Як праз інтэрнэт лепяцца вобразы публічных асобаў, як з нічога з’яўляецца нешта, як пераназыванне паняццяў выдаецца за «мысленне», як стыль перарастае ў змест? Дзеля жарту я паспрабаваў скласці кароткую формулу, якая б адлюстроўвала сутнасць працэсу нараджэння «інтэрнэт-зорак». Мне падалося прыдатным узяць мадэль максімаў на лаціне кшталту cogito ergo sum (Я мыслю, значыць я існую). Атрымалася тое, што вынесена ў загаловак, — videor ergo sum (Я бачны, таму я ёсць). Іншымі словамі, сэнс майго існавання — каб пра мяне гаварылі, каб мяне паказвалі.

Я думаў, што зрабіў «філалагічна-філасофскую» знаходку, спалучыўшы пасіўную форму дзеяслова videre (бачыць) у 1-й асобе адзіночнага ліку з вядомым спалучэннем ergo sum. Потым усё ж вырашыў спраўдзіць ў лацінскамоўным гугле, ці не выкарыстоўваў хто-небудзь нешта падобнае. О, неба! Такі лацінскі выраз ужо ёсць. І прытым у псіхапаталогіі.

«Я бачны, значыць я існую» — у метапсіхалогіі і псіхіятрыі гэта формула дыягностыкі захворванняў, звязаных з парушэннямі механізмаў ацэнкі ўласнай ідэнтычнасці. Гэта мадэль свядомага ці падсвядомага стварэння ўласнага іміджу, так званая «інсцэніроўка ідэнтычнасці». Гл., напрыклад: Videor ergo sum (Ich werde gesehen, also bin ich). Dr. rer. med., Dipl.-Psych. Martin Altmeyer. Vortrag, 15. April 2002, im Rahmen der 52. Lindauer Psychotherapiewochen 2002 (www. Lptw.de).

Аналітыкі і жыхары сеціва

У электроннай медыяпрасторы віртуальныя аналітыкі ды журналісты пачынаюць ацэньваць паводле законаў шоу-бізнэсу не толькі пісьменнікаў ды артыстаў, але таксама інтэлектуалаў, палітыкаў і так званых актывістаў грамадзянскай супольнасці. Фармальным крытэрам ацэнкі тут, як у навуцы, пачынае лічыцца колькасць «згадак і спасылак».
(Праўда, ў сапраўднай навуцы скандалы і перфомансы не ідуць у залік.)

Уладальнікі сайтаў, блогеры ды іншыя зацікаўленыя «жыхары» сеціва шукаюць не проста асобаў ды падзеі, але «перспектыўныя» stories&events, каб існаваць самім у гэтай прасторы. Калі яны не знаходзяць у віртуальным гумусе аб’ектаў, якія б выклікалі дастаткова «каментаў» — хай сабе і сумнеўнай пробы, — яны самі нешта адпаведнае прыдумляюць. У нас няма, напрыклад, ні навуковых, ні публічных даследаванняў пра тое, як расце беларуская частка Вікіпедыі (маю на ўвазе не толькі беларускамоўныя тэксты). Як навязліва фармуюцца ў сеціве некаторыя па сутнасці антыбеларускія міфы і стэрэатыпы! Тут таварышы і гаспада не спяць, а лезуць, штурхаюць, прапаноўваюць, крытыкуюць, самі ці з дапамогай прыдуманых сяброў-аднадумцаў абвяшчаюць сябе геніямі, лідарамі, стваральнікамі школаў, рухаў. Не абыходзіцца і без кур’ёзаў.

Змест і ўпакоўка

Як правіла, электронны ці папяровы прадукт новых зорак, узгадаваных у віртуальнай гуманістычнай прасторы (часта з вельмі дэмакратычнымі шыльдамі), ды сфармуляваны яшчэ ў тэрмінах постмадэрнізму, імкнецца амаль да абсалютнага нуля, калі яго прааналізаваць метадам выкрэслівання «пустых знакаў» з прычыны адсутнага «лагічнага прэдыкату».
Часам гэты прадукт можа пакідаць прыемны шлейф аўтарскай мазаічнай эрудыцыі, якая на першае ўспрыманне выклікае захапленне.
На выхадзе ж атрымліваецца такі салідны, прыгожа ўпакаваны псеўдаактуальны сімулякр. Вельмі далёкі ад прагматыкі і рэчаіснасці, ён застывае дзесьці на ўзроўні філасофскай «наміналізацыі», калі «новае» ёсць толькі нейкай «трансфармацый вербальных адзінак на ўзровень новай метамовы».
Самае смешнае, што шмат хто з нармальных людзей, не разумеючы навуковападобнай тарабаршчыны, сарамліва маўчыць, як у той казцы пра голага караля, і стварае світу слухачоў ці «візіцёраў» у сеціве.

