Некалькі гадоў таму па дадатковы даход беларусы ішлі ў распаўсюднікі латарэйных білетаў. На ўдалым месцы можна было атрымаць сярэднюю зарплату.
Пасля прыйшла эпоха кандуктараў, якія зараблялі амаль столькі ж, як і кіроўцы грамадскага транспарту.

Цяпер жа, калі меркаваць па аб’явах у сталічным метро, ледзь не самая запатрабаваная і прыбытковая праца ў Мінску — касір-кантралёр.

«Ад 5 мільёнаў рублёў» — гэта прапанова «Еўраопта». «Вопыт працы, зарплата 6 мільёнаў» — а гэта ўжо набірае людзей «Віталюр».

Прычым у гандлёвыя сеткі шукаюць яшчэ і ахоўнікаў, грузчыкаў, абвальшчыкаў мяса, кухараў… Адкрываюцца ўсё новыя і новыя крамы, таму супрацоўнікаў катастрафічна бракуе. Прыцягваць моладзь удаецца толькі высокімі заробкамі.

Яшчэ ў студзені 2012 года дырэктар «Еўрагандлю» Андрэй Зубкоў казаў, што найлепшыя супрацоўнікі ў крамах «Еўраопт» атрымліваюць па $1000.
У такія лічбы мала хто паверыў, але дыспрапорцыя відавочная. Напрыклад, у багатай Маскве касіры маюць у сярэднім каля $750, а ў мінскім «Віталюры» ім гатовыя плаціць па $700.

Ці насамрэч я змагу атрымліваць такія грошы нават без адпаведнай адукацыі? Пачынаю абтэлефаноўваць аддзелы кадраў гандлёвых сетак. Званок у «Гіпа». «Вопыт працы ёсць?» — «Не…» — «Зараз пераднавагодні месяц, часу на навучанне няма. Патрэбныя касіры, каб адразу выйсці на працу на поўную занятасць». Падобную аргументацыю чую яшчэ ў адной сетцы, дзе мне раяць звяртацца пасля Новага года.

У «Суседзях» гатовыя да таго, што ў мяне адукацыі няма, таму прапануюць прайсці стажыроўку.
Зарплата пачне налічвацца з першага дня працы. Праўда, пралічыць, колькі я атрымаю, складана. Мне абяцаюць 3 мільёны рублёў і працэнт ад касавай выручкі.

Для «Рублёўскага» расказваю, што я малады касір, раней працаваў у райцэнтры, а цяпер збіраюся скарыць сталіцу. «Прыязджайце на сумоўе. Напэўна, вы нам падыдзеце», — чую радасны голас у слухаўцы. «А заробак які?» — «Стартавы будзе 3,85 мільёна. Але будуць яшчэ і іншыя выплаты. Рэальна будзеце зарабляць больш. Графік працы — два дні праз два».

Цяпер час паразмаўляць з тымі, хто ўжо не першы месяц праводзіць за касай. «Я працую ўжо год. Але цякучка ў краме такая, што з часу майго прыходу пазвальняліся амаль усе,
— расказвае 24-гадовая Наталля з „Еўраопта“. — 12 гадзін за касай, фактычна без магчымасці адбегчы ў прыбіральню ці проста адпачыць падчас абеду… Гэта складаная праца, хоць грошы можна атрымаць даволі вялікія. Рэальна я атрымліваю каля 6–6,5 мільёна рублёў. Каля таго і ў калегаў. Вось толькі часу іх траціць не застаецца».

Касіры наракаюць, што штрафы часцяком з’ядаюць ільвіную частку заробку. Нястача ў касе, хвіліннае спазненне, скарга кліента — пасля ўсіх вылічванняў у неспрактыкаваных супрацоўнікаў на руках застаецца палова абяцанага заробку, добра калі 4 мільёны рублёў. Але з часам прывыкаюць і да гэтага. «Такія грошы — амаль $600 — без адукацыі я наўрад ці дзе-небудзь атрымаю, — прызнаецца Ірына, якая ўладкавалася ў „Карону“. — А той, хто ра-зумнейшы, ідзе ў кіраўніцтва нашых крамаў. У параўнанні з іхнімі заробкамі мы маем капейкі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?