У васьмі раёнах Гомельскай вобласці 11 снежня адбылося адключэнне электрычнасці.

Электраэнергія адсутнічала з 6.30 да 18.03 у Калінкавіцкім, Нараўлянскім, Мазырскім, Ельскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Акцябрскім і Брагінскім раёнах. Як паведамілі ў Гомельскім абласным упраўленні МНС, без электразабеспячэння заставаліся 23 населеныя пункты, дзве малочна-таварныя фермы, чатыры сярэднія школы, тры дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Прычынай масавага адключэння сталі моцныя снегапады (пашкоджанні правадоў з-за наліплага снегу, падзення дрэў і г.д.).

Ноччу 11 снежня паступіла паведамленне аб адключэнні электраэнергіі і спыненні помп кацельнай у дзіцячым рэабілітацыйным аздараўленчым цэнтры «Сідзельнікі» ў Мазырскім раёне.
На час правядзення аднаўленчых работ электразабеспячэнне ажыццяўляецца ад дызельнага электрагенератара Мазырскага ГРАЧС. На гэты момант вядуцца аднаўленчыя работы.

На сёння электразабеспячэнне, паводле інфармацыі МНС, адноўлена ў поўным аб’ёме.

Разам з тым жыхары вуліцы Прытыцкага ў Мазыры паведамілі БелаПАН, што па стане на 12.30 12 снежня ў іх кватэрах не было ні электрычнасці, ні водазабеспячэння. «У нас канец свету, мабыць, наступіў на дзесяць дзён раней, чым меркавалася», — адзначыў грамадскі актывіст з Мазыра Павел Наздра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?