У асобна ўзятым будынку на вуліцы Нававіленскай еўрапейскі шлях развіцця Беларусі відавочна перамог. Тут не толькі месціцца офіс Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»,

але і фірма «Еўракрапёж». Пра еўрапейскі выбар, палітызацыю трэцяга сектара і прэзідэнцкія амбіцыі мы пагаварылі з кіраўніком «ЕўраБеларусі» Уладам Вялічкам.

Улад Вялічка: Я быў нацыянальным каардынатарам Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» па Беларусі два гады. Адзін з гадоў я быў сустаршынёй кіруючага камітэта ўсяго Форуму.

«Наша Ніва»: Гэта нешта давала Беларусі?

УВ: Калі пачыналася «Усходняе партнёрства», калі я туды трапіў, то гэта была крышку іншая дынаміка развіцця. Гэта было да 2010. Вядома, што на той момант УП шмат давала грамадству, стымулявала праеўрапейскія настроі. Тады колькасць людзей, што за праеўрапейскую будучыню краіны, стала большай за тых, хто за інтэграцыю з Расіяй. Гэта ўплывала і на магчымасці недзяржаўных арганізацый (НДА) прапанаваць сябе, свае ідэі для грамадзян Беларусі. Менавіта «Усходняе партнёрства» крыху прыадчыніла дзверы кантактаў з людзьмі.

«НН»: Вы маеце на ўвазе толькі звычайных грамадзян ці таксама чыноўнікаў?

УВ: Звычайных. Ад 2006 мы існавалі ў такой сітуацыі, калі НДА былі ізаляваныя ад грамадзян.

Нічога нельга, праекты не рэгіструюцца. Крок направа ці налева — санкцыі, закрыцці, ціск.
Калі дзяржава засведчыла цікавасць да «Усходняга партнёрства», тым самым яна дала магчымасць вальней дзейнічаць НДА. Такі перыяд працягнуўся крыху больш за год (другая палова 2009 і 2010). Пасля Плошчы можна было паставіць на гэтым крыж.

«НН»: Праграма «Усходняга партнёрства» апынулася карыснай для Беларусі?

УВ: Фактычна — гэта не праграма, а ініцыятыва. Геапалітычная ініцыятыва. Чакаць тут хуткіх вынікаў нельга.

На сёння найбольш ад УП атрымліваюць тыя краіны, што самыя актыўныя. Малдова, нават Арменія, дзе не ўсё добра з правамі чалавека.
Беларусы ж хочуць, як сказаў мой калега Андрэй Ягораў, дзейнічаць па схеме less for less (менш за меншае), а мне здаецца, што ўвогуле «меншае за нішто». Мы не выпусцім ніводнага палітвязня, але вы, Еўропа, нам нешта павінны. Так ніхто не працуе. Таму цяжка сказаць, што Беларусь мае. Раней праеўрапейская частка грамадства мела еўрапейскую перспектыву, цяпер пра гэта нават цяжка марыць. УП буксуе ў Беларусі праз абсалютную незацікаўленасць і варожасць улады.

«НН»: «ЕўраБеларусь», Еўрасаюз, цяпер і Лукашэнка шмат гавораць пра мадэрнізацыю Беларусі. Ці адно і тое ж вы маеце на ўвазе?

УВ:

Добра было б даведацца. Слова «мадэрнізацыя», як і «дэмакратыя», — настолькі комплекснае, што ўкласці можна абсалютна розны сэнс.
Цяпер мы засяроджваемся па пытаннях еўрапейскага «Дыялогу па мадэрнізацыі». Дык галоўнае слова «дыялог». Перш чым дайсці да мадэрнізацыі, давайце паразмаўляем. Інстытут з інстытутам, дзяржава з грамадствам. Цяпер такога дыялогу няма. Першаснае — гэта ўсталяванне камунікацый, як са сваімі прыхільнікамі, так і з апанентамі.

«НН»: Цяпер перад Беларуссю больш востра стаіць пытанне еўрапеізацыі і ці еўраазіяцкасці?

