20.12.2012 / 13:46

Ніна Багінская: Нехта крыкнуў мне ўслед: «Жыве Беларусь» 10

Учора апазіцыя не рызыкавала, не ішла пад верны суд. Не было значных акцый у гонар угодкаў падзей 19 снежня 2010 года. Але ўвечары грамадская актывістка Ніна Багінская выйшла з бел-чырвона-белым сцягам на Кастрычніцкую плошчу, каб ушанаваць Плошчу, і была затрыманая. Ніна Багінская расказала «НН» пра сваю сапраўды самотную акцыю.

«Я ўжо ведала, што нападуць, затрымаюць, таму ўсіх сваіх сябраў папярэдзіла загаддзя: «Не падыходзце блізка!» — кажа яна. — Сцяг быў у мяне ў кішэні, а прывязаць я яго збіралася на невялікі шэст — ішла з ім, як з кіёчкам. Я паднялася ад Нямігі да плошчы Свабоды. Там ужо стаялі аўтазакі, самы вялікі з іх — паміж Ратушай і суседнім будынкам. Недалёка ад плошчы замацавала сцяг і рушыла да «нулявога кіламетра».

На коўзанцы каля Ялінкі гуртавалася моладзь. Нехта пабачыў сцяг і спытаў: «А што, мітынг будзе?»
Я адказала: «Не будзе ніякага мітынгу. Я тут са сцягам гуляю, бо маю права» — і пайшла далей. Нехта крыкнуў мне ўслед: «Жыве Беларусь», — расказала «НН» актывістка.
«Але раптам да мяне падбеглі два маладзёны, гадоў да 25-ці, выхапілі сцяг, зламалі шэст і пабеглі ў падземны пераход. Я пагналася за імі.
Каля пераходу стаяў міліцыянт, я крыкнула яму, што мяне рабуюць, забіраюць маю маёмасць і папрасіла абараніць мяне. Ён прапанаваў мне пайсці за імі. Мы спусціліся ў пераход, а ён усё накіроўваў мяне: «Хадзем туды, туды». Відаць, быў загад некуды мяне адвесці, таму я сышла ад міліцыянта, паднялася да пешаходнага пераходу і чакала зялёнага святла, бо вырашыла ўсё ж дайсці да плошчы Незалежнасці. А што сцяг забралі — ну і калі ласка, калі ён вам так трэба», — кажа жанчына.
Але некалькі байцоў АМАПу атачылі Ніну Багінскую каля перахода.
«Яны прапанавалі «прайсці з імі», але я настойвала, што я без сцяга, іду па справах да сябровак. Мая знаёмая пабачыла мяне і закрычала АМАПаўцам, што я разам з ёю. Да яе хутка падышлі некалькі байцоў і адвялі ўбок. Я шчэ раз сказала, што мой кіёчак паламалі, таму я не магу ісці з імі. Тады АМАПаўцы ўзялі мяне пад рукі і павялі ў аўтазак. У невялікай машыне іх там са мною было чалавек 5–6. Я папракала іх, казала, як ім не сорамна, такім маладым мужыкам затрымліваць састарэлую жанчыну. Але яны нешта мармыталі сабе пад нос і казалі, што не разумеюць мовы».
«Мяне прывезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна і перадалі міліцыянтам. Разам са мной аддалі і сцяг, і кіёчак. У РУУС на мяне саставілі пратакол, усё добра напісалі, цалкам з маіх словаў, але на расейскай. Я ім зрабіла заўвагу, у канцы яны нават спрабавалі па-беларуску размаўляць.
Пыталіся, чаму я выйшла са сцягам на плошчу. Я шчыра адказала: «Бо прайшло ўжо 2 гады, а мае чаканні і чаканні маіх сяброў не спраўдзіліся. Выбары былі несумленнымі, а ў турмах дагэтуль сядзяць палітвязні. Таму выйшла ў знак салідарнасці з імі». Пратрымалі ўсе 3 гадзіны, але цалкам усё нармальна. Не білі, не здзекаваліся».
Кіёчак Ніне Багінскай аддалі, а даведацца пра лёс сцяга папрасілі праз 10 дзён. Сама актывістка не думае, што справу накіруюць у суд.

Кірыла Хілько

0
житель / Адказаць
20.12.2012 / 14:10
шавки прикарытные.
0
rupar_epohi_2_житель / Адказаць
20.12.2012 / 14:17
а то ж
0
adva-belarus / Адказаць
20.12.2012 / 14:24
Дзякуй Вам.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру