ЗША і Вялікабрытанія парушаюць міжнародныя абавязацельствы ў адносінах да Беларусі. Аб гэтым было заяўлена на праведзенай у Міністэрстве замежных спраў сустрэчы з прадстаўнікамі пасольстваў Вялікабрытаніі і ЗША, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.

У МЗС былі запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі і ЗША ў Беларусі як дзяржаў — бакоў Мемарандума аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (Будапешцкі мемарандум), які зарэгістраваны ў ААН у якасці міжнароднага пагаднення.

«У ходзе сустрэчы было адзначана, што Вялікабрытанія і ЗША, увёўшы аднабаковыя абмежавальныя меры адносна Беларусі, парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, — паведамілі ў знешнепалітычным ведамстве. — У прыватнасці, у адпаведнасці з артыкулам 3 Будапешцкага мемарандума Вялікабрытанія і ЗША ў сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад статусу ядзернай дзяржавы «пацвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта СБСЕ устрымлівацца ад эканамічнага прымушэння, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе нейкую перавагу».

Беларусь пакідае за сабой права прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да факта парушэння Вялікабрытаніяй і ЗША Будапешцкага мемарандума з мэтай адмовы гэтых краін ад прымянення мер эканамічнага прымусу ў адносінах да Беларусі.

Падпісантамі Будапешцкага мемарандума ад 5 снежня 1994 года з’яўляюцца: з беларускага боку — Аляксандр Лукашэнка, з брытанскага — Джон Мэйджар, з расійскага — Барыс Ельцын, з амерыканскага — Біл Клінтан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?