Ініцыятары праекта «Нацыянальны пантэон» сабраліся, каб абмеркаваць вынікі працы за паўгода. Ад складання спісаў беларускіх герояў, якіх варта вярнуць у масавую гістарычную памяць, яны перайшлі да дзеянняў па іх папулярызацыі. Гісторыкі адпраўляюцца па рэгіёнах, дзе праводзяць семінары і сустрэчы з неабыякавымі да гісторыі людзьмі.

«Кожны чалавек з большым імпэтам уцягваецца ў вывучэнне гісторыі і шанаванне памяці выбітных асобаў, калі гэтыя асобы паходзяць з ягоных мясцінаў, — кажа гісторык Андрэй Кіштымаў. — Такі герой можа не быць агульнанацыянальным, але ў пэўным рэгіёне ён — сапраўдная легенда. Рамана Скірмунта ўдалося „выцягнуць“ на нацыянальны ўзровень, але гэта хутчэй выключэнне».

У сувязі з гэтым эксперты прапанавалі цікавы спосаб папулярызацыі гісторыі — у 2013 годзе будзе адзначацца 150-годдзе паўстання Каліноўскага.

Можна было б засяродзіць увагу не на асобе Каліноўскага, а на асобных паўстанцах
, якія былі лакальнымі героямі ў сваіх родных гарадах.

У чарговы раз аўтары праекту ўзнялі пытанне тапанімікі. У Беларусі мноства вуліц, якія можна было б назваць імёнамі сапраўдных нацыянальных герояў замест савецкіх. «У кожным горадзе Беларусі ёсць вуліца Свярдлова. — кажа гісторык Ніна Стужынская. — Аднак якое дачыненне Свярдлоў мае да Беларусі?»

«Пэўныя беларускія сляды ў жыцці Свярдлова былі,
— пярэчыць аршанскі гісторык Віктара Міхасёў. — Ужо шмат гадоў у колах гісторыкаў гучыць той факт, што Свярдлоў памёр праз тое, што быў збіты на заводзе. Дык вось, завод гэты знаходзіўся ў Оршы. Свярдлоў выступаў там з прамовай, калі з натоўпу працоўных нехта кінуў у яго камнем. Трапіў у галаву…»

Спадарыня Стужынская спадзяецца, што з пераназываннем вуліц Свярдлова ды Войкава можа дапамагчы праваслаўная царква: «Свярдлоў даў загад на расстрэл царскай сям’і, і

для праваслаўных вернікаў гэта мусіць быць абразай — жыць на вуліцы імя забойцы
».

Дый ці мала савецкіх бессэнсоўных назваў засталося ў спадчыну! Калектарныя завулкі, ці гомельскія восем (!) завулкаў Ільіча, ці мінскі Другі Веласіпедны завулак…

Не засталася па-за ўвагай экспертаў і тэма новых крыніц пошуку звестак пра забытых герояў. Сярод такіх крыніц могуць быць вясковыя хатнія архівы. І тут востра ўстае праблема знішчэння вёсак — часта кінутую хату проста бураць або паляць, разам з дамамі гінуць прадметы, якія маюць вялікае гістарычнае значэнне, фота ХІХ стагоддзя.

«У куфрах у бабуляў, якія калісьці жылі ў тых хатах, захоўваліся рэчы, якія зараз і ў музеях нельга знайсці. — кажа Віктар Міхасёў. — Да таго ж і самі хаты маюць гістарычную каштоўнасць, аднак на гэта таксама ўвагі не звяртаюць».

Але галоўнай задачай застаецца стварэнне пантэона герояў Беларусі. Спісы, якія з’явіліся ў чэрвені, былі не канчатковымі і выклікалі вялікія спрэчкі. Яны ўсё яшчэ адкрытыя, кожны з чытачоў можа прапанаваць сваю кандыдатуру гістарычнай асобы, вартай ушанавання. Свае варыянты дасылайце ў каментары да гэтага матэрыяла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?