Развіццё горада, з’яўленне новых станцый метро — справа, безумоўна, добрая. Аднак будаўніцтва новых вуліц ці станцый заўсёды закране інтарэсы тых грамадзянаў, якія мусяць змяніць сваё месца жыхарства. Адзін з прыкладаў — дом на вуліцы Уманскай, вядомы як «дом з плакатамі».

Відэажурналісткі Нашай Нівы наведалі гарадскую легенду. Звонку дом Аляксея Васкабовіча, заслужанага трэнера па лёгкай атлетыцы, усім сваім выглядам нібы кажа: вось-вось знясуць. А ўнутры шчэ засталіся парэшткі былой раскошы. Ламінат, кафля на кухні і ў ванным пакоі, цікавае дызайнерскае рашэнне другога паверху. Таксама пабывалі ў адной з кватэраў, што ўлады прапануюць Васкабовічу ў якасці кампенсацыі.

Уладальнік знакамітага «дома з плакатамі» працягвае барацьбу. Чаму дагэтуль не вырашыўся канфлікт з перасяленнем — глядзіце на відэа:

У дом на Уманскай сям’я Васкабовічаў – Аляксей, жонка і два сыны – пераехалі ў 1996 годзе. Да гэтага жылі ў трохпакаёўцы. У тыя часы Аляксей, трэнер па лёгкай атлетыцы, часта бываў у замежных камандзіроўках, няблага зарабляў.

“Лішні куфаль піва за мяжой не піў”, – узгадвае Аляксей, усё ашчаджаў на дом.

Летам 2000-га моцным ветрам паламала дах. Давялося рамантаваць. А заадно Аляксей вырашыў нарэшце пачаць рэканструкцыю другога паверха. Вось толькі рабіў гэта без дазволу мясцовых уладаў. За што потым сплаціў штраф. Абпекшыся на “малацэ”, гаспадар склаў восенню таго ж 2000-га года ўсю неабходную дакументацыю і занёс у райвыканкам.

Тагачасны архітэктар Адміністрацыі Маскоўскага раёна В.Васільеў свой “узгаднямс” на праекце рэканструкцыі паставіў. Але побач з подпісам архітэктара – прыпіска ад рукі: “для разгляду ў Камітэце артхітэктуры Мінгарвыканкама” (гл.фота).

Праект дома ўзгадніў раённы архітэктар, але з прыпіскай.

Праект дома ўзгадніў раённы архітэктар, але з прыпіскай.

Адмова Адміністрацыі Маскоўскага раёна прызнаваць мансарду.

Адмова Адміністрацыі Маскоўскага раёна прызнаваць мансарду.

Аляксей Васкабовіч.

Аляксей Васкабовіч.

Гаспадар зняў плакаты, але захаваў "на чорны дзень".

Гаспадар зняў плакаты, але захаваў "на чорны дзень".

Від з вакна двухпакаёкі на пр.Праўды.

Від з вакна двухпакаёкі на пр.Праўды.

Ванны пакой - стандарты: голыя сцены.

Ванны пакой - стандарты: голыя сцены.

Горад не даў дабра на рэканструкцыю. Ужо тады вуліца Уманскай была ў так званых “чырвоных лініях”. Натуральна, павелічэнне плошчы дома пасля рамонту азначала б большую кампенсацыю пры зносе.

Васкабовіч з такім рашэннем не згодны. Начытаўшыся законаў, ён даводзіць, што подпіс архітэктара раёна легалізаваў яго права на другі паверх. А дазвол Мінгарвыканкама быў непатрэбны. Да таго ж, план рэканструкцыі горада, паводле якога яго дом трапляў у “чырвоныя лініі”, зацвердзілі толькі ў 2003 годзе. А значыць, трыма гадамі раней не маглі спасылацца на план, якога не было.

Аляксей распавёў нам і пра іншыя юрыдычныя тонкасці.

Апроч гэтага, Аляксея абурае, што побач з яго домам дазволілі новае будаўніцтва. Як так: сусед будуе новы дом, а яму свой да ладу не даюць давесці…

Сваё абурэнне Васкабовіч неаднаразова выказваў у пісьмах да пракуратуры. Заклікаў праверыць, ці няма ў дзеяннях Мінгарвыканкама карупцыйнага складніка. Пракуратура пераслала яго ліст таму, на каго ён скардзіўся.

