Пракуратура Гомельскай вобласці прыняла рашэнне аб адмаўленні ў распачынанні крымінальнай справы па факце дарожна‑транспартнага здарэння, што адбылося ў вёсцы Калініна Буда‑Кашалёўскага раёна 22 красавіка.

Вадзіцель, кіруючы аўтамабілем «Ніва‑Шэўрале», учыніў наезд на веласіпедыстку — мясцовую жыхарку, якая памерла на месцы. Аўтамабілем кіраваў старшыня Буда‑Кашалёўскага райвыканкама Мікалай Чарныш.

Як паведаміў БелаПАН следчы пракуратуры Гомельскай вобласці Аляксандр Шчаглоў, у выніку даследчай праверкі было ўстаноўлена, што ў дзеяннях вадзіцеля адсутнічае склад злачынства. «Па выніках аўтатэхнічнай праверкі было ўстаноўлена, што вадзіцель Чарныш не меў тэхнічнай магчымасці прадухіліць ДТЗ», — удакладніў следчы.

Сведка ДТЗ Алена Дударава паведаміла БелаПАН, што 22 красавіка яна са сваёй калегай Лідзіяй Ткачовай ехала па абочыне дарогі на веласіпедзе з працы — малочна‑таварнай фермы. «Пасля нейкага ўдару я апынулася ў кювеце. Калі выбралася на дарогу, то ўбачыла Ліду, якая ляжала на дарозе ў крыві. Крыху далей стаяла машына, з якой выйшаў наш старшыня райвыканкама. Хачу заўважыць, што, калі мы ехалі, траса была пустая, не ехалі ніякія сустрэчыя машыны. Як ён мог яе падбіць — не разумею», — здзівілася А.Дударава.

Дачка загінулай Вольга паведаміла БелаПАН, што сваякі нябожчыцы не згодныя з рашэннем пракуратуры аб адмаўленні ў распачынанні крымінальнай справы. «Нашу маці забілі, і нікому няма ніякай справы. А старшыня райвыканкама як працаваў, гэтак і працуе. Яму, напэўна, нават і штрафу не далі. Мы будзем скардзіцца на дзеянні міліцыі і пракуратуры», — сказала Вольга.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0