Сябры Іван Шыла, Андрусь Тычына і Рыгор Астапеня (справа налева) на Плошчы трапілі ў аб'ектывы рэпарцёраў.

Сябры Іван Шыла, Андрусь Тычына і Рыгор Астапеня (справа налева) на Плошчы трапілі ў аб'ектывы рэпарцёраў.

Не ўстрымаўся.

19-га была нейкая вера ў «ліберазіцыю» і ў паехаць мы вырашылі ў гэты самы дзень. Разлічваючы, што дабярэмся без праблемаў. Праўда, не маршруткай, а стопам. І першая машына, якая спынілася нас з Паўлам Батуевым падабраць, была, канечне, міліцэйская.

Нас не затрымалі, аднак. Прыехаў мой бацька, адвёз у горад. Міліцыя, ужо на іншым аўтамабілі, пачала ездзіць за намі паўсюль. Мы спыніліся ля Пашавага дому і зайшлі да яго. Нашыя «апекуны» засталіся на вуліцы. Так доўжылася гадзіны паўтары. Крыўдна было не даехаць да Плошчы і сядзець пад «аховай». Пайшлі на дах і надзіва лёгка выйшлі з дому праз іншы пад’езд.

Паехалі за горад, на чыгуначную станцыю ля аднаго з руднікаў. Чакалі электрацыю да Слуцка, але, тая нешта не прыязджала. Выклікалі таксоўку. Паехалі ў суседні горад. На пастах ДАІ прыгіналіся, каб нас было не відаць. Спэцыфічны выгляд Батуева, наша рэакцыя на людзей у форме і вялікая адлегласць да канцавога пункту маршрута прымусілі кіроўцу пахвалявацца. Патлумачылі, што едзем на выбары. Супакоіўся.

Са Слуцка стопам даехалі да Менска. Перастаў працаваць мабільны інтэрнэт. Сустрэліся з сябрамі, набылі цёплыя рэчы ў ГУМе. Пачаліся праблемы з сувяззю. Патэлефанавала маці. На радыё нешта казалі пра напад на Някляева і гранаты. Было страшна і незразумела, што адбываецца і што будзе.

На Кастрычніцкай спачатку здавалася, што ўсё не так. Але шэсце па праспекце… Так, тады, у нейкі момант верылася, што ўсё магчыма.

Пасля, канечне, стала зразумела, што немагчымае пакуль немагчыма. Адчувалася, што ніхто не ведае, што рабіць. Вітала ў паветры, што рашэнне пра далейшыя дзеяньні прымаць баяцца. Былі выступы, але без канкрэтыкі. Усё чагосьці чакалі ад лідараў, але чаго можна было чакаць ад іншых. Праблема ж у нас саміх была.

Стаялі ля самага Дома ўрада. Адпачатку людзі былі рэальна рашуча настроены — тыя, якія вакол нас. Калі білі шкло, пра правакатараў не думалася. Гэтыя дзеянні адпавядалі настроям у натоўпе. Разумеў, што нечым гэта скончыцца, але, канечне, таго, што адбылося пасля, прадбачыць было немагчыма.

У нейкі момант хацелася ўдарыць пару разоў нагой па Доме ўрада. Але Андрусь Тычына і Рыгор Астапеня адгаварылі.

Разгон. Уцякалі. Бачыў, як збіваюць людзей. Было зразумела, што затрымалі сотні. Пешшу ішлі ад Незалежнасці да Якуба Коласа. Цэлы паток людзей. Здавалася, усе маўчаць. Званілі сябры з аўтазакаў. Свістам суправаджалі калоны вайскоўцаў, што ехалі па праспекце.

Пасля мы выпілі. Не памятаю, як у іншых, але ў мяне настрой быў вельмі кепскі. Навінаў пра тое, што адбывалася ноччу, не было.

Прачнуліся мы з прэс-канферэнцыяй Лукі. Патэлефанаваў бацька і распавёў, што ноччу былі ператрусы і арышты. Было страшна сорамна знаходзіцца на свабодзе. Але на плошчу 20-га я спазніўся.

Паехаў дадому, надрукаваў улёткі і пайшоў раздаваць. Была надзея, што арыштуюць. У твітары Франака Вячоркі прачытаў, што сёння акцыя ля Акрэсціна. Міліцыя, у асобе Ластоўскага, паведаміла, што ўсіх затрымаюць.

Падумаў, што трэба ехаць. Сесці і сядзець разам з усімі сумленнымі людзьмі. Прасцей будзе. Шчотка, паста, цёплыя рэчы, пара падручнікаў у сумку. Паехаў у Менск. На падыходах, у дварах стаялі аўтазакі. Абрадаваўся. «Суткі» падаваліся адзінай магчымасцю адчуваць сабе нармальна і пазбыцца сораму за тое, што ўцякаў ад спецназа на Плошчы.

Але пасля акцыі затрымалі толькі Міхася Пашкевіча, з якім вярталіся дварамі. Я хоць і папрасіўся праехаць з імі, атрымаў адмоўны адказ ад «ціхароў».

Пасля неяк прайшло. І прызвычаіліся. І гэта, напэўна, нармальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?