Жанчыны

1. Высокія абцасы

Абутак на абцасах вельмі распаўсюджаны сярод беларусак, шмат хто носіць высокія абцасы штодня. Але завысокія абцасы негатыўна ўплываюць на паставу ды залішне нагружаюць суставы і могуць выклікаць зусім непрыемныя наступствы: артрыт, дэфармацыю пальцаў ног, болі ў спіне, траўмы сухажылляў. Пры гэтым трэба памятаць, што зваліцца з высокіх абцасаў вельмі лёгка, асабліва ўзімку. Не насіце абцасы вышэйшыя за 4 сантыметры ды давайце вашым нагам адпачыць у абутку без абцасаў. Таксама рэкамендуецца насіць артапедычныя вусцілкі.

2. Цяжкія торбачкі

Перанос цяжкасцяў дрэнна адбіваецца на арганізме чалавека, а калі трэба цягаць нешта працяглы час, негатыўны эфект толькі ўзмацняецца. На жаль, сёння жаночыя торбачкі з дакументамі, ноўтбукамі, планшэтамі ды яшчэ й асабістымі рэчамі — не лёгкая ноша. Больш за тое, торбачкі носяць на адным плячы ці ў адной руцэ, і праз гэта нагрузка на пазваночнік размяркоўваецца нераўнамерна, што ў выніку можа прынесці значную шкоду вашай асанцы ды спіне. Каб гэтага не адбывалася, паспрабуйце «выкінуць» усё непатрэбнае. Ці можна разгледзець варыянт пераходу на артапедычны заплечнік — «здаравейшы» варыянт пераносу сваёй маёмасці.

3. Станік няправільнага памеру

Лічыцца, што 70% жанчын носяць станікі не свайго памеру. Але такія станікі могуць выклікаць болі ў спіне, шыі ды грудзях, пагаршаюць якасць дыхання, раздражняюць скуру, парушаюць нармальны кровазварот. Каб унікнуць магчымых непрыемнасцяў, адказна стаўцеся да выбару гэтай штодзённай часткі вашага адзення.

4. Выпіваць нароўні з мужчынамі

Падчас застолляў ці вечарын многія жанчыны не хочуць адставаць ад супрацьлеглага полу ў спажыванні алкаголю. Але жанчыны не толькі важаць меней за мужчын, але іх арганізмы таксама ўтрымліваюць менш вады, якая разводзіць алкаголь. Паспрабуйце абмежаваць ужыванне алкаголю і памятайце: звычайна, вам патрэбна нашмат менш, чым вашаму мужу.

5. Шмат перажыванняў і мала клопату пра сябе

Жанчыны ўдвая часцей за мужычын пакутуюць ад разладаў, звязаных са стрэсам. Таксама жанчыны ў два разы больш схільныя доўгі час утойваць пержыванні ад няўдалых адносін. Дадае негатыву і той факт, што шмат жанчын ставяць патрэбы іншых вышэй за свае. Лічыцца, што часткова такія паводзіны могуць выклікацца асаблівасцямі жаночай псіхалогіі, але будзе карысна адсунуць перажыванні аб міулым і выдаткоўваць больш часу на сябе, каб быць больш здаровай у будучыні.

Мужчыны

1. Злоўжыванне алкаголем

Беларусы п’юць шмат, і гэта само сабой шкодна для здароўя. Не менш шкоднай з’яўляецца і традыцыя беларусаў ужываць вялікія колькасці алкаголю запар. Абмяжуйце ўжыванне алкаголю да здаровага мінімуму, і вы засцеражаце сябе ад хуткага набору вагі і захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і іншых праблем, звязаных з празмернай выпіўкай.

2. Ігнараванне медыцынскіх абследаванняў і самаабследаванняў

Мужчыны ў сярэднім жывуць менш за жанчын і ў мужчын больш шанцаў памерці ад раку. Разам з гэтым мужчыны нашмат часцей ігнаруюць дактароў. Мужчыны (у параўнанні з жанчынамі) таксама не надта любяць праводзіць самаагляд. Прычынамі такіх паводзінаў можа быць страх, неўважлівасць ці абыякавасць да здароўя, але рэгулярныя медыцынскія абследаванні ды самаабследаванні ў шматлікіх выпадках могуць дапамагчы выявіць захворванне на ранняй стадыі. Банальна аглядайце сябе часцей, у тым ліку і ззаду. І абмацвайце сваё цела, у тым ліку тыя часткі яго, у якіх узнікаюць небяспечныя новаўтварэнні.

3. Трымаць усё ў сабе

Мужчыны часта замыкаюцца ў сабе і нікому не расказўваюць пра свае праблемы і трывогі, не просяць дапамогі і змагаюцца з напасцямі самастойна. Між тым, мужчыны на 50% часцей за жанчын хварэюць на дэпрэсію і на 77% часцей чыняць самагубствы. Мужчыны з дэпрэсіяй у два разы часцей шукаюць выйсце ў алкаголі, а гнеў, «загнаны» ў сябе, павышае рызыку інфаркту.

4. Грэбаванне асабістай гігіенай

Згодна з даследваннямі амерыканскіх даследчыкаў, нават у самых развітых краінах адзін мужчына з трох не мые рук пасля паходу ў прыбіральню, а такое зняважлівае стаўленне да здароўя можа прывесці да шматлікіх інфекцыйных захворванняў. Таксама толькі 66% мужчын чысцяць зубы два разы на дзень ці часцей. Гэта пагражае не толькі непрыемным пахам, карыесам, але і захворваннямі дзяснаў. Яны, ў сваю чаргу, могуць павышаць рызыку сардэчных захворванняў і эрэктыльнай дысфункцыі.

5. Частыя гарачыя ванны

Пасля працы прыемна адпачыць у ванне, поўнай гарачай вады. Але частыя ванны лепш замяніць на душ, бо такія водныя працэдуры могуць пашкодзіць рэпрадуктыўную функцыю: сперматазоіды гінуць у лазні і гарачай вадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?