Найвышэйшы пілатаж — пашырэнне вобразу лідара праз Вікіпедыю. Бо ў нас, гома саветыкусаў, піетэт перад энцыклапедыяй. Мала хто ўяўляе, што Вікіпедыя — гэта не Брытаніка.

Ну і што, скажаце вы, што тут дрэннага?

Няхай людзі забаўляюцца, пішуць на птушынай мове, называюць рамкі «фрэймамі», выказванне — «трансляцыяй», мазню ў рамцы — «тэкстам», няхай па-постмадэрнісцку перакрочваюць звыклыя звычаёвыя нормы, не саромяцца ўслых вымаўляць слова «вагіна» ў слэнгавай стылістыцы, але на замежнай мове, бо не валодаюць гэтай мовай і не адчуваюць сораму, няхай на выставе дызайну глыбакадумна канстатуюць прагрэс («нацыянальная ідэнтычнасць перастае быць трэндам»)…
Маўляў, пішучы пра гэтую з’яву ды называючы імёны, мы самі робім рэкламу таму, што нам не падабаецца. Як таму ж «Бульбашъ»-у…

Агульна кажучы, гэта так. Але калі самаабвешчаная зорка, баючыся «кесоннай хваробы», застаецца сама ў «вадалазным касцюме абстракцый» і, арганізаваўшы сотні «наведванняў» і «спасылак», абвяшчае сябе «мультыплікатарам/ адукатарам/ аватарам/ лідарам» і валадаром думак, то гэты віртуальны перфоманс ужо не такі і бяскрыўдны. Не бяскрыўдны таму, што многія з сённяшняй маладой генерацыі робяць свае запозненыя адкрыцці выключна праз інтэрнэт, не маючы грунтоўных сістэматычных ведаў пасля нашай школы і навучання ў ВНУ.

Апошнім часам у беларускай віртуальнай прасторы пачалі мільгаць імёны філосафаў, літаратараў ды гісторыкаў-публікатараў, якія ў традыцыйнай ды постмадэрнай манеры пачалі «думаць Беларусь» ды мроіць тут і цяпер мультыкультурную дзяржаву з чыста «грамадзянскай нацыяй», дзе ўласна беларускім будзе ўсё тое, што яны на свой вельмі вучоны мадэрны капыл «імплікуюць у нацыянальны дыскурс» праз «дыялог у фрэйме дыверсных мэтавых груп» як панацэю, што прывядзе гэтыя групы да кансэнсусу ды сфармуе «шматузроўневую ўстойлівую грамадзянскую супольнасць».

Simulacra produco ergo sum

Пішучы пра вытворцаў сімулякраў, я маю на ўвазе і нашу новую зорку інтэрнэт-прасторы — Уладзіміра Мацкевіча. Гэта ж не жартачкі! Сп. Мацкевіч нядаўна абвясціў сам сябе «лідарам грамадзянскай супольнасці Беларусі» са сваёй грандыёзнай праграмай «Дэсаветызацыя — Беларусізацыя — Еўрапеізацыя».
З уласнай характарыстыкі, ён — вучань Г.П. Шчадравіцкага і метадолаг школы ММК (Московский методологический кружок). Падобна, ён спадзяецца на поспехі метадалагічна ўзброенай каманды на магчымых віртуальных «праймерыз» на базе «Нацыянальнай платформы». Уладзімір Мацкевіч — лідар паводле свайго філасофска-метадалагічнага разумення: «Я — лідар, таму што «штурхаю, цягну, распрацоўваю праграмы і стратэгіі» (анлайн-канферэнцыя на Радыё Свабода).
Адсюль вынікае «арганізацыйнае» рэзюмэ: «І з гэтага лідарскага месца немагчыма мяне скінуць, бо мяне ніхто не выбіраў…» (тамсама). У інтэрнэце тут трэба было б маляваць смайлік.

На ўласным сайце ў анонсе праграмы «Лятучага ўніверсітэта» на 2012—2013 гг. у раздзеле «Введение в практики мышления и деятельности» Ул. Мацкевіч піша: «Когда мы выпадаем из реальности и всё теряет смысл, оказывается, что у нас была система мировоззрения и нужно мучительно отстраивать ее заново… Мы делаем выбор в пользу номинализма или реализма, судим о политике, полагая, что знаем значение этого слова…»

У шматлікіх інтэрв’ю метадолаг Мацкевіч крытыкуе «бездапаможны рэалізм» метадалагічна не падмацаваных праграм і дэкларацый фігурантаў сённяшняга палітычнага поля Беларусі (АГП, Рада БНР, Справядлівы свет, БНФ і г.д.) за адсутнасць«эйдаў» ды «топаў» і няўменне кантраляваць «рамкі і фрэймы», распісаныя паводле строгай метадалогіі.

