25.11.2005 / 13:00

«Сьцяна»: Можна быць лепшым!

Берасьцейскі гурт «Сьцяна» зь песьняй «Можна быць» чатыры тыдні запар трымаў першае месца на «Тузіне гітоў». Лідэр гурту Андрэй Клімус расказвае пра песьню: «Твор — пра неабмежаванасьць магчымасьцяў і шляхоў самаўдасканаленьня: мы можам быць большымі, чым ёсьць, калі жывём пошукам новага і незвычайнага».

На «Можна быць» «Сьцяна» зьняла відэакліп — такім чынам гурт выкарыстаў узнагароду за другое месца на фэсьце «Генэралы айчыннага року». Хлопцы аднесьлі кліп на «Першы музычны», там яго адмовіліся браць у ратацыю, палічыўшы «бессэнсоўнай нарэзкай кадраў». «А мы там папросту стварылі эфэкт старой кінастужкі», — кажа А.Клімус.

«Сьцяна» мае пакуль толькі адзін альбом, выдадзены ў 2001 г., і зьбіраецца запісваць новы дыск. Канцэртаў у Польшчы толькі за гэтае лета ў «Сьцяны» было болей, чым менскіх за ўсе шэсьць гадоў існаваньня.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру