Гродзенскі бровар захаваўся на бераз Нёмана, але не працуе.

Гродзенскі бровар захаваўся на бераз Нёмана, але не працуе.

Кніга Андрэя Вашкевіча «На гродзенскім бруку» — дэбют маладога, але ўжо добра вядомага гродзенскага гісторыка ў галіне даследаванняў гісторыі прамысловасці, прадпрымальніцтва і тэхналогій. У нашай краіне гэтыя даследаванні не маюць вялікай папулярнасці (адным са сведчанняў гэтага можна лічыць наклад кнігі — 99 асобнікаў; такімі накладамі грэбавалі нават у часы Гутэнберга).

Звыкла лічыцца, што ўся прамысловасць у Беларусі ўзнікла ў савецкі час, у адпаведнасці з мудрымі марксісцкімі планамі Камуністычнай партыі і савецкага ўрада. І гісторыя такой прамысловасці (на якой была абароненая не адна сотня дысертацый) пісалася як гісторыя трыумфу калектыўнай волі, у якой не заставалася месца індывідуальнай прадпрымальнасці, сямейнай пераемнасці, аўтаноміі асобы, сям’і, лакальнай і прафесійнай супольнасці.
Дэбют, які варта вітаць ужо таму, што вельмі мала гісторыкаў займаюцца гэтай тэмай больш-менш прафесійна. Андрэй Кіштымаў, Захар Шыбека, аўтар гэтых радкоў, бадай, яшчэ пара чалавек — гэта цяжка назваць нават мікракарпарацыяй. Такая малая колькасць даследчыкаў не дазваляе разлічваць на хуткую кампетэнтную праверку фактаў і гіпотэз, на стварэнне экспертнага поля, здольнага ўплываць на развіццё эстэтычнай ды маркетынгавай палітыкі сучасных прадпрыемстваў і іх галіновых асацыяцый.
Брук у кнізе Вашкевіча — гэта не толькі прадмет літаральнага даследавання ў адным з нарысаў, што склалі гэтую тонкую кнігу, хутчэй, брашуру, але і ўдала знойдзеная метафара, матэрыяльны сімвал страчанай дасавецкай цывілізацыі, якая падсумоўвае вобраз Горадні-Горада ўвогуле.
У сувязі з брукам у кнізе варта было б закрануць і шырокую праграму шарваркавых прац, якую разгарнулі ўлады міжваеннай Рэчы Паспалітай не толькі ў горадзе, але і на вёсцы. Брукаванка на захадзе Беларусі дагэтуль застаецца істотным элементам калектыўнай памяці пра міжваенныя часы ўвогуле. Пра гэта варта было напісаць шырэй.
У значнай ступені кніга выглядае як рэестр разбурэнняў. Разбураная былая фабрыка матацыклаў «Нёман» Старавольскіх — месца першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі вытворчасці матарызаваных транспартных сродкаў.
У свой час Андрэй і я разам здымалі яшчэ свежыя руіны для праграмы «Маем рэчы» Алеся Матафонава. Разбураныя амаль усе млыны з некалькіх дзясяткаў, не толькі ў самім горадзе, але і ў яго ваколіцах, за выняткам аднаго; першая гродзенская электрастанцыя і многія іншыя аб’екты.
Мой (а хіба мой, з улікам масавай міграцыі і своеасаблівага сацыяльнага тэрору?), «мой» Мінск, дарэчы, таксама бязлітасна пазбаўляецца помнікаў прамысловай архітэктуры.
Сярод найбольш балючых стратаў на маёй памяці — разбурэнне квартала бісквітнай фабрыкі на левым беразе Свіслачы і зусім нядаўні знос будынка першай гарадской электрастанцыі каля цырка, пабудаванай самым славутым мінскім гораданачальнікам, графам Каралем Чапскім. Адзін з нешматлікіх пазітыўных прыкладаў — мінскі бровар «Аліварыя», які не толькі захаваў сваё пачатковае функцыянальнае прызначэнне ў будынку 1893 г., але і здолеў стварыць сімпатычны, накіраваны менавіта на турыстаў інтэрактыўны музей гісторыі прадпрыемства і — у нейкай ступені — піваварства ў Беларусі ўвогуле. Невыпадкова і А. Вашкевіча найбольш непакоіць менавіта захаванне старога гродзенскага бровара, пра рэгенерацыю якога з асцярогай, але некампетэнтна выказваецца ўжо, здаецца, не першае пакаленне гродзенскіх чыноўнікаў і журналістаў, кранальна адзінадушных у сваёй прафесійнай безадказнасці. Сапраўды, мала які прадукт на рынку ў такой ступені звяртаецца да гістарычнай пераемнасці, як піва — у свой час менавіта гісторыя піва і піваварства была першым прадметам, праз які аўтар гэтых радкоў выйшаў на блок аналагічных тэмаў увогуле. Супадзенне наўрад ці выпадковае. Таму ў канцы рэцэнзіі — яшчэ некалькі словаў пра бровар.
