Беларусы звяртаюць усё менш увагі на існаванне Лукашэнкі. Добрага ад яго даўно не чакаюць, да дрэннага прывыклі і таму асабліва не рэагуюць.

11 снежня адбылася свайго роду гістарычная падзея. Аляксандр Лукашэнка даваў чарговую маштабную прэс-канферэнцыю, гэтым разам кіраўнікам сродкаў масавай інфармацыі краін СНД і Балтыі. Звычайна ў такія дні інтэрнэт, сацыяльныя сеткі перапоўненыя каментарамі, рэплікамі з нагоды чарговых лёсавызначальных выказванняў і (або) камічных рэплік беларускага прэзідэнта.

Аднак, нягледзячы на свае забаўныя выказванні пра ігру на баяне, Лукашэнка гэтым разам не стаў галоўным ньюсмейкерам.

У гэты дзень беларускі інтэрнэт абмяркоўваў выкладзены ў сетку запіс размовы двух журналістаў. Карэспандэнт Еўрарадыё патэлефанаваў журналістцы з газеты адміністрацыі прэзідэнта «Савецкая Белоруссія», жадаючы ўзяць каментар пра асаблівасці беларускага адбору на Еўрабачанне. Калегі не вельмі міла пагутарылі, дзяржаўная журналістка дзіўна хіхікала, дзівілася, чаму ёй патэлефанавалі ў панядзелак, і на развітанне сказала «ненавіджу».

Гутарка зрабілася папулярным беларускім інтэрнэт-мемам, заняла першае месца на сайтах асноўных незалежных беларускіх СМІ, спарадзіла дзясяткі карыкатур, дэматыватараў, ёй былі прысвечаныя аналітычныя праграмы і ток-шоу — ад Радыё Свабода да дзяржаўнага тэлебачання, а журналістка дзяржаўнай газеты стала ў вачах беларускай «прагрэсіўнай інтэрнэт-супольнасці» чымсьці накшталт «Светы з Іванава».

Каб зразумець, што гэта не выпадковасць, дастаткова прывесці яшчэ некалькі тэмаў, якія рабіліся самымі папулярнымі за апошнія тыдні ў беларускай інфармацыйнай прасторы. 13 лістапада кіроўца Porsche Cayenne у двары школы насмерць задавіў трэцякласніка. Перш чым уявіць, якая бура эмоцый вылілася ва ўсіх СМІ і сацыяльных сетках, вы павінныя зразумець, што Porsche Cayenne у Мінску і, напрыклад, у Маскве — гэта дзве вялікія розніцы. Для большасці ў Мінску гэта ўзор празмернага і нават «непрыстойнага» для дэманстрацыі на публіцы ўзроўню багацця. Адзін публіцыст нават так і напісаў: маўляў, мяжа прыстойнасці праходзіць паміж Porsche Cayenne і Mercedes-Benz Maybach.

Не паспела адшумець гэтая гісторыя, як інтэрнэт выбухнуў кадрамі таго, як у аўтобусе ў Наваполацку адзін з пасажыраў, пры яўным маўклівым ухваленні іншых, адцягаў за валасы немаладую кантралёрку, нібыта ратуючы ад яе агрэсіі сям’ю з дзецьмі. Дзясяткі дыскусій, аналітычныя праграмы з удзелам псіхолагаў і палітолагаў з высновамі аб тым, што для беларусаў кантралёр — сакральная фігура, найніжэйшы і самы блізкі да народа прадстаўнік улады.

Сакрэт папулярнасці ўсіх гэтых непалітычных гісторый відавочны: не маючы магчымасці выказваць свае эмоцыі ў дачыненні да ўлады, беларусы выліваюць сваю лютасць і фрустрацыю на кантралёраў, забойцаў на дарагіх машынах і журналістак афіцыйнай прэсы.

19 снежня спаўняецца два гады з дня апошніх прэзідэнцкіх выбараў, якія сталі паваротнымі ў сучаснай гісторыі Беларусі. 2008–2010 гады прайшлі ў краіне пад знакам лібералізацыі — у эканоміцы, замежнай і ўнутранай палітыцы. Правядзі Лукашэнка больш-менш прымальна выбары, намалюй сабе сціплую перамогу ў 55% — і задача была б выкананая: Захад (са скрыгатам) гатовы быў прызнаць рэальнасць, ужо не разлічваючы на радыкальныя палітычныя перамены, але спадзеючыся эканомікай і інвестыцыямі ўплываць на палітыку Мінска. Чаму 19 снежня скончылася жорсткім разгонам, заключэннем за краты шасці з дзесяці зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты, чаму Лукашэнка ў адзін дзень перавярнуў усё, чаго дамагаўся папярэднія два гады, застаецца да канца незразумелым. Сваю версію я прапанаваў у артыкуле «Лукашэнка спалохаўся свабоды».

Хоць не так і важна, якая версія мае большае права на існаванне, галоўным уяўляецца вынік — выпаленая пустыня на палітычным полі Беларусі.