Час ішоў, сыны Аляксея жаніліся, з’явіліся ўнукі. Васкабовіч дарабіў другі паверх. Пасля гэтага рэальная плошча дома павялічылася да 305 квадратных метраў. Але “афіцыйная” засталася ранейшай: 208 квадратаў.

Васкабовіч абскарджваў адмову ўладаў прызнаць другі паверх. Суд стаў на бок Адміністрацыі. То бок, фактычна другі паверх прызналі “самаволкай” з усімі наступствамі (без права кампенсацыі пры зносе).

Зімой 2009-га тром сем’ям Васкабовічаў (Аляксей з жонкай і сыны з жонкамі і дзецьмі), разам 9 чалавек, прапанавалі ў якасці кампенсацыі за дом дзве кватэры на ўскрайку горада.

Васкабовічы пайшлі на адчайны піяр ход: вывесілі плакаты, прыцягнулі прэсу. Пісалі і праваабаронцам з Беларускага Хельсінкскага камітэта, і Лукашэнку.

І вось сёлета жыхары Малінаўкі і Паўднёвага Захаду, якія штодня праязджалі ля “доміка з плакатамі” на 53-м траліку, заўважылі “прапажу” плакатаў. “Нарэшце разабраліся!” -- падумаў горад.

Сапраўды, пасля трох гадоў супрацьстаяння і бясконцых паходаў па кабінетах, бакі як быццам бы знайшлі паразуменне. Васкабовіч зняў плакаты, а адміністрацыя раёна ў сваю чаргу паабяцала яму ў якасці кампенсацыі тры кватэры.

Але ж на справе апынулася не ўсё так гладка. Васкабовіч сцвярджае, што была дамоўленасць наконт 4-, 3- і 2-х-пакаёвых кватэраў агульнай плошчай 260 метраў квадратных. А далі 4-пакаёўку і дзве “двушкі”, плошча якіх на 30 метраў меншая за дамоўленую. Калі перавесці метры ў баксы, вынікае, што недадалі каля 40 тысяч “умоўных”.

І Васкабовіч зноў пайшоў у наступ. Хто ж ад свайго адмовіцца? Маўляў, не захацелі па-добраму даваць 260 квадратаў, буду судзіцца, каб прызналі другі паверх. А тады будзеце вінныя ўсе 305 метраў. Такая вось матэматыка з эканомікай.

У Адміністрацыі Маскоўскага раёна нам не пацвердзілі, што была нейкая дамоўленасць наконт 260 метраў.

Андрэй Суслянкоў, намеснік старшыні, падкрэсліў, што кампенсацыя даецца, зыходзячы з афіцыйна зарэгістраванай плошчы дома, а таксама некаторых іншых нюансаў, прапісаных у заканадаўстве. А другі паверх у Васкабовіча – гэта самаволка. Значыць, прапанаваныя Васкабовічу кватэры – цалкам адэкватны варыянт кампенсацыі.

Гэта пацвярджае і начальніца юрыдычнага аддзела Наталля Чараховіч. У яе кабінеце мы пабачылі ажно тры таўшчэзныя тэчкі з тэгам “Васкабовіч”.

Мы наведалі адну з прапанаваных горадам кватэраў. Гэта двухпакаёўка ў новым доме на праспекце Газеты “Праўда” (адна з трох “высотак” ля Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, ІВВ).

Блізка метро, і на выгляд дом падаецца элітным. Сапраўды, прасторны хол на першым паверсе, кансьержка. Усё астатняе мала чым розніцца ад большасці сацыяльных новабудоўляў. Дагэтуль не прыбранае будаўнічае смецце ў калідоры, абы-як прыбітыя панэлькі над ліфтам. Унутранае афармленне таксама тыповае. Падлога – лінолеум. Кафлі ў ванне і на кухні няма (гл. фота).

Іншы на месцы Васкабовіча даўно б ужо пагадзіўся. Маўляў, у людзей і горш бывае. З іншага боку, цалкам натуральнае жаданне мужчыны, які столькі год змагаецца за дом, дабівацца таго, што ён лічыць законным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?