Сёньня зроблены яшчэ адзін крок да замацаваньня законам мадыфікаванай наркамаўкі. У парлямэнце кажуць пра намер абараніць мову "ад разбурэньня ды свавольства".

Кіраўнік камісіі па адукацыі Здановіч, адзін з прамоўтэраў закону, патлумачыў, што дакумэнт мае на мэце "навесьці парадак у беларускай мове і абараніць яе ад разбурэньня ды свавольства". Зь ягоных слоў, "адзіная спроба навесьці парадак у гэтай сфэры пацярпела няўдачу" ў 1998 годзе. Мелася на ўвазе гісторыя, калі тагачасны Дзяржкамітэт па друку спрабаваў прыціснуць "Нашу ніву" за "парушэньне агульнапрынятых правілаў мовы". Тады, аднак, рэдакцыя выйграла справу ў гаспадарчым судзе.

Зараз, як бачым, рыхтуецца мацнейшы дручок. У калідорах улады цьвердзяць пра неадходнасць усталяваць "агульную адказнасьць" за датрыманьне афіцыйных моўных правілаў.

У выніку сёньня парлямэнцкая камісія ўхваліла праект "Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі" і рэкамэндавала яго да першага чытаньня на восеньскай сэсіі. Працэс пайшоў...

Канешне, тарашкевіцу ўсё адно ня вынішчаць дарэшты (калі ўжо не пашэнціла з 1933 году, дык зараз і пагатоў). Але яе карыстальнікам крыві папсуюць.

Зрэшты, на пытаньне варта глядзець шырэй. Лінгвістыка тут для ўладаў рэч дзясятая. Калі ўжо на тое, дык менавіта моўная праблематыка магла б стаць грунтам нацыянальнай кансалідацыі, пра якую так шмат гавораць. Але ж трымай кішэнь!.. Працуе татальная лёгіка аўтарытарнай дзяржавы: усё адрознае — пад корань!

P.S. Сёньняшняе паседжаньне парлямэнцкай камісіі, бадай, дае адказ некаторым удзельнікам дыскусіі, выкліканай маім постынгам "Каго амонам, каго — артаграфічным законам". Канешне ж, закон прымаецца "з найлепшых меркаваньняў". Хто б сумняваўся!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?