Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч правёў анлайн-канферэнцыю на сайце Радыё Свабоды. Прыводзім самыя цікавыя адказы.

— Вас папярэджвалі пра тое, што вас чакае лёс Гарбачова, паколькі вы сядзелі на двух крэслах, спрабуючы прымірыць БНФ і Камуністычную партыю.

— Лепш калі нешта будзе, але дрэнна — калі нічога ня будзе.

І на кампрамісы трэба ісьці. Кампрамісы — гэта рухавік дэмакратыі. Іншага шляху няма.
Немагчыма абраць парлямэнт, каб ён быў такі прабеларускі, каб усе там былі БНФаўцы, — таму што ёсьць людзі іншых поглядаў і іх трэба паважаць, і трэба ўлічваць іх падыходы. Я заўсёды прытрымліваюся такога падыходу.

— Ці адчуваеце вы за сабою хоць трошкі віны і адказнасьці за тое, што амаль паўмільёна подпісаў беларусаў за новыя выбары ў ВС былі, мягка кажучы, праігнараваныя за кошт вашай слабой волі і нават здрадніцкай пазіцыі ў шуканьні «згоды» з камуністычнай большасьццю, хаця Закон патрабаваў іншага? Мы тады не мелі б таго, што маем сёньня.

— Вы мне прабачце, але хочацца назваць Ваша пытаньне не зусім разумным. Я ня мог зрабіць, каб адбыўся рэфэрэндум.

Я мог толькі паставіць гэта пытаньне на Вярхоўным Савеце, каб адбыўся рэфэрэндум. Мы ставілі, гэта пытаньне, але Вярхоўны Савет яго адкінуў. Што можна было яшчэ зрабіць? — нічога.
А цяпер, заўважце, я Вам па сутнасьці пытаньня адкажу: кіньце «даіць» гэтыя часы, 1991–92 гады. Глядзіце ў будучыню. Чаму Вы сёньня нічога ня робіце, каб Беларусь была вольнай і незалежнай?!. Нічога ж ня робіце, толькі языком плявузгаеце, абмяркоўваючы гэтыя старыя пытаньні!.. Заўважце, што зрабіў Беларускі Народны Фронт: гэта была цудоўная структура ў 1988 годзе, гэта была цудоўная структура ў 1991–1992 гадах, калі 25 чалавек часамі вялі за сабой фактычна ў дзесяць разоў больш апанэнтаў, і прымаліся рашэньні ў Вярхоўным Савеце. І паверце, што я прыклаў руку да таго, што яны прымаліся. Інакш бы яны не былі прынятыя. Але Беларускі Народны Фронт хацеў большага, — гэта значыць ня ўмець узважыць свае сілы, ня ўмець разабрацца. І што мы атрымалі?..
Прааналізуйце вынікі выбараў 1995–1996 года: ніводнага прадстаўніка БНФ не абралі ў парлямэнт. На справядлівых, сумленных выбарах. Чыя гэта памылка: народу ці БНФ? — Гэта памылка БНФ. Таму што яны не змаглі ацаніць свае сілы, і не падцягнулі абоз.
Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парлямэнце. Гэта вялікая памылка. І трэба гэту памылку выпраўляць, а лепей — працаваць так, каб Беларусь зацьвердзілася беларускай.

— Чаму Спадар лічыць ЕГУ антыбеларускім універсітэтам? У ЕГУ вучыцца вельмі шмат годных беларускіх патрыётаў, якія любяць Беларусь, сваю мову і народ. Абгрунтуйце свае погляды на тэму ЕГУ, калі ласка.

— Я ніколі ня меў прэтэнзій да тых, хто вучыцца ў гэтым унівэрсытэце і ніколі не рабіў заўваг на іх адрас, але

я не магу трываць, калі марксісты-ленінцы, якія казалі, што панаваньне марксізму-ленінізму ва ўсім сьвеце — гэта гарантыя дабрабыту ўсяго на сьвеце, — калі гэтыя людзі вучаць, выкладаюць і не пакаяліся за свае грахі.
Прачытайце разьдзел маёй кніжкі пра інтэлігенцыю. Там Вы знойдзеце пэрсанальна тых, хто ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце навязвае антыбеларускасьць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?