Падчас прызначэння новага старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава 10 снежня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе пытанні развіцця дрэваапрацоўчай галіны вырашаліся максімальна аператыўна, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Мы ў наступным годзе галоўным чынам павінны гэтыя вытворчасці выдаць. Справа не толькі ў грошах. Іншыя краіны, дзе ёсць дрэваапрацоўка, не спяць. Яны ўводзяць новыя вытворчасці. А хто першы прыйдзе на рынкі, той і будзе імі валодаць. Попыт на гэтую прадукцыю вельмі вялікі», — заявіў Лукашэнка.

«Таму я практычна штурмам прапаную ўзяць гэтую вышыню. І на дрэваапрацоўцы мы навучым і іншых, як трэба працаваць і ставіцца да справы», — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да Пераслаўцава, Лукашэнка адзначыў, што выбар яго кандыдатуры быў у тым ліку звязаны з паспяховай працай на ранейшай пасадзе.

«Ваша прадпрыемства і цяпер холдынг („Беларускія шпалеры“) — гэта паспяховая вытворчасць. Яна не завалена і не правалена, — сказаў Лукашэнка. — У нас вельмі шмат праблем у дрэваапрацоўцы. Вы бачылі мае жорсткія рашэнні. Я не магу прабачыць былому кіраўніцтву гэтае зацягванне з уводам магутнасцяў. Гэта ж і адпаведныя страты. Вы ніколі не спыняліся, вынаходзілі штосьці новае. Таму і засталіся на плаву. Так павінны былі працаваць і іншыя. Але нават там, дзе прэзідэнт падпісаў указ па гэтых дзевяці велізарных камбінатах, былі правалены тэрміны».
«Зараз усе штурмам спрабуюць узяць. І ўсе гэтыя мае, скажам так, непапулярныя рашэнні з нагоды звальненняў, замацавання кадраў на гэтых вытворчасцях — гэта не таму, што іх там не хапае.
Проста трэба парадак навесці. Нельга разбазарваць грошы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што найбліжэйшым часам мае намер наведаць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ў Магілёве і Віцебску, дзе гаворка пойдзе пра рэалізацыю планаў па мадэрнізацыі вытворчасцяў.

***

Нагадаем, 23 лістапада Лукашэнка адхіліў ад працы генеральнага дырэктара ААТ «Івацэвічдрэў» Барыса Міхнюка, заявіўшы, што кіраваць прадпрыемствам і наводзіць парадак на вытворчасці будзе Уладзімір Шульга, які да гэтага быў старшынёй канцэрна «Беллеспаперапрам». Падчас сустрэчы з работнікамі прадпрыемства, якія запыталіся, што будзе далей з іх заводам, Лукашэнка сказаў: «Магу дакладна сказаць: такога завода, як цяпер, які месцамі ў сметнік ператварыўся, у вас сапраўды не будзе. І гэта зробіце вы, магчыма, з новым дырэктарам. Трэба ва ўрадзе разгледзець пытанне — Шульгу накіраваць сюды дырэктарам завода, пакуль не навядзе парадак. А старога мы звольнім з заўтрашняга дня, таму што так ніхто не працуе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?