Нядаўна, калі Украіна зноў стагнала ад незагоенай раны Галадамору, а Беларусь намаганнямі сумленных даследчыкаў адкрывала для сябе дзесяцігоддзямі затоены жах, нейкая маскоўская дама з навамоднай пароды так званых «незалежных палітолагаў» так выказалася аб трагедыі: «...Галадамор? Гістарычны тэрмін».

Чамусьці ўзгадалася адно мінскае застолле напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Пад плясканне ў далоні падалі бутэрброды з ікрой, якой, дзякуючы блізкаму знаёмству з адным распарадчыкам дэфіцыту, расстаралася гаспадыня. «А вы памятаеце, — запытаўся сусед па сталу, выціраючы рот сурвэткай, — як у пяцідзясятых гадах прадавалі ікру проста з бочак?»
Вядома, я памятаў. Я нават памятаў, дзе прадавалі — у гастраноме насупраць Дома ўрада, што месціўся на першым з пяці паверхаў будынка ў стылі ампір.
І не толькі ікру — кансервы «Снатка» з сапраўдных крабаў, вяндліну і вэнджаныя кілбасы, ад якіх ішоў галавакружны пах, і селядцы, таксама з бочак, з дзівоснай назвай івасі...

Яшчэ я памятаў цётку Полю з тых жа гадоў. Бразгаючы ад раніцы бітонамі, у галёшах на босую нагу, разносіла па начальніках і блізкай да ўлады інтэлігенцыі малако, зрэдку — цяляціну, пералічваючы пасля кожнага продажу пакамечаныя дарэформенныя траякі ды рублі. Ці каштавала сама?

Памятаў я і Мацея з нарачанскай вёскі Купа, куды ў згаданыя часы ікорна-кілбаснага росквіту пачалі наязджаць з Мінска першыя савецкія дачнікі. Неверагодна худы, да чарнаты высахшы на ветры і сонцы, гарбаціўся — у яго і сапраўды ўжо тады, у трыццаць гадоў, нарос горб — ад золку да золку, раз на дзень сілкуючыся заціркай і поснай бульбай. Рыбу, якой у Нарачы было тады зашмат, прадаваў за капейку, сам амаль што не еў...

І Тафілю, жонку Мацея, адразу і канчаткова аглухшую і анямеўшую ад ягонага п’янага кулака, запомніў на ўсё жыццё.
Нешта мыкаючы, яна аднойчы павяла мяне ў поле, уручыла серп і пачала вучыць, як трэба жаць жытнія каласы і вязаць снапы. Праз паўгадзіны я выдыхнуўся ад гэтай працы і схаваўся ў цень, пад куст на ўскрайку поля. Расплюшчыў вочы бліжэй да заходу — Тафіля ўсё яшчэ вязала снапы...

І Веранічку памятаю, іхнюю трохгадовую дачушку. Сунуўшы за мурзатую шчочку цукерку — чарговы дачны гасцінец — выводзіла з недзіцячай сур’ёзнасцю: «Добра ў горадзе жывуць — па радыё пяюць і цукеркі ядуць...»

Ужо тады, быўшы падлеткам з адносна добраўладкаванай гарадской сям’і, я намагаўся знайсці і не знаходзіў адказу на пытанне, чаму людзі, якія вырошчваюць і жнуць жыта, самі жывуць надгаладзь.
І не жывуць нават, а, як пра тое стала вядома пазней, неймавернымі мільёнамі паміраюць...

Да адказу, падаецца, бліжэй за ўсіх наблізілася Украіна, вызначаючы трагедыю страшным словам — генацыд.

У розных краінах і часах, аж да сёняшніх, голад касіў і косіць цэлыя плямёны і народы па розных прычынах, сацыяльных у тым ліку — сухмень, паводкі, войны...

Але толькі бальшавіцкі эксперымент утварыў Галадамор свядома, у выглядзе сацыяльна-палітычнага акта,
атрымаўшага ў савецкіх падручніках назву «ліквідацыя кулацтва як класа» і працягнутага ўтварэннем «новай гістарычнай супольнасці», названай «савецкі народ». Пад знакам, зразумела, сярпа і молата...

Некалькі гадоў таму, калі Украіна ці не ўпершыню на ўвесь свет аплаквала ахвяр той «ліквідацыі» і з усёй моцы выкараняла з сябе «новую гістарычную супольнасць», расійскі істэблішмент з уцягненнем шырокіх мас тэлегледачоў высвятляў, хто з найбольш крывавых гістарычных асоб заслугоўвае стацца Імем Расіі...

Якое ўжо тут прызнанне генацыду?! Ці хаця б прызнанне права Украіны лічыць генацыдам ліквідацыю голадам і ГУЛАГам уласнага сялянства, а за ім і мільёнаў гарадскога насельніцтва...

І такога ж права беларусаў, казахаў ды саміх расейцаў...

Толькі ў гэтым выпадку стане зразумелым і сёняшнім пакаленням, чаму трагедыя камунізму сталася агульным лёсам для ўсіх народаў СССР.

Але замест такога прызнання — халодная вайна тэрмінаў вакол памінання бязвінных ахвяр.

Усяму гэтаму магчыма, напэўна, адшукаць мноства тлумачэнняў. Але адно, на мой погляд, навідавоку. Расія, абвясціўшы сябе па зразумелай гістарычнай логіцы юрыдычнай правапераемніцай СССР, катэгарычным чынам цураецца маральнай адказнасці за свайго папярэдніка, за ягоныя неверагодныя злачынствы. Мабыць, таму, што прызнанне такой адказнасці вымагае не толькі асуджэнне гэтых злачынстваў, але і сапраўдны Суд, Ачышчэнне і Выраканне ад бальшавізму.

Але, відаць, генетычна моцная сувязь.

Што ж да афіцыйнага Мінска, то ягоная маўклівая безуважнасць ганебна.

І сапраўды: каму «чарка і скварка», каму — «каласы пад сярпом...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?