Часам А. Вашкевіч спыняецца ў сваіх нарысах на паўслове, не разгортваючы думку або не прыводзячы цытату, якая, здавалася б, напрошваецца сама сабой.
Напрыклад, расказваючы пра першую краёвую фабрыку ігральных картаў братоў Лапіных — пазней адзіную ў паваеннай Савецкай Беларусі каляровую літаграфічную друкарню, — згадвае, што аб прадпрыемстве і яго рабочых занатаваў цікавыя ўспаміны вядомы беларускі паэт Валянцін Тарас, бацька якога ў 1944—1947 гг. быў дырэктарам гэтай фабрыкі. Але не прыводзіць аніводнага факту з гэтых цікавых успамінаў. Хаця праз некалькі старонак, у нарысе пра гродзенскія цагельні і кафлярні, на паўстаронкі — і прытым дарэчы — цытуе Зыгмунта Глогера, прыводзячы апісанне здабычы вапны на Мелавых Горках каля Пышкаў у 1870-я гг. Такіх неразгорнутых намёкаў, якія абазнанага чытача толькі прымушаюць «аблізацца», у кнізе рассыпана даволі шмат.
Напрыклад, аповед пра вытворчасць ігральных картаў варта было б дапоўніць «пікантнымі» фактамі з гісторыі ўласна азартных гульняў — што ў сучаснай Беларусі, з яе шматлікімі казіно, магло б быць па-свойму запатрабаваным.
(Хм, пра этычныя і сацыяльныя моманты гэтага бізнэсу паразмаўляем асобна, іншым разам. Зрэшты, як даніну гэтым момантам, абыходжу пакуль маўчаннем адзін з самых разгорнутых нарысаў кнігі — па гісторыі тытунёвай прамысловасці Гродна.). Але істотна пашырыць і ўласна гродзенскай фактурай, і важнымі аналогіямі з гісторыі адпаведных галінаў на больш шырокай эканамічнай і культурнай прасторы можна было амаль кожны нарыс кнігі. На маю думку, адчуваецца брак навуковага рэдактара (нават зважаючы на свядома папулярны фармат кнігі), які б мог падказаць некаторыя дадатковыя лініі даследаванняў і выправіць нязграбныя лагічныя і граматычныя канструкцыі. Аднак ці можа кніга накладам 99 ас. прэтэндаваць на паўнавартасную выдавецкую інфраструктуру?
Калі аўтар не спыніцца на дасягнутым і працягне даследаванні ў гэтай галіне, хочацца, каб ён быў вельмі ўважлівым да тэрміналогіі і тэхналагічных нюансаў. Напрыклад, піва прынята метафарычна называць «нектарам Гамбрынуса» (а не Гамбінуса). Папрок да выкарыстання ўладальнікам гродзенскага бровара Ігнацыем Кунцам цукру ў піваварстве ў 1911 г. — справядлівы з пункту гледжання нямецкага закона аб чысціні піва, але і ў сусветнай практыцы і канкрэтна ў Беларусі ён сёння парушаецца на кожным кроку.
Бо, строга кажучы, мала хто ў свеце «падпісаўся» на няўхільнае выкананне нямецкіх нормаў, а Еўрасаюз нават прымусіў саму Германію афіцыйна іх скасаваць. І згаданая колькасць цукру — 18 пудоў на 1 варку — не дае ўяўлення пра прапорцыю цукру ў зыходным сусле, бо не прыводзіцца аб’ём самой варкі.
Зрэшты, у дэталі старых тэхналогій можна занурацца як заўгодна глыбока, аддаючы гэтаму ўсё жыццё.
Пытанне, аднак, каму гэта можа быць патрэбна, апроч жменькі цікаўных дзівакоў. Тэмп жыцця, што ўсё паскараецца, прапаноўваючы новыя і новыя шаблоны спажывання, не пакідае часу на рэфлексіі і сантыменты той абсалютнай спажывецкай большасці, што цалкам захопленая гэтым вірам.
Тэхналогіі старэюць усё хутчэй, прытым сярэдняя працягласць жыцця ўсё павялічваецца, і гэта стварае абсалютна новую антрапалагічную сітуацыю: калі раней у адну тэхналагічную эпоху змяшчалася жыццё некалькіх пакаленняў, дык цяпер за адно пакаленне змяняецца некалькі тэхналагічных эпох.