Дакладна так некалькі гадоў таму філосафы Чобат ды Екадумаў крытыкавалі дзеячаў БНР («раскірдашы-нязграбы з той БНР») ды пазнякоўскі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання за неразуменне прагрэсіўнасці заходнерусізму і брак эйдасу і топасу ў ідэалогіі БНФ.
Зразумела, што ў кокане метадалогіі, зашыфраванай сродкамі метамовы, вельмі камфортна шукаць эйды ды топы і «думаць Беларусь». Як толькі высунеш галаву з ракавіны ўтульнай тэорыі на мінскую вуліцу, можна паводле «ірацыянальнага» загаду дыктатара атрымаць дручком па разумнай галаве. (Забягаючы наперад, скажу, што гэта і ёсць тая самая «ірацыянальная выпадковасць» побач з грымасамі рынкавай эканомікі, якую паплечнік Г. П. ШчадравіцкагаА. Г. Рапапорт называў «ахілесавай пятой» канцэпцыі ММК.)
Невыпадкова, пэўна, на анлайн-канферэнцыі Радыё Свабода на пытанне, ці не страшна жыць крытыку сістэмы ў Беларусі, калі ён кажа, што «лёсаносная місія Нацплатформы — ціск на нашу ўладу», метадолаг Мацкевіч адказваў вельмі няўцямна. Сп. Мацкевіч як вучань школы Г. П. Шчадравіцкага таямніча растлумачыў, што трэба разумна будаваць сваю дзейнасць, каб пазбегнуць небяспекі. Гэта прагучала як масонская мудрасць.
Як сумясціць элітарную МКК-метадалогіюГ. П. Шчадравіцкага, што базуецца на «мысленні мыслення» («Мышление среди людей так же редко, как бальные танцы среди лошадей…») з выхадам у сённяшняе беларускае грамадства?
Можна «для выхода из вечной периферии захватить плацдарм мышления», як казаў той жа Шчадравіцкі. Але ж нельга, абапіраючыся на сваіх дванаццаць апосталаў, якія, магчыма, засвоілі ММК-метадалогію праз «трансляцыю» Ул. Мацкевіча, стаць лідарам таго соцыуму, які — паводле самога Ул. М. — яшчэ і думаць не навучыўся, не тое што «мысліць мысленне».
Як сёння ў дапасаванні да беларускіх рэаліяў сумясціць з халоднай шчадравіцкай «інжынерыяй» больш «кантаўскую», схільную да апоры на маральны імператыў рэфлексію («Хто, калі не я?» І пайсці на плошчу).
Сп. Мацкевіч, пэўна, помніць эвалюцыю ГП (так вучні называлі Георгія Пятровіча) у бок «рэфлексіяў» свайго паплечніка і вучня Ул. Лефеўра, які то сварыўся з ГП, то адыходзіў у бок уладаў, то зноў вяртаўся. Потым абодва «зліліся» ў кампрамісе.
Іншымі словамі, як можна «ціснуць на ўладу», якой не патрэбныя шэрыя кардыналы, і, застаючыся нечым накшталт NGO, фактычна дыстанцыявацца ад «шэрай» масы праз сваю снабісцкую элітарнасць?

Незвычайнасць семантычнага афармлення базавых паняццяў быцця і ацэнкі навакольных з’яваў і асобаў сп. Мацкевічам выклікае, мякка кажучы здзіўленне. Я назваў гэта «вербальнай эманацыяй пакліканняў». Чытаючы Ул. Мацкевіча, заўважаеш, што маеш справу з асобай, што можа нешта гаварыць у фармаце «герменеўтычнай» стылістыкі, якая можа вагацца ад малітоўнага стану да ёрніцтва.

1. Пакліканне «думаць Беларусь» ад продкаў:

В детстве у меня было два деда. Они учили меня нескольким вещам: 1. Быть самим собой, но не носиться с собой как с писаной торбой. 2. Любить Беларусь, любить ее издалека, из Сибири, где мы тогда оказались. Любить ее издалека — еще в одном смысле, в контексте мира и большой истории… («Сага об учителях»).

2. «Сінгулярная» повязь з антычнай філасофіяй праз свайго Настаўніка

Я убежден, что от меня через Щедровицкого можно проследить в ретроспективе непрерывную цепь ученичества к Сократу, Фалесу и дальше… («Сага об учителях»).

