Найбліжэйшым часам у Горадні пройдзе сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму, сьвяткаваньне угодкаў Грунвальду, чарговы пленэр «Легенды зь пяску» ды канцэрт Памідорава.

26 ліпеня ў Горадні адбудзецца сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму, прысьвечанага праблемам рэканструкцыі Старога гораду. Гэта канчатковая дата, паведаміў адзін зь ініцыятараў рэфэрэндуму Вадзім Саранчукоў. Сходу будзе папярэднічаць паседжаньне экспэртнай рады, якое адбудзецца 11 ліпеня. Сябры рады яшчэ раз дэталёва выпрацуюць пытаньні, што прапануецца вынесьці на гарадзкі рэфэрэндум.

Тым часам грамадзкае жыцьцё ў Горадні не заціхае. 13 ліпеня заплянаваны круглы стол з удзелам гісторыкаў, прысьвечаны чарговай гадавіне Грунвальдзкай бітвы. На выходныя гарадзенцы традыцыйна прыйдуць да Каложы, каб ўсклаць кветкі да каменя з выявай Пагоні і надпісам «На Грунвальд».

У рамках кампаніі «Музыкі супраць разбурэньня Горадні» 17 ліпеня адбудзецца канцэрт Аляксандра Памідорава.

Гэнік Лойка мяркуе зладзіць чарговы пленэр «Легенды зь пяску», які мае назву «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». «Пакуль што ў Горадні «нялётнае» надвор’е, таму на сёньня маем дзьве вераемныя даты адкрыцьця пленэру — 15 і 22 ліпеня» — распавёў менскі скульптар. Паводле задумы сп. Лойкі, пясчаная постаць Хрыста ляжа ніцма пад Каложаю на тым адхоне, што колісь абрынуўся ў Нёман, каб з царквойу‑легендай больш ніколі ня здарылася бяды».

Так мусіла выглядаць скульптура Хрыста пад Каложай. Аднак улічваючы небясьпеку апаўзаньня плясту зямлі, яе створаць у іншым месцы.

Фота Гэніка Лойкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0