у кожнай эпохі яны свае. Пра сьвяткаваньне 25 Сакавіка ад 1919 да 2006 году піша Алег Раявец.

«Ва ўзорным парадку»

Першы раз Дзень Волі адзначылі адразу цераз год пасьля прыняцьця гістарычнага акту – 25 сакавіка 1919 г., кажа гісторык Уладзімер Ляхоўскі. У Горадні, дзе знаходзіўся Ўрад БНР, была зладжана ўрачыстая імпрэза. У Менску тады сядзелі бальшавікі і, натуральна, сьвяткаваць было немагчыма. Дзень Волі тут адзначылі ў 1920 г., за часамі польскай улады. Стараньнямі Беларускага Нацыянальнага Камітэту, зазначае У.Ляхоўскі, у горадзе было зладжана вялікае сьвята. У менскіх школах былі адмененыя заняткі, у касьцёлах і цэрквах прайшлі ўрачыстыя набажэнствы. Протаярэй Уладзімер Біруля падчас сьвяточнай багаслужбы прамовіў казань па-беларуску. Ёсьць нават згадкі, што ва ўрачыстасьцях браў удзел Зьмітрок Бядуля, у форме маёра Беларускай Вайсковай Камісіі.

Потым цягам дваццаці гадоў Дзень Волі сьвяткавалі ў Заходняй Беларусі, а ў БССР калі й адзначалі, то цішком, прыватна. Старшыня Рады БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч апісаў сьвяткаваньне ў 1921 г. у Вільні, якая тады ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы. «Пасьля багаслужбы ўсе ўдзельнікі выходзілі з [Сьвятадухаўскай] царквы й затрымоўваліся на царкоўнай плошчы. Тут уфармоўваліся гімназія й пачатковыя школы, а таксама беларускі батальён, а за імі й маса грамадзтва й доўгім шнуром маршыравалі па вуліцах Вільні ў касьцёл Сьв. Мікалая на беларускую каталіцкую службу. (...) Па багаслужбе ўсе ў камплекце й узорным парадку вярталіся ў Базылянскія муры, дзе месьцілася Беларуская гімназія, у залі якой адбывалася ўрачыстая акадэмія».

У 1920–1930-я Дзень Волі шырака адзначаўся ў Празе і Бэрліне, гарадах найбольшай канцэнтрацыі беларускай дыяспары. У пачатку 1940-х у Менску нават галоўную вуліцу гораду перайменавалі ў вуліцу 25 Сакавіка. Самае ж масавае сьвяткаваньне прайшло ў 1944 г., з урачыстай дэфілядай цераз Пляц Волі.

У час нацыянальнага ўздыму

Наступным разам Менск масава сьвяткаваў Дзень Волі толькі ў 1989 г. Паўсотні маладых людзей, згадвае Сяргей Харэўскі, сабраліся ля помніка Купалы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды плякатам «Беларусь савецкая – Беларусь бяз будучыні». Але некалькіх міліцыянтаў акцыя не зацікавіла. І сьцяг нейкі незразумелы, ды яшчэ транспарант напісаны лацінкай. Мо паблыталі з замежнікамі.

У 1990 г. на Дзень Волі ўжо сабралося некалькі сот чалавек, былі дзясяткі сьцягоў. Да сьвята нават выпусьцілі спробны (нулявы) нумар газэты «Свабода» – «Дзень Волі», што раздавалі між прысутных. З гэтага часу Дзень Волі стаў галоўным сьвятам беларускай інтэлігенцыі ў адрозьненьне ад афіцыйнага сьвята, 27 ліпеня.

Знакам яднаньня мэтраполіі і дыяспары стаў 1993 г., калі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі ўзялі ажно два кіраўнікі Беларусі: старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.

Апошні спакойны ды традыцыйны Дзень Волі грамадзкасьць адзначыла ў 1995 г. Мітынгоўцы прайшлі ад плошчы Перамогі на Опэрнага тэатру, дзе зладзілі імправізаваны мітынг. Зянон Пазьняк папярэджваў тады пра магчымы антыбеларускі рэфэрэндум па сымболіцы і мове.

