У Маскве ў Прэзідэнт-гатэлі адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё. Развал і аднаўленне СССР».

Кніга была падрыхтаваная пры актыўным удзеле блізкіх да экс-прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына асобаў.

Прэзэнтацыя адбылася адразу пасля канферэнцыі, прысвечанай расейскай Канстытуцыі, з удзелам вядомых навукоўцаў і расейскіх палітыкаў. Імпрэза сабрала каля 50 чалавек.

Адкрыў яе былы першы віцэ-прэм’ер Расеі Генадзь Бурбуліс, адзін з тых, хто паставіў свой подпіс пад Белавескімі пагадненнямі.
Радыё «Свабода» папрасіла Генадзя Бурбуліса сказаць пра тое, як бачыцца яму гістарычная роля Станіслава Шушкевіча.

«Я лічу, што Станіслаў Шушкевіч адыграў непаўторную і выбітную ролю ў тыя складаныя, трывожныя, трагічныя дні. Па-першае, ён нас прыняў у Мінску, а потым у Белавежскай пушчы. Па-другое, ён быў паслядоўным і аргументаваным прыхільнікам прыняцця рашэньня ў гэтай найскладанейшай сітуацыі поўнага калапсу сістэмы ўлады і кіравання былога СССР.

Самая галоўная роля Шушкевіча ў тым, што ён безагаворачна падтрымаў ідэю аб тым, што Беларусь, а ў далейшым Казахстан, павінны ў далейшым адмовіцца ад ядзернай зброі,
каб ужо Расія ў рамках сваіх арсеналаў магла прадстаўляць і кіраваць гэтай смяротнай сілай.
Мы тады змаглі прыняць рашэнні мужныя і мудрыя, і яны дазволілі нам пазбегнуць кровапралітнай вайны за перадзел савецкай спадчыны і сёння мы можам падзякаваць Шушкевічу за гэты мудры і мужны ўчынак».

Выступаючы на прэзэнтацыі сваёй кнігі Станіслаў Шушкевіч сказаў, што яна прысвечаная не толькі падпісанню Белавежскага пагаднення, але і іншым эпізодам ягонай біяграфіі — палітычным і не толькі палітычным.

Ён лічыць выданне такой кнігі важным менавіта цяпер, калі ў Беларусі праўда пра сапраўдную гісторыю замоўчваецца,
і, як сказаў Станіслаў Шушкевіч, ён будзе рады, калі хоць у нечым гэтая кніжка наблізіць разуменне людзей, асабліва моладзі, да гістарычнай праўды.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?