Раней дзівакі-плакальшчыкі ўсведамлялі непазбежнасць заняпаду той ці іншай тэхналогіі (а разам з ёй і цэлай сістэмы сэнсаў і стымулаў, на якіх грунтавалася камунікацыя паміж вытворцамі, гандлярамі і спажыўцамі — уласна кажучы, эканоміка вачыма антраполага) у канцы цыклу яе існавання і міфалагізавалі ды эстэтызавалі яе, апелюючы да назапашанай сумы эмоцый і асацыяцый некалькіх пакаленняў продкаў, надаючы новую — мемарыяльную — вартасць старым рэчам і тэхналогіям (рытуалам). Да якіх вартасцяў апеляваць гісторыку сёння, калі адны і тыя ж рэчы, тэхналагічныя прыёмы, памяшканні, ландшафты ўжо не могуць пахваліцца тым, што служылі некалькім пакаленням, знітоўваючы ў адно цэлае іх калектыўны досвед?
Старая ўтульная еўрапейская дабротнасць, дасягнуўшы піку ў канцы ХІХ стагоддзя, паспеўшы натхніць на алегарычныя казкі Андэрсэна, што стаў, бадай, найбольш выбітным яе песняром, саступіла месца стратэгіі запланаванага састарвання.
Дзіўна, што сёння нават гэты шалёны тэмп тэхналагічнага прагрэсу, калі нават самыя неверагодныя Hi-tech навінкі страчваюць прывабнасць праз некалькі месяцаў, ужо не можа забяспечыць працай устойлівы мінімум людзей ва ўсім свеце. Здаецца, сённяшняй эканоміцы трэба, каб рэчы старэлі, нават не дайшоўшы да паліц крамаў. Састарэла нават збожжа, калі ўжо найлепшую цану за яго прапануюць вытворцы паліва, а не харчовая прамысловасць. Сусветны эканамічны крызіс хутка дапаможа высветліць, ці канчатковая перамога постмадэрністаў і ці здолеюць выспы працяглых сэнсаў і пераемнасці абараніць свае годнасць і суверэнітэт, але пакуль ініцыятыва, бясспрэчна, на баку постмадэрністаў.

Усё гэта стварае перашкоды для музеефікацыі ды інтэрпрэтацыі старых тэхналогій, якія пакуль цяжка асэнсаваць.

У Беларусі да гэтых агульнасусветных тэндэнцый дадаюцца яшчэ і мясцовыя. Па-першае, мы ніколі, на жаль, не былі тэхналагічнымі лідарамі, а таму нашы артэфакты не маюць такой аўры ў масавай свядомасці, як напой Coca Cola або матацыклы Harley Davidson. Нават ва ўласнай краіне.
Чужы поп-арт прадаецца ў нас лепей.
Па-другое, па нас пракацілася жахлівая 100-гадовая хваля разбуральнага народнага гневу, па інтэнсіўнасці параўнальная хіба што з палпотаўскай Камбоджай, накіраваная супраць «паноў». Аўтару гэтых радкоў увесь час даводзіцца сутыкацца з гэтымі праблемамі ў рэальнай фізічнай ды эканамічнай прасторы: адшукаць майстроў па вырабе ды ўкладцы гонты або кваліфікаванага печніка амаль гэтак жа складана, як верную спадарожніцу жыцця. Так што калі гутарка заходзіць пра гродзенскія матацыклы, герояў яшчэ аднаго нарысу кнігі, дык высвятляецца, што ў сучаснай Польшчы захаваліся толькі 4 асобнікі, а ў Сінявокай — увогуле ніводнага.
Але калі запытацца ў тыповага сучаснага беларускага спажыўца, ці варта шанаваць гэтыя матацыклы як элемент нацыянальнай памяці, дык можам, падазраю, атрымаць прыкладна такі адказ: а навошта, калі яны ўсё роўна не Harley Davidson, не самыя перадавыя нават для свайго часу? У прынцыпе, такое ж стаўленне перадвызначыла лёс аб’ектаў прамысловай гісторыі ў Гродне, Мінску і ва ўсёй сучаснай Беларусі.

То які сэнс удасканальваць і паглыбляць веды па гісторыі старых тэхналогій ды прадпрымальніцтва? Хто ў гэтым прадметна зацікаўлены?

Нашы сённяшнія прадпрымальнікі, як правіла, не маюць патрэбы ў далекасяжнай рэтраспектыўнай легітымізацыі свайго бізнэсу. Бо галоўная крыніца легітымнасці ў нас — дзяржаўная бюракратыя.