Дзень зачыстак

Ад 1996 г. Дзень Волі стаў днём змаганьня. У той год ён сабраў ад 30 тыс. да 50 тыс. чалавек. Людзі прайшлі ад плошчы Незалежнасьці, дзе адбыліся першыя сутычкі са спэцназам, да Опэрнага тэатру. На мітынгу выступілі Васіль Быкаў, Генадзь Карпенка, Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч. Сяргей Антончык прапанаваў сабраць для Лукашэнкі грошай на квіток да Масквы ў адзін бок. Прысутныя з энтузіязмам ухвалілі прапанову. Потым дэманстранты рушылі да будынку тэлевізіі на Камуністычнай – патрабаваць этэру для апазыцыйных палітыкаў. Аднак спэцназ з дапамогай шчытоў і дубінак вельмі жорстка спыніў людзей. Потым насупраць будынку КДБ быў разгон тых, хто вяртаўся зь мітынгу. У гэты дзень усё было ў першы раз: дзясяткі затрыманых, першыя суткі, першая кроў, пралітая на акцыях супраць рэжыму. Гэта быў першы дзень Менскай Вясны, якая скончылася жорсткімі травеньскімі зачысткамі. Гэта таксама быў апошні Дзень Волі, які мы сьвяткавалі зь Зянонам Пазьняком у Беларусі. У ноч на 26 сакавіка лідэр БНФ «Адраджэньне» і ягоны намесьнік Сяргей Навумчык, унікаючы арышту, пакінулі Беларусь, нелегальна перайшоўшы ўкраінскую мяжу.

Напярэдадні Дня Волі ў 1997 г. – сьвяткаваўся 22 сакавіка – у сталіцы зьявілася 20 нацыянальных сьцягоў, у тым ліку на асьвятляльнай мачце стадыёну «Дынама». Некалькі тысячаў дэманстрантаў спрабавалі прайсьці пешкі ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа. Вынік – 100 затрыманых.

Дарэчы, у Горадні ў аналягічнай акцыі ўзялі ўдзел 3 тыс. чалавек, а падчас мітынгу Сямён Домаш заявіў, што «асноўным мэтадам барацьбы мусяць стаць вулічныя акцыі. Дыктатуру можа зьнішчыць толькі сам народ».

У 1998 г. Дзень Волі, калі сьвяткавалася 80-годзьдзе БНР, сабраў 10 тыс. чалавек. Дэманстранты маршам прайшлі ад плошчы Я.Коласа да Опэрнага тэатру, дзе адбыўся мітынг. Маладафронтаўцы потым зладзілі сваю акцыю. Тры сотні маладых людзей паспрабавалі прарвацца на Кастрычніцкую плошчу, закідваючы амапаўцаў сыгнальнымі дымавымі шашкамі. Міліцыя прымяніла спэцсродкі. Яшчэ на той Дзень Волі Беларускі народны фронт пачаў акцыю «Грамадзянства БНР». Але стварыць супольнасьць грамадзянаў БНР не ўдалося, і акцыя не прынесла вынікаў.

У 1999 г. у сакавіку дэмакратычная грамадзкасьць была занятая альтэрнатыўнымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Самай яркай акцыяй на Дзень Волі стаў учынак легендарнага Мірона ў Менску. У ноч на 25 сакавіка ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на даху шматпавярховага дому на рагу праспэкту Скарыны й вуліцы Варвашэні. Нацыянальны штандар правісеў цэлы дзень.

У 2000 г. здарыўся сумнавядомы гвалт у Менску. У апошні момант гарвыканкам адмяніў дазвол на акцыю. Раніцай Менск нагадваў лацінаамэрыканскі горад. На вуліцах дзяжурылі бронетранспартэры з кулямётамі, а праспэкт Скарыны быў аточаны спэцназам. Апоўдні на плошчы Якуба Коласа – меркаваным месцы зборы дэманстрантаў – пачалася масавая зачыстка. Усяго былі затрыманыя 420 чалавек, у тым ліку айчынныя і замежныя карэспандэнты. У журналістаў паразьбівалі фотаапараты і дыктафоны. Усіх затрыманых зьвезьлі ў вайсковую частку на Грушаўскай і ангар на Маякоўскага. І толькі пад вечар пачалі адпускаць. Акцыі, прысьвечаныя 25 Сакавіка, прайшлі ў двух дзясятках гарадоў Беларусі.

