Следства прызнала падазраванымі ва ўчыненні злачынства на падставе ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, што яўна выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных па службе) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы.
Пра гэта

паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Паводле яго слоў, УСК ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў праводзіць комплекс следчых дзеянняў, скіраваных на ўстанаўленне ўсіх акалічнасцяў учынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да вартаўніка аўтастаянкі Васіля Сарочыка.

На падставе арт. 223 і 224 КПК з удзелам пацярпелага 11 снежня былі праведзены працэдуры апазнання.
Паводле іх вынікаў, а таксама згодна з іншымі матэрыяламі крымінальнай справы следствам былі прыняты працэсуальныя рашэнні аб прызнанні супрацоўнікаў міліцыі падазронымі. Мера стрымання ў дачыненні да іх пакуль не абіралася.

У статусе падазраванага знаходзіцца оперупаўнаважаны Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.

***

Аб катаваннях у дачыненні да пенсіянера Сарочыка, вартаўніка аўтастаянкі, размешчанай па вуліцы Малініна ў Мінску, якая належыць УП «Рамен», паведаміла праваабарончая інфармацыйна-асветная ўстанова «Платформа».
На сайце «Платформы» (www.platformarb.com) таксама быў размешчаны відэарасказ пацярпелага. Затым ён паўтарыў свой расказ на прэс-канферэнцыі.

Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не паказваючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Прыкладна гадзіну Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часткі ўпраўлення, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж. П. Паводле слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго наручнікі і пачала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнання ў тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта».

Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што ідзе гаворка, але пасля гэтага пабоі ўзмацніліся. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збівання перыядычна падключаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек губляў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзін, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянеры не атрымалі. У выніку ў дачыненні да яго склалі нейкі дакумент, які пенсіянер падпісаў, калі ўжо быў не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі дамоў.

З міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу, каб зняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраванне з РУУС. Тады збіты вартаўнік звярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёна Мінска і ў ІАУ «Платформа» з просьбай аб дапамозе. «Платформа», у сваю чаргу, праінфармавала аб здарэнні Генпракуратуру, МУС і Следчы камітэт.

Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым працу прадоўжыла упраўленне Следчага камітэта па Мінску.

У канцы лістапада з’явілася інфармацыя, што на Сарочыка пачаўся націск з боку міліцыі. Яму тэлефанавалі прадстаўнікі Ленінскага РУУС, на аўтастаянцы, дзе ён працуе, спрабавалі пабываць некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы лічаць, што міліцыянеры хацелі прымірыцца з пенсіянерам.

12 снежня МУС і СК афіцыйна заявілі, што асноўная задача следства па справе аб перавышэнні ўлады супрацоўнікамі Ленінскага РУУС — «правядзенне незалежнага расследавання і ўстанаўленне ісціны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?