А без гэтага цяжка ўбудаваць прамысловую эстэтыку старых часоў у сучасны ланцужок дабаўленай вартасці, у чым мне давялося пераканацца на ўласным досведзе: толькі пасля 10 гадоў даследаванняў і публікацый па гістарычнай антрапалогіі харчавання ў Беларусі і Літве пачалі з’яўляцца рэальныя замоўцы на праекты па кансалтынгу, брэндынгу і г.д. з ліку прафесіяналаў харчовай галіны — маркетолагаў, рэстаратараў і г.д. І гэта дзякуючы канцэнтрацыі высілкаў на самай запатрабаванай галіне эканомікі.
А як прадаваць на спецыфічным рынку ідэнтычнасцяў рознагаліновыя паасобныя даследаванні гісторыі гродзенскіх прадпрыемстваў? Бо продаж — гэта не толькі магчымасць зарабіць, гэта таксама прызнанне запатрабаванасці і прафесійнай кампетэнцыі. Адна з парадаў, якую хацелася б даць маладому калегу, калі ён захоўвае цікавасць да гісторыі матэрыяльнай культуры і прадпрымальніцтва, — паспрабаваць болей засяродзіцца на гісторыі харчовай (і сумежных) галінаў прамысловасці Гродна-Горадні і ў нейкай ступені — на гістарычнай антрапалогіі харчавання, бо нават з усімі агаворкамі наконт эфектыўнасці нашай сельскай гаспадаркі гэта адна з найбольш перспектыўных экспартных галінаў тутэйшай прамысловасці.
І рана ці позна, калі яна сапраўды хоча замацавацца на міжнародным харчовым рынку, ёй давядзецца звярнуцца да гісторыі як да крыніцы ўласнай ідэнтычнасці, як да фактару павышэння дададзенай вартасці. АВС, «Гродфуд» ды іншыя мясцовыя вытворцы складаюць прыкметны сектар прамысловасці горада і вядомыя далёка за межамі Беларусі. І тут трэба навучыцца не проста расказваць займальныя гісторы(йк)і, але і знайсці сваё месца ў камунікацыі паміж рознымі гульцамі рынку. Парада асцярожная, бо тут, як увогуле на рынку, цяжка нешта гарантаваць. Аднак гэта шлях, на якім ужо пазначыліся першыя поспехі і ўжо прыкметная пэўная цікавасць да прадмету даследаванняў з боку не абстрактнага абываталя, а прафесіяналаў адпаведнай галіны. Наколькі гэта надзейныя прыкметы? Цяжка сказаць, але, напрыклад, спадзявацца, што сучасныя вытворцы славутай беларускай бетоннай пліткі (як правіла, блізкія сваякі чыноўнікаў гарадскіх адміністрацый) раптам зацікавяцца гісторыяй аналагічнага бізнэсу ў даваеннай Горадні або любым іншым горадзе, зусім не выпадае. Бо дададзеная вартасць іх прадукцыі павышаецца зусім іншымі сродкамі.
Калі б гэтая таварыская рэцэнзія пісалася з пазіцый канчатковага спажыўца, можна было б выказаць пажаданне, каб у кнізе (або ў яе працягу) была асветленая таксама гісторыя чыгункі (разам з рамонтнымі дэпо і г.д.) і іншага транспарту ў Гродне, уключаючы рачны, аўтобусны і г.д., а таксама электрычнай сувязі (калі ўжо самой электрастанцыі прысвечаны асобны нарыс), абутковай і гарбарнай прамысловасці і г.д.
Зародкі некалькіх такіх патэнцыйных нарысаў дадзеныя ў апошнім артыкуле «Ад алоўка да мармеладу», дзе па адным або некалькіх абзацах, а часам па некалькі словаў адведзена гісторыі вытворчасці ў горадзе над Нёманам не толькі гэтых тытульных рэчаў, але і сурагатнай кавы, цукерак, запалак, мясных прадуктаў, мыла, воцату і г.д. Але я гляджу на гэта вачыма патэнцыйнага калегі па віртуальным цэху і таму хачу хутчэй засцерагчы калегу — калі толькі маю на гэта маральнае права, — чым заахвоціць да бессістэмнай разнастайнасці. Задача стварэння такой энцыклапедыі, калі яна прэтэндуе на пэўны якасны ўзровень, наўрад ці пад сілу аднаму чалавеку, асабліва ў спецыфічных гродзенскіх варунках, знакава рэпрэсіўных нават па беларускіх мерках. На маю думку, такая ахвярнасць была б сёння бессэнсоўнай. Больш перспектыўнай выглядае менавіта спецыялізацыя на ключавых кірунках даследаванняў пры адначасовай папулярызацыі іх вынікаў і стварэнні на іх падставе сучаснай «маркетынгавай міфалогіі». Трэба быць не проста гісторыкам, але і антраполагам, і, урэшце, капірайтарам.
