Намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў напісаў скаргі ў пракуратуру, КДБ, гарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Мікалая Міхаленю. Барысаў абураны правядзеннем у абласным цэнтры «Славянскага марша». Актывіст хоча атрымаць адказ, на якой падставе гарадскімі ўладамі было дазволена «антыканстытуцыйнае мерапрыемства прарасійскіх правых радыкалаў, якія не прызнаюць незалежнасць Беларусі».

«Дзе такое бачылі, каб па Магілёве хадзіла калона падлеткаў і крычала «Слава Расіі!» і «Рускіе, вперёд!»

— прыводзіць словы Барысава сайт spring96.org. Варта адзначыць, што шэсці беларускай апазіцыі ў Магілёве не дазваляюць ні ў якім выглядзе. А вось расійскім шавіністам — калі ласка.

Абураюцца і самі ўдзельнікі акцыі. На сайце расійскі правых «Верный народ» з’явіўся водгук на мерапрыемства. Іван Шылаў у немасавасці марша папракае ўлады. Маўляў, спачатку шэраг адмоў у яго правядзенні адсунулі марш на больш позні (і халодны) час. У дадатак бедная, літаральна, моладзь з рэгіёнаў не мела за што купіць білеты да Магілёва і назад. А старэйшае пакаленне мо і жадала прысутнічаць, але пабаялася, што страцяць працу нават праз такую актыўнасць.

А «самым брудным прыёмам уладаў з’явілася забарона на выкарыстанне агульнаславянскай гістарычнай народнай сімволікі — чорна-жоўта-белага сцяга». На думку аўтара, без гэтай сімволікі марш «стаў падобным да акцыі падазроных нефармалаў з сумнеўнымі мэтамі».

«Пасля таго, як гэты магілёўскі брудны сцэнар закулісных рэжысёраў адбыўся, справу давяршылі беларускія дзяржаўныя, семіцкія і апазіцыйныя СМІ, якія дружна і адзінадушна шчэрылі зубы, высмейваючы бездапаможнасць параненага льва, беспакарана лаючы і зневажаючы найлепшых прадстаўнікоў беларускай моладзі — радыкаламі, нацыстамі і фашыстамі».

У дыскусію з правымі на сайце «Свабодны фармат» уступіў Алесь Лянеўскі.

«Руска-«правым» не падабаюцца словы «радыкалы, нацысты, фашысты». Але пры гэтым у назове іх рэсурса прысутнічае лічба «14», што значыць у белых нацы «We must secure the existence of our people and a future for white children» —

«Мы мусім абараніць самое існаванне нашага народа і будучыню для белых дзяцей».

Слоган прыдуманы Дэвідам Лэйнам, чальцом арганізацыі белых сепаратыстаў The Order».

Лянеўскі вырашыў пацікавіцца, што за асоба заяўніка марша, Дзмітрыя Дзянісенкі. І апісаў гісторыю, як год таму магілёвец ужо спрабаваў правесці «Славянскі марш» у Гомелі, толькі несанкцыянавана.

У праанансаванае ў інтэрнэце для збораў месца прыйшлі два анархісты. І ўбачылі там Дзенісенку. Выдаўшы сябе за «правых аднадумцаў», анархісты завялі хлопца ў двары і збілі. Такім чынам «выказалі свой пратэст правай нацыяналістычнай ідэалогіі».

«Выглядае, што ані магілёўскі, ані гомельскі гарвыканкамы нічога не ведаюць пра моладзевыя рухі дый пра тое, што адбываецца ў іх гарадах.

Дагэтуль застаецца незразумелым, каму і навошта патрэбны быў «славянскі марш», — падсумоўвае Лянеўскі.

«Славянскі марш» адбыўся ў Магілёве 25 лістапада. Шэсце колькасцю 18 чалавек прайшло па вуліцы Чалюскінцаў да стадыёна ДК Завода штучнага валакна. Удзельнікі скандавалі «Слава Расіі», «Пака мы едіны — мы непобедімы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?