Мінімальная сума пакупак пры ўвядзенні сістэмы tax free ў Беларусі складзе 800 тыс. рублёў.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 5 снежня ў Мінску паведаміла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.

«Мы дыскутавалі аб суме тавараў. Гэта будзе 800 тыс. беларускіх рублёў, або прыблізна 100 долараў. У Літве, Польшчы гэта 50 еўра, у Італіі — 180 еўра — такая планка», — сказала Наркевіч.

Яна зазначыла, што гэтая сістэма не будзе распаўсюджвацца на турыстаў з краін Мытнага саюза (Расіі і Казахстана).

«Але для турыстаў з іншых краін такая сістэма будзе дзейнічаць, бо яны заўсёды нешта купляюць. Гэта будзе добра і для беларускага тавару, і для брэндавых магазінаў», — мяркуе намеснік міністра.

Наркевіч нагадала, што прынята рашэнне аб увядзенні гэтай сістэмы з 2013 года. «Мы пайшлі нават наперадзе Расіі», — зазначыла намеснік міністра. Унесены адпаведныя змены ў Падатковы кодэкс. «Увядзенне сістэмы будзе для нас вельмі добрым да 2014 года, калі ў сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі павялічыцца паток замежных турыстаў», — зазначыла яна.

***

Сістэма tax free — гэта міжнародная праграма кампаніі Global Refund, якая дазваляе атрымліваць грашовую кампенсацыю ПДВ, што ўваходзіць у кошт купленага за мяжой тавару. Паслугамі кампаніі штодзённа карыстаюцца звыш 22 тысяч чалавек ва ўсім свеце. Кожны, хто вяртаецца з-за мяжы з пакупкамі, зробленымі ў магазінах tax free, мае права на грашовую кампенсацыю сумы падаткаў, выплачанай за набытыя тавары. У сярэднім, у залежнасці ад падатковага заканадаўства краіны знаходжання, сума, якую вяртаюць, складае ад 10 да 20% ад кошту тавару. Гэтыя грошы можна атрымаць пры праходжанні мытнага кантролю, пакідаючы краіну знаходжання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?