.

Гэтым разам магілеўскія студэнты даведаліся, у прыватнасьці, што да прэзыдэнцкай эры вузкалобыя нацыяналісты зруйнавалі сыстэму адукацыі. І што злачынныя навацыі рабіліся няйначай як на замову імпэрыялістаў.

Між тым добра памятаю, што на пачатку 1990-х міністрам адукацыі быў мой колішні сусед па паверсе Віктар Гайсёнак. Ні тады, ні цяпер гэты дасьведчаны і дысцыплінаваны чыноўнік аніякай дэструктыўнай дзейнасьцю далібог не займаўся. І зусім не падобны на агента імпэрыялізму. Іначай — пры гэтакім кадравым рэнтгене! — наўрад ці працаваў бы зараз намесьнікам кіраўніка замежнапалітычнага ведамства.

Але адкуль пра такія акалічнасьці ведаць моладзі? На апошнім зьездзе БРСМ адна звонкагалосая дзяўчына, як падалося, зусім шчыра клеймавала кіраўнічыя захады «пана Шушкевіча ды ягоных міністраў» (прытым што міністрамі тады камандаваў Шушкевічаў антыпод Кебіч).

У інфармацыйным вакуўме нават сярод моладзі паглыбляецца той самы сон розуму, што спараджае пачвараў.

Між тым што да глушэньня непажаданай інфармацыі, дык рэжым выяўляе зайздросны спрыт. Паглядзеце, напрыклад, як фільтруецца зьмесьціва расейскіх тэлеканалаў, дакладней, створаных на іх грунце гібрыдаў (дарэчы, ці не адзіны прыклад рэальнай інтэграцыі, толькі аднабаковай!).

А раптам спраўдзяцца чуткі, нібыта Менск купіў ці маецца купіць у Кітаю абсталяваньне дзеля фільтрацыі інтэрнэт-трафіку? Зрэшты, са слоў студэнтаў, у шэрагу ВНУ такое сіта ўжо працуе: да апазыцыйных сайтаў доступу няма.

Карацей, надзея застаецца адно што на моманты ісьціны ад афіцыйнага лідэра. Калі ён лупцуе кадры, дык тэлевізійная публіка, звыклая да пераможных рэляцыяў, міжволі даведваецца пра шокавыя рэчы. Напрыклад, што кантралёры, праверыўшы сем гаспадарак Шклоўшчыны, у шасьці выявілі прыпіскі! Тамтэйшае начальства «намалявала» болей за 3,5 тысячы тон збожжа, 200 тон бульбы, 30 тон малака, болей за тысячу тон зялёных кармоў...

І калі гэтая выбарка, кажучы мовай сацыялёгіі, рэпрэзэнтацыйная, то ўявіце сабе памеры ашуканства ў маштабе краіны!

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру