Нарач. Рыбакі за працай. 1930-я.

Нарач. Рыбакі за працай. 1930-я.

1936 год. Рыбакі на лёдзе зімовай Нарачы. магчыма, хтосьці з іх браў удзел у змаганні за возера.

1936 год. Рыбакі на лёдзе зімовай Нарачы. магчыма, хтосьці з іх браў удзел у змаганні за возера.

Стары нарачанскі рыбак. 1936 г.

Стары нарачанскі рыбак. 1936 г.

Міхал Роліч сядзеў на Лукішках за ўдзел у нарачанскіх пратэстах. Фота 1960-х.

Міхал Роліч сядзеў на Лукішках за ўдзел у нарачанскіх пратэстах. Фота 1960-х.

Рыбацкія тоні Нарачы.

Рыбацкія тоні Нарачы.

Нарачанскаму бунту прысвячалі паэмы і карціны. Віталь Цвірка "Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач" (1957).

Нарачанскаму бунту прысвячалі паэмы і карціны. Віталь Цвірка "Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач" (1957).

Яны былі далёкія ад палітыкі і нацыянальных імкненняў. Іх яднала пачуццё крыўды і перакананне, што не можа ўмомант стаць чужым тое, што стагоддзямі належала іх прадзедам. Яны самі сябе баранілі, збіралі грошы, салідарызаваліся — і перамаглі.

Беларускія рыбакі самі, без адвакатаў і пратэжэ, змусілі аўтарытарную дзяржаву пайсці на саступкі. Адстаялі сваё права на беларускае мора — Нарач.

Вясна 1935 года. Прыазёрныя вёскі апанавала роспач: раптам прыехала паліцыя і забараніла рыбакам набліжацца да возера. Што есці? З чаго жыць? Паліцыянтаў гэта мала кранае: яны спасылаюцца на закон міністра сельскай гаспадаркі Панятоўскага: лавіць рыбу ў возеры маюць права толькі яго законныя ўласнікі. Нейкае непаразуменне: хто ж, як не мясцовыя людзі, тыя законныя ўласнікі? Яны ад дзядоў-прадзедаў атрымалі возера ў спадчыну. Многія могуць пацвердзіць права на рыбныя тоні дакументамі. Рыбакі тыцкаюць паперы паліцыянтам. Але тыя адмахваюцца. Загадана не пускаць.

Так польскі урад нацыяналізаваў Нарач.

«Дакажыце, што возера ваша»

За праўдай рыбакі едуць да старасты ў Паставы. Пачутае адбірае ў іх мову.
25 сакавіка ўступіў у дзеянне новы рыбацкі закон. Лавіць рыбу несанкцыянавана забараняецца: калі хтосьці мае правы на частку во-зера, на ім утвараецца рыбацкая зона. «Можа, і ваша возера, я ж не супраць, але дакажыце гэта», — кажа стараста. А як дакажаш? Грошай няма на хлеб, не тое што на адвакатаў у судзе.

Не ўсе сяляне мелі дакументы на свае тоні. Большасць абапіралася на традыцыю, на права бацькоў і дзядоў. Рэшта атрымала нарачанскія тоні ў якасці кампенсацыі падчас нацыяналізацыі зямлі.

А «да моманту высвятлення юрыдычнага статусу» Нарач здалі ў арэнду дзяржаўнай фірме — Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. На возеры была створаная ўсяго адна рыбацкая зона — для яе.

Пяць тысяч чалавек адчулі подых галоднай смерці. Бо без Нарачы пракарміцца і зарабіць грошы на падаткі рыбакі не маглі.

Новы закон спарадзіў абсурд: дзяржава выдаткоўвае грошы на рыбную гаспадарку Нарачы, каб сотні сем’яў не мелі чым плаціць гэтай дзяржаве падаткі.

Парадкі ў Дырэкцыі

Новы парадак паставіў крыж і на традыцыі, якая спакон вякоў існавала на Нарачы. Падчас лову рыбакі дзяліліся рыбай з усімі, хто прыходзіў на возера. Адзін дапамагаў з невадам, другі збіраў рыбу, дзеці соваліся туды-сюды з кошыкамі і збанамі. Ніхто не сыходзіў з пустымі рукамі.

Дырэкцыя ж не дазваляе найманым рабочым узяць дадому ані рыбкі. Пасля працы іх абшукваюць. Калі ў кагосьці знаходзяць хаця б адну — выкідаюць з працы.
Ды і плаціць Дырэкцыя смешныя грошы: злоты за дзень. Пяць невадаў, якія яна запусціла на Нарачы, абслугоўвае ўсяго 150 чалавек.

Што рабіць астатнім? Куды ні падайся — адказ адзін: дакажыце права на ўласнасць. Але за што жыць? Зямля вакол Нарачы не родзіць — пяскі. Сяляне просяць Дырэкцыю дазволіць ім запусціць на Нарачы хоць два прыватныя невады на сяляву. Старшыня Яблоньскі дазваляе, але з умовай: рыбу яны павінны прадаваць яго ўстанове.

66% рынкавай цаны

Ініцыятыву бяруць у свае рукі аўтарытэтныя рыбакі Міхал Кавалёнак з Купы і Васіль Булаўка з Галубэнькі.
Яны даюць па вёсках гасла: збор грошай на невады. Булаўка прадае каня за 115 злотых, хтосьці — карову. Нехта дае 50, нехта 5, нехта 3 злотыя. Са 120 чалавек сабралі 500 злотых. Яшчэ на 1300 рыбакі падпісваюць вэксалі і едуць у Вільню — па невады.

Праз некалькі дзён навюткія сеткі апускаюцца ў нарачанскія глыбіні. З 800 кілаграмамі сялявы рыбакі едуць у сядзібу Дырэкцыі. А там — неспадзяванка: «Рыбу возьмем, але заплацім толькі 66% ад рынкавай цаны».

Рыбакі плююцца і вязуць сяляву ў Вільню купцу Рыўкінду, сталаму пакупніку нарачанскай рыбы. А там ужо чакае паліцыя. Тавар канфіскуюць, пра аплату няма і слова... Дзе справядлівасць? Рыбакі кідаюцца да ваяводы. Але той іх і слухаць не стаў.

Страйк

І спакойныя нарачанцы не вытрымліваюць. Невядома, хто першы прамовіў гэтае слова — страйк. Хтосьці адважны кідае кліч: «Калі ўрад не дазваляе лавіць рыбу нам, дык мы не дазволім лавіць яе ўраду».

Салідарна паўсталі вёскі Наносы, Купа, Галубэнькі, Чараўкі, Пасынкі, Мікольцы... Пачатак лютага, страшэнныя маразы. Сяляне выходзяць на нарачанскі лёд. Моўчкі выцягваюць з вады невады Дырэкцыі, заносяць на бераг і акуратна развешваюць. Ніхто не лямантуе, не кідаецца ў бойку. Работнікі Дырэкцыі толькі вачыма лыпаюць. Праца сарваная.

Тады ляснічы наймае лавіць рыбу сялян з далёкіх вёсак — мо з гэтымі бунтаўнікам будзе цяжэй справіцца, чым з аднавяскоўцамі. Але наносаўцы, пасынкаўцы і купаўцы гоняць новых работнікаў з Нарачы. Без бойкі, вострымі словамі, рашуча і настойліва. Праца на Нарачы цалкам спыняецца з-за бунту сялян.

«Як у Саветах — прыйшлі нашу ўласнасць забіраць?»

Супраць рыбацкага закона пратэстуюць не толькі нарачанцы. Недалёкай вёсцы Пярэградзь належала 522 гектары возера Мядзел. Частку тоняў сяляне здавалі ў арэнду тутэйшаму багацею Уладзіславу Вештарду. Бывала, за год ён плаціў вёсцы па 2 тысячы злотых.

Калі пачаў дзейнічаць рыбацкі закон, на возера быў абвешчаны тэндар. Перамог Вештард, за 3250 злотых арандаваў усё возера.
Але грошай сяляне не пабачылі. Сума ішла ў казну староства.

Калі Вештард выйшаў на лёд лавіць рыбу, сяляне забралі ў яго невад. Вештард выклікаў паліцыю. Чаго толькі не наслухаліся тыя чацвёра паліцыянтаў!

— Што вы гэта? Як у Саветах — прыйшлі нашу маёмасць, нашу ўласнасць забіраць?! — лямантавалі людзі.

Самыя ж адважныя пачынаюць зноў лавіць. За гэта 28 рыбакоў трапляюць пад арышт.

Стараста просіць міру

Вернемся на Нарач. Рыбак з Наносаў Міхал Роліч і Міхал Субач з Пасынак едуць да пана Яблоньскага — на перамовы. Увечары вяртаюцца ні з чым. А следам да Роліча завітвае паліцыя і запрашае праехацца ў мястэчка Кабыльнік. «Хутка вернецеся», — запэўніваюць паліцыянты. З Кабыльніка Роліча вязуць у Паставы, куюць у кайданы і этапуюць на Лукішкі. Праз тры тыдні рыбака вызваляюць, як і арыштоўвалі — без тлумачэнняў.

А дома Роліч дазнаецца, што страйк скончаны. Калі яго арыштавалі, 400 рыбакоў прыехалі ў Кабыльнік патрабаваць вызвалення. Цудам удалося пазбегнуць сутычак з паліцыяй.

Стараста, пабачыўшы, як накалілася сітуацыя, прапануе мір. «Калі вы дазволіце лавіць Дырэкцыі і самі пачнеце працаваць, мы вызвалім вашых таварышаў. Лавіце сяляву сваімі сеткамі, але прадавайце яе Дырэкцыі. Цана — 50 грошай за кілю», — кажа стараста. Рыбакі радзяцца. Калі адняць кошт транспарту ў Вільню і камісійныя, выходзіць тое самае, што і да прыняцця закона. І яны пагаджаюцца.

Стараста прапануе падпісаць дамову, але сяляне адмаўляюцца: «Дырэкцыя не ўласнік Нарачы, таму падпісваць не будзем». Вусная дамова з Дырэкцыяй тычылася толькі сялявы. Пра акунёў, плотак, шчупакоў гаворкі не было. Сяляне лавілі іх у неабмежаванай колькасці і прадавалі каму хацелі. За канфіскаваныя ў Вільні 800 кілаграмаў рыбы ім, дарэчы, таксама вярнулі грошы. За кілю па 66 грошаў. Добрая цана.

Камуністы хацелі прымазацца

А ўвесну 1936 Дырэкцыя цалкам выраклася тае арэнды. Нарачанскія рыбакі адстаялі сваё возера. Гэтую перамогу хацелі пасля прысабечыць камуністы. КПЗБ абвясціла сябе натхняльніцай бунту, пасля вайны камуністы баілі пра ўлёткі, якімі яны закідалі ваколіцы Нарачы, пра лясныя перамовы з сялянамі. Аднак польскім уладам было б выгадна спісаць бунт на «руку Масквы», каб жорстка расправіцца. Палітычная паліцыя не прапусціла б магчымасці выявіць савецкіх шпегаў-агітатараў. Але нічога падобнага не было.

Нарачанскі бунт быў самастойным пратэстам рыбакоў, і гэтым ён унікальны.

Пасля страйку віленскі журналіст Юзаф Мацкевіч, які фактычна вёў «анлайн» рыбацкага бунту ў газеце Slowo, пытаўся ў нарачанцаў, ці прадалі б яны возера, калі б урад прапанаваў добрыя грошы. Адзін рыбак адказаў на гэта: «А ці маю я права? Ну, вазьму я пару соцень, тысячу, а можа і дзве. Грошы скончацца — і што далей? Я пра дзяцей павінен думаць».

Нарачанскі бунт быў горкім урокам для польскай улады і пацвердзіў старую праўду: калі дзяржава губляе павагу да грамадзян, то павінна чакаць такога ж стаўлення і да сябе.


Просмотреть Нарачанскі бунт 1936 г. на карте большего размера

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?