УВ: Адно для другога існуе як альтэрнатыва. У нас ёсць трыяда прыярытэтаў: дэсаветызацыя, беларусізацыя (не толькі этнічнае пытанне), еўрапеізацыя. Мы знаходзімся ў такім месцы, калі выбар невялікі. Праўда, кажуць пра нейкі трэці шлях паміж Захадам і Усходам, я ў яго не веру. Еўрапеізацыя — гэта наша мэта. Але пытанне, ці мы нанова яе ствараем, ці шлях кшталту «мы даўно не былі дома». Еўразійскага саюза не трэба было б баяцца, калі б у грамадстве была вольная дыскусія. Краіна вельмі падзеленая: маем два сцягі, дзве мовы, два геапалітычныя арыенціры. Гэта не зусім нармальна. Калі еўразійства стане чэсным выбарам беларусаў, то гэта можна было б толькі вітаць. Але мы знаходзімся ў такіх умовах, што не ўсе могуць рэальна выказаць сваё меркаванне.

«НН»: Вы хочаце, каб гэтай біпалярнасці не было?

УВ: Біпалярнасць — добрая рэч, бо стварае канкурэнцыю. Гегелеўскае адзінства і барацьбу супрацьлегласцей. Калі гэтая біпалярнасць існуе і ніяк паміж сабой не перасякаецца, гэта ненармальна. Праз сутыкненне пазіцый, напрыклад, у парламенце павінна стварацца нейкая цэльнасць. Калі запытацца ў шведаў, хто яны такія, што за імі стаіць і чаго яны хочуць, то разлёт адказаў будзе невялікі ў параўнанні з беларусамі.

«НН»: Вам не здаецца, што для вялізнай колькасці нават палітызаваных людзей не зусім зразумела, чым займаецца беларускі «трэці сектар»?

УВ: З двух бакоў можна паглядзець. 1) Гэта азначае не вельмі высокую эфектыўнасць грамадскага сектара. Калі людзі, якія маюць цікавасць да сацыяльна-палітычных пытанняў, нічога не ведаюць альбо кепска арыентуюцца ў грамадзянскай супольнасці, то нават да магчымай мэтавай групы арганізацыі дайсці не могуць. 2) Сочыш за публікацыямі ў «НН» і бачыш, што грамадзянская супольнасць не з’яўляецца для яе прыярытэтам. Дык адкуль яны могуць ведаць больш?

Шмат каму цяжка зрабіць сябе бачнымі. А потым усе гэтыя добрыя справы, ад дапамогі хворым дзецям да абароны паркаў і рэчак, не маюць шанцаў быць раскручанымі дастаткова. У адрозненне ад палітыкаў, якія селі, паразмаўлялі, ні да чаго не дамовіліся — і гэта на ўсіх сайтах.

«НН»: Што ўвогуле можна рабіць незалежнаму грамадству ці палітыкам пры ўмовах дыктатуры?

УВ: Заўсёды актуальная задача сувязі актараў грамадзянскай супольнасці (палітыкі, НДА, самапомач) і сваіх мэтавых груп. Утрыманне кантактаў з людзьмі. У нас сёння няма механізмаў будавання вялікіх сяброўскіх арганізацый, але трэба знайсці механізмы, як трэба захоўваць гэтыя кантакты. Мне здаецца, што інфармацыйная прастора тут добра падыходзіць. Таму мы наш сайт Eurobelarus.info развіваем не як карпаратыўны, а як інфармацыйны.

«НН»: Чаму беларускай мовы на вашым сайце так мала?

УВ: Пытанне ўнутранай дыскусіі. Тут мы залежнікі кан'юнктуры. Для таго, каб мы былі заўважаныя ў пошукавіках, нам сказалі, што трэба пісаць па-расейску. У нас ёсць правіла, што не меней за 30% матэрыялаў па-беларуску. Але гэта такі кампрамісны варыянт.

«НН»: Ці слушна казаць, што «трэці сектар» палітызуецца?

УВ: Для мяне такога пытання не існуе. «Палітызацыю» таксама можна напоўніць рознымі зместамі.

