Кіраўніцтва навучальнай установы настойвае на тым, што не адпраўляла сваіх студэнтаў на экстраную прыборку льну з-пад першага снегу, пра што пісалі многія беларускія СМІ напрыканцы кастрычніка.
22 лістапада ў газеце пад рубрыкай «Рэха падзей» быў размешчаны матэрыял, у якім з падзагалоўкам «Глыбокае» паведамлялася: «Расійскі тэлеканал «НТВ» у выпуску навінаў паказаў, як навучэнцаў прафліцэя прымушалі ратаваць лён з-пад снегу, але з-за цэнзуры ў Беларусі гэты сюжэт не паказалі.

Такі сюжэт насамрэч быў падрыхтаваны журналістам «НТВ» Аляксеем Прокіным і 30 кастрычніка выйшаў у расійскі эфір.

Аднак пасля ўзгадкі яго ў «Вольным Глыбокім» кіраўніцтва мясцовага ліцэя звярнулася ў рэдакцыю па тлумачэнне і запатрабавала публічна абвергнуць узгаданы факт.
На думку кіраўніцтва і педагагічнага калектыву, «матэрыял „Панарама ўнутрыабласных падзей“ напісаны беспадстаўна і падрывае аўтарытэт навучальнай установы».
У доказ сваёй праваты дырэктар ліцэя прыводзіць той факт, што першы снег на Глыбоччыне выпаў на выходных, а 29 кастрычніка ўсе навучальныя групы ўжо знаходзіліся на занятках.

Цікава, што ніякіх прэтэнзій да самога расійскага тэлеканала «НТВ», які з’яўляецца першакрыніцай, Глыбоцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй не выказвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?