У 2001 г. 5 тыс. чалавек сабраліся на Юбілейнай плошчы ў Менску. Пасьля АМАПаўскіх спробаў пацыфікацыі людзі праз вуліцы Максіма Танка і Дразда прабраліся на праспэкт Машэрава, да стэлы «Горад-герой». Там, на ўзгорку, і адбыўся імправізаваны мітынг і канцэрт.

У 2002 г. Дзень Волі адсьвяткавалі ў сквэры імя Янкі Купалы. Супрацьстаяньне з АМАПам доўжылася некалькі гадзін. Тых, хто выбіраўся з парку, міліцыя і людзі ў цывільным арыштоўвалі. У парку выступалі «N.R.M.», «Уліс», Зьміцер Сідаровіч, самадзейныя музыкі.

У 2003 г. прайшло ажно два Дні Волі – два крылы БНФ тады разьядналася. У нядзелю 23 сакавіка акцыю ля Галоўпаштамту зладзіў КХП–БНФ. Міліцыя перашкодзіла невялічкай калёне рушыць па праспэкце. «Адбыліся некалькі сутычак, у выніку якіх дасталося і амапаўцам, адзін зь якіх нават апынуўся на асфальце і атрымаў колькі разоў па нырках», – пісала тады «НН».

25 сакавіка сваю акцыю ладзіла і Партыя БНФ. Мерапрыемства, у якім удзельнічалі 400 чалавек, не ўдалося. Мітынг з ускладаньнем кветак да помніка Якубу Коласу доўжыўся некалькі хвілінаў – удзельнікаў акцыі разагнаў АМАП. Дзясяткі затрыманых.

У 2004 г. вырашылі адмовіцца ад ранейшага фармату і сьвяткаваньняў і задаволіцца гуляньнямі ля гарадзкой ратушы. Маўляў, на гэта не патрабуецца санкцыя гарвыканкаму. Аказалася, патрабуецца. А 17-й ля Ратушы сабраліся 300 чалавек, якіх потым «зачысьціў» АМАП.

Валянцін Баранаў, Вячаслаў Сіўчык, Дзяніс Буйніцкі зладзілі на Кастрычніцкай плошчы сваю акцыю. Яны прыкавалі сябе ланцугамі да ліхтароў, пратэстуючы супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Дэманстрантаў, натуральна, арыштавалі, а на наступны дзень суд Цэнтральнага раёну сталіцы выпісаў ім вялікія штрафы.

Не ўдалося і правесьці вечарыну ў Доме культуры вэтэранаў. Адміністрацыя ўстановы разарвала кантракт, спаслаўшыся на тое, што ня мае ліцэнзіі на правядзеньне канцэртаў прафэсійных творчых калектываў.

Летась замест Дня Волі грамадзянам была прапанаваная «рэвалюцыя Андрэя Клімава». Экс-дэпутат і бізнэсовец заявіў, што на Кастрычніцкай плошчы зьбярэцца 500 тыс. чалавек. На ходніках ля ўнівэрсаму «Цэнтральны» сабраліся дзьве тысячы чалавек. Калі амапаўцы пачалі выціскаць людзей на вуліцу Леніна, дэманстранты закідалі міліцыю сьнежкамі. АМАП сьмяяўся, але працягваў ціснуць далей, да Палацу спорту, паціху арыштоўваючы людзей. Дзясяткі ўдзельнікаў атрымалі суткі і штрафы, а А.Клімаў, як арганізатар акцыі, – паўтара году «хіміі».

Увесь цэнтар Менску пранізаны ўспамінамі аб Дні Волі: тут мы ішлі, тут стаялі супраць амону, тут слухалі Вольскага, тут уздымалі сьцяг. Сёлета дадаецца шчэ адно месца: Кастрычніцкі пляц. Жыхары намётавага гарадка цьвёрда настроеныя сустрэць Дзень Волі там. І тым самым запачаткаваць новую традыцыю сьвяткаваньня.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0