Будзем шчырымі: нямногія замежнікі хочуць наведаць Беларусь. Калі сюды едуць не дзеля ўладкавання справаў, то хутчэй за ўсё каб пабачыць шырока разрэкламаваную на Захадзе «апошнюю дыктатуру Еўропы». Малады канадскі журналіст Джон Брэнэн мала чаго ведаў пра Беларусь, але доўгія гады хацеў трапіць у краіну, якая «рэдка ўспыхвае кропкай на канадскіх радарах», каб сустрэць сяброў свайго дзяцінства.

«Канадскі фонд дапамогі», ці Як усё пачалося

Джону 24 гады, але выглядае ён старэйшым — мабыць, праз свае вусы. Ён жыве ў канадскай правінцыі Новая Шатландыя, але добрую палову жыцця ён меў адносіны з беларусамі.

Я вырас у вялікай сям’і з чатырма дзецьмі. У нас прасторны дом, таму, калі мае бацькі ў 1994 годзе прачыталі ў мясцовай газеце, што арганізацыі «Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі» патрабуецца дапамога, яны вырашылі адкрыць яго для беларускіх дзяцей.

Да 2006 года, калі арганізацыя перапыніла сваю дзейнасць, у нас пабывала шэсць дзяцей з Беларусі. Бывала, што адначасова ў нашым доме адначасова знаходзілася чацвёра з іх. Мы вельмі сябравалі, рабілі ўсё разам, хадзілі ў паходы і купаліся ў акіяне. Мы дзялілі іх журбу і радасць.

Гэтыя дзеці з Беларусі сталі сапраўднай часткай маёй сям’і.

Чаму я вырашыў паехаць

Я заўсёды хацеў пабываць у Беларусі, тым больш што мае беларускія сябры былі гатовыя ў любы момант запрасіць і прыняць мяне ў сябе. Але я не спяшаўся: скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт…

Свядома прагнуць паездкі ў Беларусь я пачаў гады чатыры таму. Я зразумеў, што хачу даведацца пра краіну, адкуль прыехалі мае сябры дзяцінства, пра катастрофу, якая спарадзіла «Канадскі фонд дапамогі» — арганізацыю, якая адыграла ў маім жыцці значную ролю.

Памятаю, што некаторыя з тых дзяцей мелі адну-дзве цацкі, і візіт у канадскую сям’ю сярэдняга класа быў для іх сапраўдным шокам. Яны бачылі наша жыццё, актыўна ўдзельнічалі ў ім.
Але я таксама хацеў пабачыць, як жывуць яны, ужо дарослыя, у сваёй краіне.

Беларусь не з тых краін, у якія можна ўзяць і прыехаць

Я не вялікі беларусазнаўца. Зразумела, нашы беларускія госці расказвалі пра сваю краіну, некаторую інфармацыю даваў Фонд. Адзінае, пра што я больш-менш ведаў, — гэта пра 70% усіх радыеактыўных рэчываў, якія выпалі на тэрыторыю краіны пасля выбуху на ЧАЭС. Але мне вядома, што Беларусь не з тых краін, у якія можна ўзяць і прыехаць. Шчыра кажучы, я не заўзяты падарожнік, але прыгадваю свае паездкі ў ЗША, Швецыю: паказаў пашпарт — і праходзь.

Калі я рыхтаваўся да паездкі ў Беларусь, усё было інакш. Я правёў уласнае «даследаванне», атрымаў візу загадзя, набыў страхоўку, бо чуў, што калі няма візы, яе няпроста атрымаць у аэрапорце, і цябе ўвогуле могуць завярнуць назад. Не скажу, што гэта было вельмі цяжка. Мая віза была трошкі даражэйшая за звычайную: я заплаціў каля 100 еўра за мультывізу, бо збіраўся наведацца у Чарнобыль, што ва Украіне, а потым вярнуцца ў Беларусь. Не скажу, што вельмі танна, але Беларусь — не турыстычная Мекка, таму, мяркую, такая сітуацыя цалкам нармальная, і варта чакаць, што давядзецца заплаціць.

Першае ўражанне

Па прылёце я даведаўся, што трэба набываць новую страхоўку, бо мая канадская тут не дзейнічае. Потым трэба доўга запаўняць эміграцыйную картку… Ведаеце, мне проста карцела выйсці з аэрапорта, агледзецца, бо я так доўга чакаў гэтага моманту! Але ты не можаш гэтага зрабіць праз неабходнасць нейкай працэдуры.

Краіна, што застыла ў часе

Мае бацькі былі ў Беларусі ў 1996 годзе. Яны прывезлі шмат гісторый і фотаздымкаў, таму я дзесьці ведаў, чаго чакаць, уяўляў, як выглядае сярэднестатыстычны беларускі будынак, кватэры беларусаў.

І ўсё ж пакуль не пабачыш на свае вочы, не зразумееш да канца. Калі я шпацыраваў па Мінску, я не мог пазбавіцца думкі, што час спыніўся ў гэтым горадзе 20 гадоў таму.
Мае бацькі расказалі: «Беларусь адстае ад Канады недзе на 15 гадоў». І сапраўды,
Мінск выглядае вельмі па-савецку. Чаго варты адзін велічэзны помнік Леніну!
Мяне вельмі крануў кантраст: цікава бачыць, як сучасныя шматпавярховікі вырастаюць сцяна да сцяны са старымі драўлянымі хатамі.

Мае бацькі наведалі шмат мясцін у Беларусі. Я наўмысна падарожнічаў там, дзе і яны, каб параўнаць. І ведаеце, амаль нічога не змянілася.

