Расійская кампанія Yota Devices заявіла пра завяршэнне распрацоўкі «расейскага смартфона» пад аперацыйную сістэму Android 4.1. Плануецца, што тэлефон прэзентуюць на выставе Mobile World Congress у студзені 2013 года ў Барселоне.

Галоўным адрозненнем тэлефона Yota ад тысячаў іншых андройд-смартфонаў з’яўляецца наяўнасць адразу двух экранаў з дыяганаллю ў 4,3 цалі. На адной панэлі размешчаны звычайны LCD-тачскрын, а на адваротнай — экран, выкананы паводле тэхналогіі e-ink (электронныя чарнілы), якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучасных электронных кнігах. Падобныя экраны спажываюць энэргію толькі ў момант абнаўлення і захоўваюць выявы як заўгодна доўга. Распрацоўшчыкі тлумачаць, што на экран e-ink у мэтах эканоміі энэргіі можна будзе выводзіць смс-паведамленні, электронныя лісты, кнігі і іншыя тэксты.

Акрамя двух дысплэяў, тэлефон абсталяваны 12-піксельнай мегапіксэльнай камерай і дадатковай камерай для відэатэлефанавання і зможа падтрымліваць стандарты сувязі GSM, 3G i LTE.

Над стварэннем тэлефона працавала 35 спецыялістаў. У яго распрацоўку ўкладзена 25 мільёнаў даляраў, але кіраўніцтва Yota Devices упэўнена, што праект хутка акупіцца. Каштаваць дэвайс будзе каля 500 даляраў ЗША — танней за iPhone, але даражэй за «флагманскую» мадэль Galaxy S III карэйскай кампаніі Samsung.

Пакуль яшчэ безіменны смартфон ад Yota Devices — не першы тэлефон такой кампаноўкі: смартфоны з двума экранамі ўжо з’яўляліся ў азіяцкіх краінах, але асаблівай папулярнасцю сярод купцоў не карысталіся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?