Апроч прафесіяналаў адпаведных галінаў вытворчасці (з усімі агаворкамі, выказанымі вышэй) замоўцамі і бенефіцыярамі такіх даследаванняў могуць быць таксама муніцыпальныя ўлады — у выпадку, калі яны развіваюць у горадзе турызм, імкнуцца палепшыць яго інвестыцыйную прывабнасць. А таксама прыватны турыстычны бізнэс.
З гэтым у «каралеўскім горадзе над Нёманам» вялікія праблемы, як паказала сумнавядомая драма з падручнікам «Гродназнаўства». Радуе, што Андрэй Вашкевіч спрабуе «намацаць» найбольш перспектыўныя ацалелыя аб’екты, якія маглі б трансляваць старую прамысловую эстэтыку ў наш час. Гэта найперш гродзенскі бровар, даўней — палац Агінскіх і Сапегаў, яшчэ з сярэдзіны XVII ст. і такім чынам — помнік адразу некалькіх эпох. Сапраўдная перліна гарадскога ландшафту — пры ўмелай рэгенерацыі, але, урэшце, пры зацікаўленасці канчатковага спажыўца. Калі не цынічнай і агрэсіўнай гродзенскай «ліміты» — гараджанаў у нулявым пакаленні, дык, можа быць, доўгачаканага замежнага турыста? А таксама старая станіславаўская кафлярня, у якой, пераконвае аўтар, найлепш стварыць музей старой гродзенскай прамысловасці, — і тут хочацца проста даверыцца ягонай інтуіцыі. Сапраўды, калі б удалося захаваць ад знішчэння і напоўніць гістарычнай ідэнтычнасцю хаця б гэтыя два аб’екты, ужо можна было б бязмежна цешыцца, з улікам усіх сумных развагаў вышэй, і падзякаваць маладому гродзенскаму гісторыку за пастаўленую праблему. І хочацца яму пазычыць не толькі ўбачыць гэтую рэгенерацыю на ўласныя вочы, але і ўзяць у ёй належны ўдзел як прафесійнаму кансультанту. Але ў такім выпадку яму б давялося не столькі пашыраць спектр сваіх даследаванняў на іншыя галіны былой гродзенскай прамысловасці, колькі спецыялізавацца на пэўных найбольш перспектыўных кірунках. Але ўжо ў іх заглыбляцца ў дэталі настолькі, каб, напрыклад, зрабіць магчымым рэальную рэгенерацыю таго ж гродзенскага бровара ў новым выглядзе, але з захаваннем аўтэнтычнага і якаснага напаўнення. І тут лепей не чакаць пасіўна, ці ўдасца нешта зрабіць новаму ўладальніку бровара, а смела прапаноўваць свае паслугі, пашыраць уласны прафесійны досвед.
Бо калі з постмадэрнісцкіх выпрабаванняў сумленныя прафесійныя гісторыкі і антраполагі мусяць выйсці пераможцамі і вынесці нейкі ўрок, дык я б сфармуляваў гэты ўрок прыкладна так: традыцыйны ланцужок «збор фактаў — сістэматызацыя і аналіз заканамернасцяў — напісанне кнігі», у крайнім выпадку падоўжаны яшчэ на адно звяно — выкладанне студэнтам, — не спрацоўвае.
Асабліва калі адміністрацыйны ды ідэалагічны дыктат свядома і мэтанакіравана не дае выхаду на апошняе звяно ланцуга.
У такіх умовах канчатковымі прадуктамі працы гісторыка мусяць быць не столькі кнігі і лекцыі, колькі анімацыі, экскурсіі, брэнды, прадуктовая міфалогія і нават кансультацыі, якія фармуюць спажывецкія якасці прадуктаў, — тыя інструменты масавай камунікацыі, якія запатрабаваныя сучасным рынкам і самім жыццём.
Амаль усе гісторыкі, якія распрацоўваюць у Беларусі азначаны блок тэм, працуюць за межамі акадэмічнай сістэмы. Ці могуць яны выпрацаваць адэкватныя выкліку часу механізмы кааперацыі? Зрэшты, такія пытанні выходзяць далёка за рамкі фармату рэцэнзіі на асобную невялікую кнігу, таму пакуль стаўлю на гэтым кропку. Хочацца верыць, аднак, што гэта кропка з коскай або шматкроп’е.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?