Мне бракавала мора

Я прыляцеў у Мінск, наведаў Чавусы — горад, дзеці з якога першымі атрымалі дапамогу ад Фонду. Затым пабываў у Гомелі, дабраўся да Кіева, з’ездзіў на экскурсію да ЧАЭС і горада Прыпяць — даволі працяглы маршрут.

Я нарадзіўся недалёка ад Атлантычнага акіяна, і мне было нязвыкла знаходзіцца ў краіне без выхаду да мора. Едзеш, едзеш і чакаеш, што вось пакажацца вялікая вада, але ўсё цягнуцца фермы, палі, вёскі. Пра гэта казалі мне бацькі, я ўпэўніўся ў гэтым сам: многія невялікія гарады і вёскі выглядаюць як «прывіды» з 1950-х.

Ведаеце, калі жывеш у Паўночнай Амерыцы, ты абаронены. Тут, канечне, ёсць і бедныя, і свае праблемы… Але ў Беларусі ўсё па-іншаму, усё ў іншым вымярэнні. Напрыклад, беднасць у Беларусі — зусім не тая, што ў Канадзе. Я хачу сказаць, што цэны, напрыклад, на паліва, не дужа розняцца ад канадскіх. Але, калі разумееш, які заробак атрымліваюць людзі, гэта… расплюшчвае вочы.

«Абраў кастрычнік, каб заспець святкаванне ўгодкаў рэвалюцыі»

Я прызначыў сваё падарожжа менавіта на кастрычнік, бо хацеў пабачыць святкаванне дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мне падаецца, у свеце засталося ўсяго некалькі краін, якія адзначаюць гэты дзень. Цікава было пачуць вашага прэзідэнта, які кажа, што ідэалы той рэвалюцыі ўсё яшчэ жывыя ў Беларусі.

Калі гаварыць пра Лукашэнку, я яшчэ памятаю выпадак, калі ён сказаў наконт нямецкага міністра, што «лепш быць дыктатарам, чым геем». Мяне тады вельмі здзівілі гэтыя словы.

Што не вайна, тое добра

Адразу кідаецца ў вочы неверагодная колькасць мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны. У нас у Канадзе таксама ёсць такі помнік. Але ён невялікі, як помнік у якім-небудзь мястэчку. А мінскі — проста гіганцкі. Пры гэтым паўсюль, дзе я быў, ёсць хоць адзін помнік ахвярам вайны. Памятаю, што размаўляў пра гэта з маім сябрам-беларусам, які цяпер жыве ў ЗША. Я спытаўся, чаму ў Беларусі нічога не змяняецца. Ён адказаў:

«Вайна прынесла Беларусі шмат гора. І людзям перманентна нагадваюць пра вайну. Таму ўсё, што не вайна, — добра».

Парады па выжыванні

Я правёў у Беларусі месяц, з яго паўтара тыдня — у Мінску. І калі я збяруся сюды зноў, я паспрабую хоць трошкі вывучыць мову. Няшмат людзей разумеюць англійскую, і яшчэ менш могуць адказаць. Пра тое, каб прачытаць назву вуліцы, і размовы няма. Наўрад ці я змог бы камфортна знаходзіцца ў Беларусі без сваіх спадарожнікаў.

Дагэтуль не ведаю, што можна казаць, а чаго нельга

Мае публікацыі з’яўляліся, прынамсі, на сайце Canada.com. Але мы з сябрамі вырашылі, што пэўная інфармацыя можа быць небяспечнай як для іх, так і да мяне і для людзей, з якімі я гутарыў. Таму я выдаліў некалькі артыкулаў, адзін з якіх — інтэрв’ю з моладзевымі актывістамі. Ведаеце, я дагэтуль адчуваю сябе няёмка і трошкі нервуюся, бо не да канца разумею, што можна казаць, а чаго нельга. Я ж з краіны, дзе можна выказваць сваё меркаванне бесперашкодна. Таму я, напэўна, перавыдам артыкулы, калі з’еду.

Чорны колер — не ўся палітра

Абсалютную большасць інфармацыі пра Беларусь у заходніх СМІ нельга назваць пазітыўнай: у асноўным Беларусь для замежніка — гэта Лукашэнка і «апошняя дыктатура Еўропы».

Да падарожжа па Беларусі я хутчэй быў у хоры тых, хто схіляўся да апісання гэтай дзяржавы змрочнымі колерамі. У мяне самога ёсць даволі «цёмныя» публікацыі. Але я больш не хачу рабіць гэтага. Заўтра я вяртаюся ў Канаду і там хачу паспрабаваць быць шчырым, бо я бачыў гэтых людзей, бачыў гэтую зямлю.

І калі я чытаю запісы ў Twitter накшталт «Беларусы — народ у канцэнтрацыйным лагеры»… Ведаеце, гэта ўжо занадта.
Лёгка паказаць відэа з разгону мітынгу і сказаць, што тут усё жыццё такое. Але ж гэта далёка ад ісціны. Цяпер я пачынаю разумець, што калі твая краіна 60 ці 70 гадоў была пад уладай саветаў, не так проста адкінуць тое мінулае і імгненна памяняцца.
Калі я б я хацеў каротка апісаць Беларусь, я б сказаў, што тут усё павольна.
І нават калі Мінск падобны да Таронта ці Манрэаля, усё ж тут шмат старога. Тут яшчэ шмат хто думае па-старому і робіць па-старому. Але я б заклікаў людзей у Канадзе, у ЗША проста прыехаць і пагутарыць з беларусамі. Бо мы, жыхары дэмакратычных дзяржаваў, з перспектывы свайго светапогляду нават на ёту не разумеем Беларусі, таго, што ёй давялося вытрываць і што адбываецца тут цяпер.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?