3. Пра любоў да людзей і зменлівыя правілы жыцця

А с чего вы взяли, что я их люблю? (выдзелена мною. — П. С.) За что их любить? Есть только несколько человек среди семимиллиардного человечества, которых я люблю. (З інтэрв’ю на партале BEL.BIZ). І супрацьлеглае падчас анлайн-канферэнцыі на РС: «Няма любові — застанецца цынізм» (выдзелена мною — П. С.). Правил очень много. Начиная с 10 заповедей Божьих и заканчивая теми, что я придумал сам. Возможно, когда-нибудь я их систематизирую, но сейчас пока на это нет времени и желания… Иногда я придумываю новое правило в тот момент, когда оно необходимо. Точно так же часто отменяю правила как устаревшие и утратившие актуальность. Но по-настоящему состоявшийся человек заставляет мир вращаться вокруг себя (?! — знакі мае, П. С.) (З інтэрв’ю на партале BEL.BIZ).

4. Пра беларускіх філосафаў і пра сябе

В Минске в 20-х годах появился первый в мире учебник по диамату. Это «карані» большинства наших университетских философов… Николай Круковский делает заявление: «Мае карані як беларускага філосафа — у беларускай вёсцы»… Вот замаячил новый Мефистофель… Михайлов маргинальнее меня во много раз. Я — белорусский философ. А он какой? А есть еще Степин. Кое-кто думает, что он в Минске оставил философскую школу. Как сказать… Я мыслил вместе с учителем, я работал со Щедровицким… Если Акудович почитывает Дериду за завтраком, он еще не живет в Европе… А почитывает ли Дерида Акудовича за завтраком? Ну да, конечно, Акудовича ж няма… Я — бастард, або байструк ММК… Пока Минск заселен «детями Делёза», внуками Хайдеггера» и прочими самозванцами, лучше быть реальным байструком реальной философской школы… («Не думайте о рыжем и слепом утконосе»). Александр Алексейчик, лучший в совке и постсовке психотерапевт и лучший в мире знаток Homo soveticus… открыл для меня христианство и освободил меня для философии… («Сага об учителях»). Я человек, который разрабатывает гуманитарные технологии в качестве вольного, если угодно — «бродячего философа»… Та власть, которая у меня есть, — называть вещи своими именами или придумывать им имена. И мне этого вполне достаточно… (З інтэрв’ю бюлетэню Фонду Сораса. Выдзелена мною. — П. С.).

5. Як нябёсы прадвызначылі саюз з Настаўнікам?

…Один из самых захватывающих сюжетов мировой литературы — поиск и обретение учителя. Это история Симона-Петра и Матфея. Это путь Диогена из Синопы в Афины. Это путь Страдивари в Кремону к мастеру Амати, Резерфорда из Новой Зеландии в Кавендишскую лабораторию… Ученика неумолимо влечет к учителю, как угря из Саргасова моря в озеро Нарач… Встреча ученика и учителя определена роком. Их союз предвечно заключен на небесах… И меня повлекло… Лев Маркович Веккер, последний русский неокантианец… меня отфутболил… А так влечение к учителю только усилилось… Только через десять лет я пришел и представился Учителю, и он меня принял… Я мыслил вместе с учителем, я работал со Щедровицким («Сага…»).

6. Містычнае пакліканне да місіянерства

Не все делаю хотя… Получается какая-то миссионерская деятельность… Ощущаю себя миссионером, как Иона в чреве кита… Вот кто-то тот, недосягаемый, пережует меня и выплюнет для осуществления моего предназначения… (Відэа з сеціва. Цытата не даслоўная. Гутарка пра грамадзянскую супольнасць, рэлігійныя абшчыны ды салідарнасць).

7. Terra cognita да прыезду ў Беларусь у 1994 годзе

Работал я как минимум в десяти свободных экономических зонах бывшего Советского Союза от Сахалина и Находки до Закарпатья и Армении… В конце 80-х — начале 90-х в тесном контакте с Народным Фронтом в первом правительстве независимой Латвии в правительстве Годманиса… работал с администрацией Краснодарского края, с администрацией Калининградской области (з інтэрв’ю бюлетэню Фонда Сораса).

8. Пра беларускіх дзеячаў (з таго ж бюлетэня)

Пра Шушкевіча: В 1994 году я свёл Шушкевича с имиджмейкерской компанией «Николло-М» [12]. Это давало ему огромный интеллектуальный ресурс. К сожалению, Шушкевич из-за недостатка гуманитарных знаний не смог по достоинству оценить уровень профессионализма этой команды… Это все тот же местечковый подход…

Пра Саннікава і Хартыю-97: Буквально через три месяца после запуска этого проекта я вынужден был от него отойти… Меня не поняли…

Пра НІСЭПД: НИСЭПИ пошел по легкому пути…

9. Пра сваю паразу на выбарах у Ангарскай акрузе супраць Пазняка і на пасаду старшыні АГП супраць Багданкевіча

Это делалось для эпатажа, для игры… Я прибегал к таким действиям, что делало меня видимым… (Гл. загаловак нататак. Падкрэслена мною. — П. С.)

