«Белпошта» адмовіла ў распаўсюдзе «Нашай Ніве» — найстарэйшай беларускай газэце, а таксама больш як дзясятку мясцовых, пераважна беларускамоўных, выданьняў.

«Апроч штотыднёвіка «Наша Ніва», з каталёгаў «Белпошты» была выключана таксама адзіная апазыцыйная штодзённая газэта «Народная воля» з 30-тысячным накладам, а таксама некалькі рэгіянальных газэт. Неўзабаве такі лёс, магчыма, чакае іншыя незалежныя выданьні, — гаворыць «Газэце выборчай» Вольга Бабак зь Беларускай асацыяцыі журналістаў. І дадае: — У большасьці гэта газэты беларускамоўныя. І хоць пісалі яны пераважна на мясцовую тэматыку, але ж былі незалежныя ад дзяржавы».

Для інтэлігенцыі асаблівай газэтай-сымбалем зьяўляецца «Наша Ніва». Яе можна параўнаць з польскім «Тыгоднікам паўшэхным».

Тыя дзясятак зь лішкам газэт, выключаных з паштовага каталёгу, могуць пакуль што прадавацца ў кіёсках, але ніхто ня ведае, як доўга гэта будзе магчыма.

Іншыя апазыцыйныя газэты былі яшчэ раней ліквідаваны пастановамі судоў рэжыму ці штрафамі падатковых органаў. Сёньня сярод недзяржўных СМІ пераважаюць выданьні з парадамі аб здароўі, сканвордамі ды анэкдотамі. А дзяржаўныя газэты перапоўнены прапагандай у савецкім стылі: «Сустрэча прэзыдэнта са студэнтамі — гэта працяг непасрэднага дыялёгу кіраўніцтва дзяржавы з моладзьдзю». Пісала агенцтва БелТА пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі ў Магілёве.

Рэжыму перашкаджаюць нават студэнцкія выданьні, такія, як часопіс «Студэнцкая думка». Некалькі дзён таму міліцыянэры і кадэбісты канфіскавалі нумары, якія ляжалі ў інтэрнэт-кавярнях у цэнтры Менску.

«У Беларусі незалежныя СМІ дагэтуль мелі адносны спакой, калі ня надта крытыкавалі ўлады. Цяпер ім адмаўляюць у праве на існаваньне толькі за тое, што яны незалежныя. Думаю, гэта пераломны момант. Аўтарытарызм ператвараецца ў таталітарызм», — гаворыць «Газэце выборчай» галоўны рэдактар «Нашай Нівы».

Скарочана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0