Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ў аддзеле дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем i аховай зямель i геадэзiчнага нагляду Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi, па стану на 1 лiпеня ў краiне сёлета спецыяльнымi камiсiямi было абследавана 22 535 населеных пунктаў. Пасля праведзенай маштабнай работы гаспадарамi пустога жылля было накiравана ў сельвыканкамы 45 446 заяў аб намеры выкарыстоўваць жылыя дамы для пастаяннага або сезоннага пражывання.

У вызначаных населеных пунктах спецыялiсты абследавалi 66 278 дамоў, па якiх у мясцовых уладаў былi пытаннi. У вынiку абследавання 17 630 пабудоў атрымалi заключэнне аб тым, што ў гэтых дамах нiхто не жыве. Аднак з гэтай колькасцi аб’ектаў нерухомасцi толькi 4108 дамоў трапiлi ў спецыяльны рэгiстр пустых дамоў. Справа ў тым, што вялiкая колькасць гаспадароў звярталася ў выканкамы пасля публiкацыi ў мясцовай газеце даных аб магчымым уключэннi ў рэгiстр iх дамоў як пустуючых.

Выканкамы разгледзелi толькi 7580 заключэнняў спецыяльных камiсiй. Акрамя таго, зараз у мясцовых сродках масавай iнфармацыi размешчаны паведамленні аб 5612 дамах, якiя могуць трапiць у рэгiстр пустых. Пасля канчатковага ўключэння пустых дамоў у спецыяльны рэгiстр мясцовыя ўлады павiнны будуць наладзiць продаж гэтых аб’ектаў нерухомасцi, у тым лiку i праз механiзм аўкцыёнаў. Найбольш актыўна барацьбу з пустым жыллём у вёсцы наладзiлi ў заходнiм рэгiёне краiны. У Брэсцкай вобласцi было складзена 7569 заключэнняў аб пустых дамах, у Магiлёўскай — 3394, у Мiнскай — 2874.

Сёння ў краiне за паўгоддзе знесена 7963 старыя дамы. Больш за палову з гэтай колькасцi было знесена ў Вiцебскай вобласцi — 4115 дамоў. Увогуле, сёння ў краiне налiчваецца 41 260 старых дамоў…

Сяргей Куркач, «Звязда»

Глядзі яшчэ:
Дамы — у ямы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0