Усё менш беларусаў удзельнічае ў адкрытай палітычнай барацьбе. Апазіцыйныя кадры ў многіх рэгіёнах краіны па-ранейшаму складаюць людзі, якія прыйшлі ў палітыку ў канцы 80-х, толькі пастарэлыя і пасумнелыя на 20 гадоў.

Афіцыйная спісавая колькасць большасці апазіцыйных партый складае некалькі тысяч чалавек (з якіх рэальна актыўныя некалькі сотняў). На кожных выбарах адбываецца ўсплёск актыўнасці, у палітыку прыходзяць новыя людзі, але пасля пройгрышу і традыцыйнай зачысткі палітычнага ландшафту, падобна, яшчэ больш з палітыкі сыходзіць, і агульная колькасць палітычных актывістаў здаецца нязменнай апошнія гадоў дзесяць.

Пасля выбараў за два гады з Беларусі вымушаныя былі эміграваць тысячы палітычных актывістаў — за мяжой апынуліся цэлыя палітычныя структуры, напрыклад, рэдакцыя папулярнага сайта «Хартыя-97» і ўсё кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Беларускія палітычныя эмігранты спрабуюць аб’яднацца, ствараюць новыя структуры і ўжо спрачаюцца з «пакінутымі» за права называцца сапраўднай, непадкантрольнай КДБ апазіцыяй.

У ходзе апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў НІСЭПД у траўні 2011 года, каля 40% рэспандэнтаў прызналіся, што хацелі б з’ехаць з Беларусі. Сярод моладзі гэтая лічба дасягае 75%.

Сацыялагічныя дадзеныя таксама паказваюць, што да адкрытага выказвання сваёй незадаволенасці большасць не гатовая. Нават катастрафічны для даходаў насельніцтва 2011 год, калі курс беларускага рубля за 9 месяцаў упаў амаль у тры разы, не прывёў да радыкальных сацыяльных узрушэнняў.

Маўклівыя акцыі пратэсту былі яркім воплескам, задушаным ўладамі, якія ўлічылі ўрокі і ўвялі сумнавядомыя змены ў заканадаўства («аб бяздзейнасці»), пасля якіх нават пляскаць на вуліцы ў ладкі можна толькі з дазволу ўладаў.

Беларускія палітолагі аналізуюць розныя сцэнары змены ўлады, аднак рэвалюцыйны разглядаецца імі як найменш рэальны.
Рэйтынг прэзідэнта ў апошні год спыніўся дзесьці на ўзроўні 25–30%, але з улікам асаблівасцяў падліку галасоў яму хапае і гэтага, і на кожных выбарах ЦВК чарговы раз абвяшчае пра 80%.
Да Лукашэнкі ўжо даўно прывыклі, як да кепскага беларускага надвор’я.
Колькі ты яго ні кляні, яно ад гэтага не зменіцца — заўсёды дождж, заўсёды пахмурна. У Беларусі ў годзе толькі 50 сонечных дзён. Ну і як у такіх умовах «вечнай восені» не сфармавацца цярпліваму і памяркоўнаму нацыянальнаму характару?

Людзі стаміліся абмяркоўваць Лукашэнку, які ўжо даўно паўтараецца і ходзіць па коле, ведучы за сабой усю краіну дзіўным карагодам. Добрага ад яго даўно не чакаюць, да дрэннага прывыклі і таму асабліва не рэагуюць. «Бізуном абуха не пераб’еш», «колькі можна біцца галавой аб сценку», «не плюй супраць ветру» — паслужлівая народная мудрасць гатовая даць тысячу апраўданняў баязлівасці і пасіўнасці.

З розных гістарычных і сацыяльных прычынаў гісторыя стагоддзямі прывучала беларусаў выжываць. Гэта сфармавала розныя рысы нацыянальнага характару, але акрамя іншага прывяло да таго, што сярэдні беларус імкнецца не змяняць сітуацыю, а прыстасоўвацца да яе. Ці, як сфармулявала адна даследчыца беларускага фальклору і нацыянальнага характару, «Беларусь — краіна не стратэгій, а тактык». Ноч перажыць ды дзень пратрымацца.

У сённяшняй сітуацыі гэта азначае эміграцыю, не вонкавую, дык унутраную.
Тыя, хто не наважваецца з’ехаць, «сыходзяць у сябе» — у інтэрнэт, у прыватнае жыццё, у шопінг.

18 гадоў прэзідэнцтва Лукашэнкі ўлады словамі і дзеяннямі пераконвалі сваіх суграмадзян, што не варта ўдзельнічаць у палітыцы, што лепш не высоўвацца, што любая грамадская ініцыятыва караецца «па азначэнні». Падобна да таго, што пераканалі, і цяпер большасць займаецца толькі тым, што лае ўжо не толькі ўладу, але і апазіцыю — чаму, маўляў, вы да гэтага часу не можаце скінуць гэтага Лукашэнку?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?