10. Пра беларусаў

У них в голове пластилин («Безумное чаепитие» з Ліпковічам і Курэйчыкам). Забабоны белорусской вёски становятся доморощенным Мефистофелем («Сага об учителях»). Для среднестатистического беларуса достаточно ровно три К. Колхоз — крама — канапа для мужчин, для женщин — колхоз — крама — киндэр. (З «Утконоса»). «Культура — это всё, что транслируется. Вы колупаетесь в носу?» (інтэрактыўная лекцыя), — пытаецца УМ. «Да…» — адказвае збянтэжаная слухачка лекцыі па тэорыі «управления трансляцией культурной информации». Рэзюмэ лектара: Ну вот это и есть беларусская культура…»

У сувязі з пластылінавымі беларусамі згадваецца сентэнцыя Кацярыны ІІ: «Я гожусь только для России: люблю невозделанные страны…»

11. Незваротныя згрызоты сумлення

Когда-то я обидел Льва Николаевича Гумилева, до самой его смерти все думал, что исправлю свою оплошность, а теперь уже поздно… («Сага об учителях»).

Бедны Леў Гумилёў. Ён да самай смерці помніў Мацкевіча…

12. Пра страту дэйктычнай сілы паводле метадалогіі ММК

Методологический дискурс строится поверх ситуации, исчезает из практики рефлексивная инверсия и персонификация, и материализация проблематизации в коммуникативных ситуациях (З тэзісаў да 4-га метадалагічнага кангрэса. Цытуецца паводле «Утконоса»).

Зраблю яшчэ спецыяльна заўвагу: пра расійскую піяр-кампанію «Никколо М».

«Николло М», якую Ул. Мацкевіч сватаў Станіславу Шушкевічу і якая шмат каго «нагрэла» ў Беларусі, — прыдворная крамлёўская PR-фірма. На апошніх расійскіх выбарах спудлавала, шукаючы спонсараў больш шчодрых, чым Крэмль. Склала крытычны публіцыстычны матэрыял «Преступление без наказания» і разгневала Крэмль. Трапіла ў няміласць да Суркова. Засталася без падрадаў. Чытайце ў інтэрнэце: «Российский рынок политического консультирования с замиранием сердца наблюдает за судорогами „Никколо М“, некогда считавшейся одной из самых мощных и финансово обеспеченных структур. Злорадство конкурентов смешивается со страхом, поскольку все понимают: никакие, даже самые лояльные и доверительные отношения с Кремлём не могут гарантировать спокойного будущего». Гэта так, a propos…

Захварэць на Фаўста

Уважлівы і падрыхтаваны чытач, які разумее, што значыць іронія, самаіронія, сітуацыйная метафара і г.д., можа папракнуць мяне ў адсутнасці пачуцця гумару, падмене паняццяў, вырыванні цытат з кантэксту і г.д. Тут трэба абмяркоўваць кожны выпадак паасобку. Але калі маеш справу з асобай, якая можа выдаваць маніякальна-містычныя сэнтэнцыі («От меня через Щедровицкого можно проследить в ретроспективе непрерывную цепь ученичества к Сократу, Фалесу и дальше…»), клясціся ў любові да Беларусі, «думаць Беларусь», а ў практыцы «живого философствования» фармуляваць сумнеўна-прыземленыя, часам хамскія пасажы ў дачыненні да «актуальнага беларускага нацыянальнага коду», то тут толькі даводзіцца паціскаць плячыма.

Прыклад: інтэрнэт-лекцыя пра кіраванне культурай. УМ называе гэта па-вучонаму, нешта накшталт «адміністраванне трансляцыі культурнай інфармацыі», і фармулюе свой зыходны пастулат: культура — гэта ўсё, што транслюецца. Потым інтэрактыўна апускаецца на ўзровень «матэрыяльнай імплікацыі» і звяртаецца да слухачоў: «Вы когда-нибудь колупались в носу?». Усе, як авечкі, сарамліва прызнаюцца: «Да…» Лектар робіць рэзюмэ: «Вот это и есть белорусская культура…»

Адна ўцеха, што «рэальных» слухачоў на гэтай лекцыі было чалавек дзесяць, а інтэрнэт-наведванняў — усяго тры.

