У Мінскай вобласці палкоўнік Уладзімір Шынкарэвіч быў вядомы вельмі добра. Асабліва сярод бізнэсоўцаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Вядомы ён быў з той прычыны, што некалькі гадоў кіраваў Упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) УУС Мінаблвыканкама і мог рэальна паставіць на калені любы, нават самы квітнеючы бізнэс. Палкоўніка ведалі, баяліся і паважалі.
Але ў чэрвені 2012 года палкоўнік Уладзімір Шынкарэвіч быў звольнены з органаў унутраных справаў за парушэнне службовай дысцыпліны. Пасля гэтага Упраўленне ўласнай бяспекі (УУБ) МУС, у якога ўжо былі аператыўныя дадзеныя пра непрыгожую дзейнасць палкоўніка, пачало вывучаць яго працу за апошнія гады. Кампрамат адшукаўся досыць хутка.
Як расказалі ў МУС, Следчы камітэт распачаў у дачыненні да былога начальніка УБЭП УУС Мінаблвыканкама крымінальную справу па прыкметах здзяйснення ім злачынства па ч.1 арт.14 і ч.4 арт.209 (замах на махлярства ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Паводле папярэдніх дадзеных, палкоўнік падазраецца ў тым, што ў студзені 2012 года, на падставе перадачы хабару службовым асобам МУС, нібыта спрабаваў завалодаць грашовымі сродкамі дырэктара КУП «Мінскмясамалпрам».Пры гэтым уражвае і сума, якую спрабаваў атрымаць палкоўнік — 50 тысяч даляраў. Свой намер палкоўнік нібыта не здолеў давесці да канца з незалежных ад яго прычынаў.
У цяперашні час следчыя вывучаюць і іншую дзейнасць былога начальніка УБЭП, а таксама дапытваюць яго калег, спрабуючы адшукаць дадатковыя факты супрацьпраўнай дзейнасці палкоўніка. Але як у выніку скончыцца расследаванне, сказаць пакуль складана. Не выключана, што справа і зусім можа не дайсці да суда, бо з доказамі злачынства палкоўніка ніхто не злавіў. Мала таго, яму інкрымінуецца толькі замах на махлярства, што ў прынцыпе складана даказаць. З іншага боку, факт звальнення палкоўніка кажа якраз пра тое, што спускаць справу на тармазах ніхто не збіраецца.