Мытня «Мінск-2», РУП «Белпошта» і РУП «Белмытнясэрвіс» падпісалі пагадненне аб тэхналогіі мытнага афармлення экспрэс-адпраўленняў, што дастаўляюцца ў Беларусь міжнароднымі авіяцыйнымі зносінамі па сетках экспрэс-перавозчыкаў.

Як паведамляе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, раней адпраўленні пісьмовай карэспандэнцыі і пасылкі, якія паступілі ў Беларусь па паштовых сетках, афармляліся, апрацоўваліся і дастаўляліся атрымальнікам па месцы жыхарства «Белпоштай», а тыя, якія паступілі па сетках экспрэс-перавозчыкаў (TNT, DHL і іншых), размяшчаліся на складзе часовага захоўвання (СЧЗ), што размешчаны на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Туды атрымальнікі з усёй краіны павінны былі прыязджаць для запаўнення і падачы ў мытню «Мінск-2» мытнай дэкларацыі на тавары, якія ўвозяцца, і выплаты (пры неабходнасці) усіх належных плацяжоў.

Гэтая схема неаднаразова выклікала нараканні з боку грамадзян, якія не мелі вопыту ў знешнеэканамічнай дзейнасці і вымушаны былі траціць сілы, час і сродкі на паездку ў аэрапорт для атрымання прыбыўшых адпраўленняў.

Грамадзяне, якія не маюць навыку ў змяшчэнні тавараў пад мытную працэдуру, пры дэклараванні нярэдка дапускалі скажэнні і рабілі памылкі, ліквідацыя якіх зацягвала час мытнага афармлення.

Пасля ўкаранення новай тэхналогіі грамадзянам, якія атрымліваюць экспрэс-адпраўленні, даецца альтэрнатыўны выбар: або асабіста прыбыць у Нацыянальны аэрапорт Мінск для правядзення адміністрацыйных працэдур па мытным афармленні тавараў, або звярнуцца ў найбліжэйшае аддзяленне паштовай сувязі, дзе можна запоўніць і падпісаць дагавор з РУП «Белмытнясэрвіс» на дэклараванне адпраўлення, якое паступіла на яго адрас. Атрымаўшы ад «Белмытнясэрвісу» інфармацыю аб належных мытных плацяжах, грамадзянін можа правесці іх аплату ў тым жа аддзяленні паштовай сувязі і адпраўляцца чакаць гэтае адпраўленне, дастаўку якога возьме на сябе «Белпошта».

Спецыялісты «Белмытнясэрвісу» прафесійна задэкларуюць тавары, якія паступілі, а супрацоўнікі «Белпошты» аператыўна даставяць іх атрымальніку ў аддзяленне паштовай сувязі згодна з адраснымі звесткамі, што ўказаны ў суправаджальных дакументах.

Паштовыя тарыфы за перавозку і дастаўку адпраўленняў атрымальнікам па Беларусі будуць аплачаны экспрэс-перавозчыкам у адпаведнасці з прэйскурантам дзейных тарыфаў на гэтыя паслугі.

Увесці ў дзеянне гэтую тэхналогію плануецца 3 студзеня пасля заключэння адпаведных дагавораў экспрэс-перавозчыкаў з «Белпоштай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?