Ці як пра тых жа філосафаў (Гл. эманацыя 4). Можна было б жартам і ўсур’ёз сказаць: «У антычнасці філосафы да нас ужо амаль усё «вымыслілі». Жывых сапраўдных філосафаў цяпер мала. Нам на долю застаецца ў асноўным толькі інтэрпрэтацыя… Гэта «спадчынная хвароба» і нашай філасофіі. (Калі не памыляюся, некалькі гадоў таму прыблізна так казаў Юрген Хабермас у інтэрв’ю з нагоды свайго 80-годдзя, гаворачы пра сучасную філасофію.) Але ж у сваім эсэ пра «утконоса» Ул. Мацкевіч «папейшы» за Хабермаса: лепш быць банкартам ад Шчадравіцкага (гэта УМ пра сябе), чым беларускім філосафам-інтэрпрэтатарам

Тут варта звярнуць увагу на адзін важны нюанс. Сярэдні чалавек успрымае і закладае сабе ў «стэрэатыпную памяць» асобныя факты бессістэмна, па-за сувяззю з шырокім кантэкстам. Яму западаюць у падсвядомасць асобныя словы, фразы, «гісторыі». І сама, тэрміналагічна кажучы, прэсупазіцыя, «рассеяная» ў падсвядомасці творцы, вызначае агульны ўплыў лектара (аўтара) на слухача (чытача). Сп. Уладзімір Мацкевіч, як, напрыклад, і Анатоль Тарас, маючы ад прыроды пэўны талент, заходзяць у недабудаваны беларускі храм не як садоўнікі з цёплымі рукамі і сэрцам і маленькай нажоўкай, а авантурна, з бензапілой: «Вось я ўсе вашы нягеглыя старасвецкія антонаўкі выражу, а на іх месца на вашых дзялках квадратна-гнездавым спосабам пасаджу мадэрныя, як ва ўсім свеце, шасцідольныя прышчэпы…»
І вось з вуснаў і тэкстаў новых адукатараў раз-пораз вытыркаюцца (зусім паводле Фройда) абразлівыя слоўцы-паролі, што вынішчаюць карані гістарычнага аптымізму з галоваў і сэрцаў маладых беларусаў, якія складаюць большасць аўдыторыі. Захопленая тарасаўскай крытыкай расійскага імперыялізму або магічнымі пераможнымі схемамі Ул. Мацкевіча, моладзь не заўважае тупіковасці іх інтэлектуальных шляхоў.
Тут зноў прысутнічае шоу-эфект videor ergo sum з усімі дэманічнымі наступствамі, якія на першы погляд вядуць да поспеху: розгалас, скандал, бонусы. Але душа чалавека, якім авалодалі халодныя дэманы самаўзвышэння, не знойдзе спакою да канца дзён ягоных.

Вярніцеся яшчэ раз да цытатаў, дзе УМ гаворыць пра повязь з Сакратам або параўноўвае сябе з апосталам Пятром і Майсеем.

Простыя рэчы і простыя пытанні

Цяжка перайсці ад мадэрновых сімулякраў да прадметнага свету. Але ж нармальны чалавек, не Шапенгаўэр з любімым сабакам, запытаецца: «Як можна абвяшчаць сябе лідарам грамадзянскай супольнасці, гаварыць пра любоў («няма любові — застанецца цынізм»), пакліканне «думаць Беларусь» і так пагардліва гаварыць пра сваю «паству», з якой ты збіраешся, як з пластыліну, нешта ляпіць? Няўжо УМ не разумее, што такой хваравіта высокай самаацэнкай і месіянскім снабізмам ён аддаляе сябе ад людзей? З якімі такімі новымі высакалобымі янычарамі ён збіраецца ўсталяваць элітарную аўтакратычную дэмакратыю?

Зразумелае жаданне «быць бачным».
Гэта адпавядае PR-тэхналогіям, якія прадукуюць гульцоў палітычнага поля. Вучні Мацкевіча, здаецца, называюць іх «актарамі» — з націскам на першым складзе.
Але ж трэба мець пачуцце меры. Выходзіць, што УМ запачаткаваў увесь дэмакратычны рух на Беларусі, хіба акрамя БНФ, бо пазнавата прыехаў у Беларусь. У падобнай манеры некалі Лукашэнка Краснаярскаму тэлебачанню расказваў, што рэдагаваў праграму Яўлінскага «500 дзён» і даваў парады Рыжкову з Гарбачовым.

Г.П. Шчадравіцкі, безумоўна, — адна з самых яркіх асобаў савецкай гуманістыкі.

