Былога чыноўніка абвінавачваюць толькі па адным артыкуле — «Атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча». Справу сярод шэрагу падобных вылучае сума, што фігуруе — $500 тысяч.

Па версіі абвінаваўцы, гэта грошы, якія Васільеў патрабаваў ад замежных бізнэсоўцаў за падпісанне з імі інвестыцыйнага праекта.

Чэшскія кампаніі хацелі пабудаваць у Мінску завод па перапрацоўцы смецця.

З такой прапановай яны звярнуліся да мінскіх уладаў у лістападзе 2010-га. Пракурор лічыць, што Васільеў узяўся апекавацца гэтым праектам, бо ўжо тады яму прапанавалі грошы. Дамова з чэхамі была падпісаная, але бізнэсоўцы так і не пачалі яе выконваць. Будаўніцтва завода не пачалося і да сёння. Па сверсіі следства, Васільеў тады ўжо сам патрабаваў грошы, каб Мінгарвыканкам не разарваў дамовы з інвестарамі за пратэрміноўку.

Ніякіх банкаў, толькі наяўныя

Па словах абвінаваўцы, чыноўнік адмовіўся ад прапановы, каб для яго адкрылі банкаўскі рахунак, і на яго пералічылі грошы. Патрабаваў толькі наяўныя.

«У дадзенай фармуліроўцы сваёй віны не прызнаю», — сказаў Васільеў на працэсе. Але адказваць на ўсе пытанні пагадзіўся толькі пасля допыту ўсіх сведкаў. І адзначыў, што як пачне гаварыць, прадставіць суду доказы сваёй невінаватасці. Хаця невялікія тлумачэнні ўсё-ткі даваў.

У матэрыялах крымінальнай справы маецца «яўка з павіннай» экс-намесніка сталічнага мэра. Але цяпер ён адмаўляе яе шчырасць. Кажа пра псіхалагічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ.

Менавіта па іх прапанове і напісаў такі дакумент пасля затрымання. А з дзвюх старонак другую пісаў «фактычна пад дыктоўку».

«Я праявіў слабасць і пагадзіўся на атрыманне гэтых грошай», — гаворыцца ў яўцы.

Са словаў Ігара Васільева, супрацоўнікі КДБ патрабавалі ад яго такі дакумент. Іначай яны адмаўляліся даць адваката. Яшчэ абяцалі, што праз тры дні зменяць арышт пад падпіску.

«Сувенір» за чвэрць мільёнаў даляраў

Агучылі пратаколы допытаў падчас папярэдняга следства. Па іх адкрываецца карціна затрымання.

5 ліпеня прадстаўнік чэшскіх бізнэсоўцаў Ананьеў зайшоў на працу да чыноўніка і сказаў, што прывёз «сувенір» ад чэхаў і заўтра гатовы яго перадаць.

6 ліпеня каля 7.30 раніцы мужчыны сустрэліся ў Мінгарвыканкаме, падняліся ў кабінет чыноўніка. Ананьеў спытаўся, куды паставіць партфель з «сувенірам». Той паказаў на шафу.

Затым разышліся. Васільеў хадзіў па справах да старшыні гарвыканкама Ладуцькі. А калі вяртаўся, да яго падышлі 2-3 чалавекі і прапанавалі прайсці ў яго кабінет. Там ужо былі чатыры чалавекі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ.

Пры вобшуку ў партфелі знайшлі $250 тысяч — нібыта першую частку хабару.

Васільеў адзначаў на допытах, што двойчы пры сустрэчах з чэхамі яму перадавалі спіртное ў якасці прэзэнтаў. А пра грошы ў партфелі ён не ведаў і не мае да іх дачынення. Маўляў, нават не бачыў моманту, калі Ананьеў партфель ставіў у шафу. З Мінгарвыканкама яго і забралі ў КДБ.

Замест Турцыі — за краты

6 ліпеня, у пятніцу, у Васільева быў апошні працоўны дзень. У суботу ён павінен быў ляцець па пуцёўцы на адпачынак у Турцыю. Па яго словах, супрацоўнікі КДБ затым казалі, што «абставяць» справу так, што ніхто не будзе нічога ведаць. І інфармацыю ў СМІ не дадуць. Маўляў, чыноўнік не выходзіць на працу, бо знаходзіцца ў адпачынку. А сам Васільеў у гэты час зможа спакойна займацца сваёй абаронай. Такая здзелка прапаноўвалася ўзамен на падпісаную яўку.

Дакумент чыноўнік падпісаў, але так і застаўся за кратамі.

Васільеў на судзе гаворыць бадзёра, спяшаючыся, часам праглатваючы словы. Адчуваецца, што ён хоча ўсіх пераканаць у сваё невінаватасці. Прынамсі, ён сам у гэтым упэўнены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?