Усевалад Сьцебурака - шоўмэн, канферансье.

Усевалад Сьцебурака - шоўмэн, канферансье.

Артыкул сп. Віктара Марціновіча, спрошчаны да тэзіснага плану, выкрывае наступныя недахопы беларускае культуры ў параўнаньні з прагрэсіўнымі культурамі суседзяў.

— Няма бэстсэлера.

— Няма кіна.

— Няма помніка.

— Няма поля.

Ня тое каб аўтар памыляўся, не, але ён, здаецца, наўмысна і з асаблівым цынізмам мацёрага правакатара (у сваёй класічнай і, што казаць, удала асвоенай манеры) блытае цёплае з мяккім і прымушае нас рабіць тое ж.

1. Бэстсэлер.

Цытата: «Цяпер у Беларусі няма мастацкага твору, які аб’ядноўваў бы нацыю ў пэўным культурным кансэнсусе. Апошнімі аўтарамі мастацкіх бэстсэлераў былі Быкаў і Караткевіч. Іх месца дагэтуль вакантнае. Пры гэтым хацеў бы адзначыць: беларусам бракуе не таленавітых пісьменьнікаў. Нам не хапае тупа сыстэмы распаўсюду кніг…»

Па-першае, бестсэлер і добрая кніга гэта не адное і тое ж. Бэстсэлер — гэта ўдалы камерцыйны праект. Хто фармуе яго? З аднаго боку, аўтар і выдавец. З другога, попыт (то бок, зацікаўленыя чытачы). Усё проста як лямпачка, але калі 95% беларусаў не валодаюць мовай, а дзяржава яшчэ і змагаецца з астатнімі 5% — адкуль возьмецца купец на кнігу на невядомай (малазразумелай) мове??? Каб нешта стала бэстсэлерам, трэба навучыць людзей чытаць на мове! А не наадварот — выдаць Маркеса ў арыгінале і дзівіцца, чаму ён ляжыць у крамах Танзаніі некрануты…

Па-другое, які твор аб’ядноўвае ў культурным кансэнсусе цяпер немцаў? Палякаў? Фінаў? Оў??? Пра што вы? Гэта штамп, прычым ня самы ўдалы. Быкава і Караткевіча мы любім і чытаем, але калі яны аб’ядноўвалі нацыю ў культурным кансэнсусе???? Ні пры жыцьці, ні цяпер. Наогул, калі і можна казаць пра нейкае аб’яднаньне ў кансэнсусе-то праз працяглы час («большое видится на расстоянии»), можа, і зараз нас нехта аб’ядноўвае — толькі мы пра гэта ня ведаем…)

Яшчэ. Які распаўсюд можа быць, калі дзяржава з зубоўным скрыгатам ледзь адну беларускую газэту даносіць да скрынкі???

Прыватны распаўсюд? Ён ёсьць, канечне… Здаецца, паводле апошніх зьвестак, даюць за яго цяпер прыблізна каля году ўмоўна з выплатаю грашовага спагнаньня.

2. Кіно/спектакль.

Тут яшчэ прасьцей. Кіно — гэта грошы найперш і наперад, бо з усіх відаў мастацтва яго найцяжэй рэалізаваць нашча. Грошы на якаснае беларускае кіно можа даць дзяржава (але ня нашая, бо яна не атаясамлівае сябе з беларускай нацыяй і культурай) ці бізнэс. Але бізнэс захоча грошы атрымаць з працэнтамі назад — а адкуль іх узяць, калі беларускае кіно патрэбнае тым самым 5%, якія чытаюць беларускія недабэстсэлеры? Адкуль каса?… Можна зьняць «обшчэпанятнае» мэла — каса такая-сякая будзе, але ці будзе гэта ЯКАСНАЕ БЕЛАРУСКАЕ КІНО?… Наконт «недаробленасьці», улічваючы адсутнасьць зацікаўленасьці з боку дзяржавы і бізнэсу: дарабляць кіно тыя, хто ім займаецца, палюбляюць за мяжой. Чамусьці.

3. Помнік.

«Чалавеку з густам цяжка езьдзіць у Сынкавічы, бо, прабачце, залатая цыбуліна сьлепіць вочы», — фраза, якой сп. Марціновіч тупа выкрэсьлівае са сьпісу помнікаў пэрліну беларускага дойлідзтва. Ах! Рэжа вочы! Ганьба!… Можа і так, але скажу, што прыкрая цыбуліна зьявілася там менавіта таму, што «людзі з густам» езьдзілі глядзець Хатынь з Брэсцкай крэпасьцю і насыпалі Курган Славы, замест таго каб апекавацца помнікамі — якіх няма. Зараз няма.

Хаця чаму няма?! Ёсьць у нас помнікі, якія адпавядаюць стану мысьленьня сучаснае Беларусі. Як можна было забыцца на такое? У нас жа Ільлічы стаяць ва ўсіх позах камуністычнай камасутры у кожным мястэчку і райцэнтры для каго? Любуйцеся! Прыгожа, дый езьдзіць ня трэба далёка.

4. Прастора.

Прастора ёсьць, але яна, кіруючыся фізычнаю тэрміналогіяй, разрэджаная. То бок, усё у ёй есьць, але ў малой колькасьці і знаходзіцца на вялікай адлегласьці. А чаму мала? Таму што ня можа быць шмат сапраўдных літаратараў пры адсутнасьці чытачоў, шмат крытыкаў пры адсутнасьці літаратараў і г.д.

Ну, а спажыўцы ўсяго вышэй згаданага? Са школкі трэба гадаваць спажыўцоў — ВУЧЫЦЬ БЫЦЬ БЕЛАРУСАМІ, тады і прастора пачне напаўняцца. І, як сказаў сп. Шалкевіч, «і без нашага крыку ўстане з каленяў занядбаны забіты народ».

А так, поле ёсьць, і гною даволі. Зярнятаў малавата. Бракуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?