Пра «вучняў» Шчадравіцкага, як пра сыноў лейтэнанта Шмідта, можна расказваць анекдоты. У ОДИ-семінарах ГП і «дыстанцыйных» праектах бралі ўдзел тысячы чалавек. ГП сам правёў больш за 90 семінараў, у якіх бралі ўдзел і дысідэнты, і сакратары райкамаў, і дырэктары заводаў, і яшчэ Бог ведае хто. Астатнія арганізацыйна-дзейнасныя гульні праводзілі таленавітыя вучні.
Сярод «мультыплікатараў» было шмат самазванцаў і пустазвонаў. Вучнямі ГП пачалі называць сябе нават тыя, хто даставаў рукапісныя копіі ягоных лекцый. Нямала сярод іх было дурняў, самалюбцаў, каньюнктуршчыкаў і проста непрыстойных людзей. Пра такіх сам ГП гаварыў: «Чего вы хотите от учеников? Со времен Христа они и есть главные предатели. Они больше озабочены тем, чтобы согласовать свои работы с текстами Учителя, чем тем, чтобы понять наследие учителя в целом». (Цыт. паводле: Зинченко. Понятие практики и практичности по Г.П. Щедровицкому. Тезисы выступления).
Як кажуць даследчыкі творчасці ГП, адной з прычын стварэння 2-томнага зборніка персаналій ММК («ММК в лицах», 1950—1990 гг.), дзе сабраныя каля 250 тэкстаў успамінаў і меркаванняў пра ГП і ММК, акрамя чыста навуковай і грамадскай, было імкненне адкараскацца ад прыліпалаў ды авантурыстаў, якія рабілі сабе імя вакол фігуры ГП, больш расказваючы пра ягоных трох жонак, каханак ды пра замшавыя пінжакі і кашулі ў клетачку, якія ён так любіў насіць. Імені нашага Уладзіміра Уладзіміравіча Мацкевіча ў гэтых 250 тэкстах няма.
Набярыце ў сеціве «Персоналии ММК» або «ММК в лицах». (Самі па сабе гэтыя тэксты вельмі цікавыя. Праўда, патрабуюць пэўнай падрыхтоўкі і цікаўнасці). Ва ўсіх магчымых «Хто ёсць хто?» ды аўтабіяграфічных даведках пра сябе, якія УМ не лянуецца мультыплікаваць усюды дзе можна, ён паведамляе пра свой удзел у працы ММК. Гэта змясціла і радыё «Свабода» на сваім сайце перад анлайн-канферэнцыяй.

Відавочна, прычынай таму — «дыстантнае» захапленне Настаўнікам. УМ так і піша ў сваёй эманацыі-споведзі «Сага об учителях»: «В это десятилетие дистантного учения у ГП я встретил еще и второго Учителя…» Якія працы Ул. Мацкевіча, напісаныя пад кіраўніцтвам (уплывам) Г. П. Шчадравіцкага, чытаюць сёння людзі? Мала хто што можа пра сябе сказаць!

Што ў Беларусі ведалі пра ММК і ОДИ да 1994 года?

Тут я іранічна за пункт адліку бяру 1994 год — год з’яўлення на Беларусі Ул. Мацкевіча. У 1994 годзе памёр Шчадравіцкі, у гэтым жа годзе на нашы тэрэны прыйшоў ягоны «alter ego». На ўзроўні «думання» — безумоўна, сёе-тое пра Шчадравіцкага ведалі.
Некаторыя нават сцвярджалі, што разумеюць максімы: «адно думанне — тупік быцця; сапраўднае мысленне і дзейнасць — «бязлюдныя»; сапраўднае мысленне — гэта «мысленне мыслення» і г.д. Асноўная цяжкасць — манблан грэка-лацінскага наваязу з катэгорыяў філасофіі, логікі, структурнай лінгвістыкі, інфарматыкі, псіхалогіі.
У адліжныя 60-я, калі мінскія студэнты штурмавалі Дом афіцэраў, ламаючы дзверы, каб трапіць на забароненую 13-ю сімфонію Шастаковіча, чыталі па-руску ў копіях ці па-польску з кнігарні «Дружба» Энцэнсбергера, Маркузэ, Сартра, тыя ж маскоўскія «Хронікі бягучых падзей», выступы Гольдшыкера (старшыня Саюза пісьменнікаў ЧС) у Morning Star і г.д., копіі лекцый ГП і ягоных вучняў з коміксамі, квадрацікамі ды стрэлачкамі былі мала зразумелыя для мінскай фронды і тусовак.

З вуснаў у вусны перадаваліся самыя невераемныя гісторыі пра ГП і ягоных вучняў. Гаварылі, што пад выглядам ММК і ОДИ-семінараў Шчадравіцкі арганізаваў як бы адкрытую сіянісцка-масонскую ложу, называлі яго неаплатонікам, неамакіявелістам і шэрым кардыналам, які, таемна супрацоўнічаючы з найлепшымі сіламі КДБ, без рэвалюцый і парламентаў плануе паступова заняць сваімі вучнямі пасады абласных кіраўнікоў за Уралам, а потым выставіць ультыматум Маскве.

