Здымачная група тэлеканала АНТ, якая знаходзіцца ў Кіеве, 18 снежня звярнулася ў міліцыю з заявай, у якой паведамляе пра напад ахоўнікаў універмага «Украіна».

«Сёння такая заява была зарэгістравана, зараз будзе праводзіцца праверка», — паведаміў кіраўнік прэс-службы галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Кіеве Ігар Міхалко.

Паводле звестак украінскага агенцтва УНІАН, беларускія журналісты праводзілі бліц-апытанне мінакоў насупраць уваходу ва ўнівермаг «Украіна», які знаходзіцца на плошчы Перамогі ў цэнтры Кіева. Неўзабаве з універмага выбеглі ахоўнікі, якія заявілі журналістам, што здымаць на гэтым месцы без дазволу нельга, і пачалі іх штурхаць, замінаючы здымцы.

Беларускія журналісты ў выніку канфлікту не атрымалі сур’ёзных фізічных пашкоджанняў, тэлевізійная тэхніка таксама ацалела.
Журналісты звярнуліся з заявай у адзін з участкаў міліцыі Шаўчэнкаўскага раёна Кіева аб перашкодах прафесійнай дзейнасці.

АНТ пакуль не каментуе інцыдэнт у Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?