Дзён дзесяць назад мне пазваніў Віталь Сіліцкі. Выбіраючыся ў чарговую стажыроўку ў адзін з заходніх унівэрсытэтаў, ён папрасіў мяне аб сустрэчы. Гаварыў, што хоча сказаць нешта важнае. Таго дня я ад’яжджаў у Варшаву, і мы сустрэліся на менскім вакзале.

«Я баюся за вас, хлопцы, — упершыню ў жыцьці прамовіў мне такое Віталь. — Ходзяць чуткі, што ўсьлед за палітыкамі пачнуць садзіць аналітыкаў».

Наступнымі днямі я марна стараўся забыцца пра пачутае і ў нядзелю пайшоў на Кастрычніцкі пляц зь цяжкім сэрцам.

Гісторыя зь людзьмі на гэтым пляцы і іх блякадай спраўдзіла гэтае прадказваньне толькі часткова.

Усьлед за палітыкамі пачалі садзіць ня толькі аналітыкаў, але і журналістаў, культурных дзеячаў і проста людзей беларускай мовы.

Пасадзіць на 10, 15 ці 25 за неляяльнасьць да рэжыму, выражаную якім-заўгодна чынам, цяпер могуць кожнага. Проста так, у імя прафіляктыкі апазыцыйных настрояў.

Гавораць, гэта робіцца для запалохваньня. Інфармацыя пра затрыманых, асабліва калі чалавек больш-менш вядомы, Лябедзька ці Дынько, імгненна разыходзіцца сярод незалежнай супольнасьці.

Але гэта ня ўся праўда. Гэта робіцца для таго, каб навязаць новыя правілы гульні, па-новаму акрэсьліць межы дазволенага і недазволенага, паказаць, што прастора свабоды стала вузейшай. Акурат каб выпрацаваць у нескароных безумоўны рэфлекс, загрукатаў канвэер арышт-суд-турма, празь які ўжо цяпер прайшлі сотні людзей.

За перамогу Лукашэнкі ў 2001 годзе мы заплацілі зьнішчэньнем Ліцэю, увядзеньнем пахабнай ідэалёгіі і масавым закрыцьцём незалежнай прэсы.

За перамогу Лукашэнкі ў 2006 мы пачынаем плаціць сваім здароўем, лёсамі сваімі і сваіх дзяцей.

Рэжым дае зразумець, што любога нават западозранага ў апазыцыйнасьці чакае бяспраўе лукашэнкавай сілавой машыны. Калі гэтага захоча прэзыдэнт, свабода западозранага можа быць абмежаваная арыштам, забаронай выезду за мяжу або з пальца высмактанай крымінальнай справай. У яго «месцы пражываньня» ў любы момант можа адбыцца ператрус з канфіскацыямі «крыніцаў інфармацыі» і другіх цікавых прадметаў.

Таму не трымайце дома нічога лішняга.

Будзь гатовыя да найгоршага.

Але не карыцеся!

Пакорай, падпарадкаваньнем вы павышаеце градус параноі ўладаў.

Мая жонка, два дні абіваючы парогі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна, пачула ад маладога здаравезнага канваіра: «Такіх сук трэба страляць!»

Сёньня гэта было пра Дынька.

Заўтра можа быць і пра цябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?