То «плюшавыя мядзведзікі», то расійскі прэс-дэсант, то галоўныя рэдактары з нейкага эсэндэўскага Клуба, пра які дасюль не было нават чуваць.

І ўсё дзеля таго, как «паабшчацца» з Аляксандрам Рыгоравічам, дазнацца ад яго пра нешта такое, пра што астатні свет яшчэ не ведаў і не чуў. Пра тое, напрыклад, як спалучыць «моцную руку» з дэмакратыяй альбо рынак з сацыялізмам.

Адзін з галоўных рэдактараў, мабыць, уражаны таямнічымі парадоксамі «беларускага цуду», так і запытаўся: якую вы будуеце дзяржаву? Адказ Галоўнага Будаўніка быў, як заўсёды, шчыры і просты: сацыялістычную…

Я так захапіўся гэтым адказам, што нават не адразу схамянуўся, што ў сацыялістычнай дзяржаве прайшло ўсё маё жыццё. Яшчэ за пяць гадоў да нараджэння Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у якім мне было наканавана жыць, быў абвешчаны «краінай сацыялізму, які перамог». Навошта ж ізноў будаваць тое, што ўжо даўно пераможна пабудавана?

Вядома, разваліўся будынак, але ж рэшта толькі пахіснулася і стаіць, як тая вежа ў Пізе.
Ёсць, праўда, і адрозненне: вежа трымаецца нейкім таямнічым будаўнічым разлікам, а беларускі сацыялізм — падпоркамі, якія вырабляюцца ў Крамлі, і па-вынаходніцку ўзмацняюцца дамарослымі дэкрэтамі, ліслівымі абгрунтаваннямі ды пустымі, бы нейкія балотныя бурбалкі, прапановамі клеўрэтаў.

Вось, напрыклад, як душэўна тлумачыць з’яўленне «прыгонніцкага» дэкрэта № 9 начальнік, так бы мовіць, беларускіх сенатараў Рубінаў: «Но иногда, чтобы сделать людям лучше, надо их самих немного поприжать». Такі вось інтэлектуальна ўзнёслы сацыялістычны перл!

Спачатку я хацеў папракнуць яго ў памылковасці. І праўда, дзесяцігоддзямі прыціскалі, а лепей так і не стала.

Потым мяне падхапіла і панесла хваля падазронасці: ці не кліча начальнік сенатараў да вяртання ў ГУЛАГ?! Вось дзе канчаткова спраўдзілася б ягоная мара аб усеагульным шчасці!

Але ў рэшце рэшт уцяміў: ці не валодаюць аўтарам выказвання нейкія няздзейсныя фрэйдзісцкія жарсці? А мо ён ахвяра старэючага лібідо?
Тут магчыма толькі паспачуваць. Бо ўзняцца ад «туалетища» да «поприжать», каб «сделать лучше» — амаль што смяротны нумар…

Асабліва спрактыкаваўся ва ўмацоўванні згаданых падпорак іншы, трохі маладзейшы персанаж айчынага тэатра ценяў — віцэ-прэм’ер Тозік.

Тут, праўда, ёсць невялікае адрозненне: калі ў словазлучэнні «рынкавы сацыялізм» Рубінаў увасабляе «сацыялізм», то «кітаязнаўца» Тозік — мысліць «рынкавымі» паняццямі. То прапаноўвае ўвесці плату за наведванне паліклінік, каб не было чэргаў; то разгарнуць барацьбу з ценявымі даходамі праз іх усеагульнае дэклараванне. Нават падлічыў, што ў цяні беларускага сацыялізму хаваюцца «каля 400 тысяч чалавек — тых, хто не працуе ці фактычна працуе, сыходзячы ад падаткаў, і тым самым паразітуюць на сацыяльнай палітыцы дзяржавы»…

Цікава, ці ёсць сярод гэтых 400 тысяч паразітаў наша сціплае чынавенства? Ці толькі ўзгаданыя Тозікам бамжы ды псеўдабеспрацоўныя?
Па Тозіку — чынавенства няма, бо яно чэсна дэкларуе свае даходы. А што «забываецца» пры тым на шматлікіх сваякоў, дык «сын за бацьку не адказвае», ці не гэтак?
Але ці можа цень змагацца з ценем?

Можа. Нездарма ж Тозік колькі год «амбасадаў» у Кітаі, дзе тэатры ценяў маюць вялікі распаўсюд. У тым ліку ў эканоміцы, што раздулася, перш наперш, за кошт рабаўніцкага выкарыстання жабрацкай у параўнанні з краінамі Захаду працоўнай сілы. Паглядзіце, калі здолееце, як жывуць і працуюць кітайцы на будаўніцтве, насуперак пратэсту мінчукоў, гатэлю «Пекін» па-над Свіслаччу, у адным са старэйшых мінскіх паркаў. Вось дзе сапраўдны сацыялістычны тэатр ценяў!

Увогуле лічу, што свой кітайскі вопыт спадар Тозік выкарыстоўвае не на ўсю моц. Ёсць спосаб барацьбы з ценявымі даходамі больш эфектыўны за ўсеагульнае дэклараванне: узяць ды расстраляць каля 400 тысяч чалавек, толькі не памыліцца ў падліку. Адразу знікнуць аўтазаторы на мінскіх вуліцах і натоўпы ў рэстаранах. А то, бач ты, немагчыма спадару Тозіку туды трапіць…

…Калі будынак «пераможнага сацыялізму» хістаўся, я зведаў адну з тых, хто ўжо тады хаваў свае даходы ў цяні — цётку Маню з Гарадзішча, што пад Мінскам, непадалёк ад аднайменных урадавых дач. Ці не адна з той вёскі яна трымала карову. Але патрапіць да яе, каб прыдбаць, па-расейску гаворачы, крынку малака, было вельмі цяжка, бо яна размяркоўвала пакупнікоў па адным крытэрыі: доступ да кілбаснага дэфіцыту. Пры гэтым вызначала іх статус адзіным выразам — «міністэрская дрэнь».

Сёння той «крынкавы сацыялізм» нібыта змяніўся на «рынкавы», але сутнасць тая ж:
не людзі, якія шукаюць тыя ці іншыя спосабы выжыць, паразітуюць на дзяржаве, а дзяржава ў выглядзе ўсё той жа «міністэрскай дрэні» паразітуе на людзях — не вяртае пазыкі, не даплочвае пенсіі ды заробкі, кідае ў прорву інфляцыі і прываблівае пернікам «светлай сацыялістычнай будучыні» памерам у 500 даляраў…

Наўрад ці дастаіцца да гэтай будучыні вялізная, на ўсю краіну, чарга за «крынкай» трошкі таннейшага малака…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?