У жорсткіх палітычных умовах Беларусі сітуацыя ўнутры краіны так жорстка палітызаваная, што палітызацыя «трэцяга сектара» не можа быць марай ці задачай.
У нас палітызаваная адукацыя, медыйная прастора, а таксама і грамадскі сектар. Калі кажуць пра палітызацыю, то гэтыя людзі ці ўкладваюць нешта іншае ў гэтае слова, ці хочуць дабіцца нейкіх сваіх мэтаў. Калі «палітызацыяй» называць актывізацыю камунікацый з партыямі ці дзяржавай, то гэта нармальная фаза развіцця «трэцяга сектара». Мы не можам ігнараваць іншыя суб’екты.

«НН»: Цяпер усё болей гавораць, што ад «трэцяга сектара» можа быць вылучаны кандыдат у прэзідэнты. Гэта магчыма?

УВ: Я нічога пра гэта не ведаю. Я ніколі не чуў, каб «трэці сектар» займаўся абмеркаваннем адзінага кандыдата ці кандыдата са сваіх шэрагаў. Я чуў шмат спекуляцый. Але ўсе гэтыя размовы адбываюцца без мяне. Я дакладна ведаю, што грамадскі сектар павінен заставацца ў грамадскай ролі, а палітычны — у палітычнай. Калі нехта з грамадскага сектара абвяшчае сябе палітыкам, то ён і павінен быць у палітычным сектары. Як было з Мілінкевічам.

«НН»: Часам і Вас называюць як імавернага кандыдата ў прэзідэнты сярод гэтых «спекуляцый».

УВ:

Ой, слухайце, і што з гэтым рабіць?! Калі маё прозвішча называецца, то гэта значыць, што зробленае мною за апошнія гады вартае ўвагі. Мне гэта прыемна.
У сярэднетэрміновай перспектыве я не збіраюся думаць пра палітычную кар’еру, бо не лічу існуючыя ўмовы падыходзячымі. Магчыма, гадоў праз 20 гэтае пытанне будзе актуальнае. Зрэшты, колькі б Уладзімір Мацкевіч ні заяўляў пра адсутнасць палітычных планаў, яму ніхто не верыць.

«НН»: Дык Мацкевіч нарадзіўся ў Расіі, значыць, не можа балатавацца.

УВ: Ну, вы гэта ведаеце. Але знаходзяцца тыя, што кажуць: «Можна ж знайсці нейкія дзіркі». Гэта спекуляцыі і канспіралагічныя тэорыі. А падкілімнымі размовамі я не займаюся.

«НН»: Еўрасаюз цяпер, здаецца, ігнаруе беларускія ўлады. Значыць, санкцыі і дыялог не дзейнічалі?

УВ:

Калі чую, што ЕС нешта не так робіць, то кажу, што ЕС робіць роўна столькі, колькі здольны. Еўрасаюз мае вельмі маленькую магчымасць уплываць на нашы падзеі, асабліва, калі Беларусь мае падпітку з Расеі.
Пазіцыя ЕС цалкам правільная. Ці больш, ці менш было б троху неадэкватна. Казаць, што сітуацыя перайшла ў фазу ігнаравання, не стаў бы. На неафіцыйным узроўні ідзе шчыльная камунікацыя. Развіваецца ж гандаль з Еўропай.

«НН»: За кошт нафтапрадуктаў.

УВ: Так. Але і без іх існуе эфектыўная дынаміка. Відавочна, што сённяшняя сітуацыя не задавальняе абодва бакі. Нашы ўлады неафіцыйна спрабуюць шукаць, можа, так, а можа, вось гэтак нармалізаваць адносіны. Але яны спрабуюць зрабіць гэта з мінімальнымі стратамі для сябе — рэпутацыйнымі, эканамічнымі, палітычнымі.

***

Улад Вялічка нарадзіўся ў 1972 у Мінску. Скончыў гістарычны факультэт Педуніверсітэта (1995), скончыў аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі. Працаваў у адукацыйных грамадскіх арганізацыях. Ад 2007 — у кансорцыуме «ЕўраБеларусь». Жанаты, гадуе дачку Насту. Любіць спорт, рок-музыку. Дачка вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі №23.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?