Разы два ці тры я схадзіў на «лятучыя лекцыі» Сцёпіна ў політэхнічны інстытут і БДУ.
Там жа ўпершыню пачуў імя Лебедзева, які прысутнічаў на лекцыі. Ён пазней з’ехаў у Маскву, у МВТУ імя Баўмана. Цяпер жыве ў Штатах. Гэта было, здаецца, ужо ў пачатку 70-х. Памятаю з тых лекцый твары Ларысы Чарнышовай, Алега Бембеля, Уладзіміра Конана…
Гаворачы пра Шчадравіцкага, Сцёпін расказваў нешта пра «методологическое оснащение деятельности», «уровни машинной детерминации», «управление трансляцией информации скрытых уровней», «эффект материальной импликации» и «туннельный эффект» в сфере образования і да т. п. З тых лекцый людзі выходзілі з думкамі пра непазбежныя перамены, якія павінныя вось-вось наступіць. Але на душы заставалася нейкая трывога: гаворка не ішла пра шырокую дэмакратычную салідарнасць, будучы парламентарызм ці нешта такое. Раз-пораз чуліся словы «элита», «планирование будущего», «интеллектуальный переворот», «высокая миссия», «корпоративная салидарность»…

Той, каму ў канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў было гадоў трыццаць (УМ тады, мусіць, яшчэ хадзіў у школу), памятае, як у той час ідэі ГП цыркулявалі у папулярным мінскім асяродку. Пакуль была зробленая спроба стварыць нешта больш-менш структураванае («Школа маладых вучоных» з ініцыятывы Сцёпіна, які прывёз Шчадравіцкага ў Мінск; здаецца, гэта ўжо быў 1980 год), чытачы Ленінкі і БАН’і памятаюць «лятучыя лекцыі» Кіма Хадзеева, Уладзіміра Конана, Вадзіма Кошкіна, Валера Слабажаніна, Лёні Бейнаровіча ў курылках ды на лесвічных пралётах пра ММК і дысідэнтаў. Гаварылі і пра Шчадравіцкага, і Васіля Бялова (тады з’явіўся раман «Кануны»), пра «Каласы пад сярпом тваім» Ул. Караткевіча. Той жа Кошкін, якога шмат хто ведаў па бюро перакладаў Гандлёвай палаты, у 1968 годзе вывеў на ганак Петразаводскага ўніверсітэта сваіх студэнтаў на мітынг пратэсту супраць уводу войскаў Варшаўскага блоку ў Чэхаславакію. Ён быў загадчыкам кафедры замежных моваў, скандынавіст, выпускнік ЛДУ. Маючы «воўчы білет», перабіваўся выпадковымі заробкамі, распрадаваў свой кнігазбор. І проста раздаваў «варожую» літаратуру. Ад яго мне дастаўся «Аднамерны чалавек» Маркузэ на французскай мове.

Пра людзей, якія ведалі ГП

СССР быў вялікай краінай, але свет быў цесны. Адна мая даўняя знаёмая (з 1963 года) пасля вывучэння бібліятэкарскай справы ў Ленінградзе працавала сацыёлагам у АН СССР у Новасібірску, потым у ЦНИОМ у Заслаўскай, а пасля смерці дырэктаркі — у так званым Левада-цэнтры. Яна была закаханая ў ГП, пісала дысертацыю пад яго кіраўніцтвам. Уладкаваўшыся (на грамадскіх пачатках) у выдавецкую групу ММК, ездзіла на ОДИ ў розныя гарады. Цяпер яна жыве ў Ізраілі. Мы перапісваемся. Нядаўна (8 снежня) яе муж прыслаў з Ізраіля тэкст Грыгар’янца «Чатыры маскі Андрэя Сіняўскага» з некаторымі каментарамі пра разнамаснасць тагачаснага дысідэнцкага руху і адносіны з КДБ.

Асоба ГП, паводле маіх знаёмых, — вельмі супярэчлівая і прагматычная.

Здаецца, у 2009 ці ў 2010 годзе яны параілі мне пачытаць успаміны Валерыя Лебедзева «Игротехника от Щедровицкого до Ходорковского», дзе сам актыўны ўдзельнік ММК і ОДИ з захапленнем, але і з пэўным скептыцызмам згадвае: «Организационно-деятельностные игры Щедровицкий, как я уверен, задумал как раз под дальнейшее развитие и реализацию «интеллектуального переворота» в СССР. Пропустить через игры сотни тысяч людей и создать массовый класс своих сторонников. Это будут директора предприятий, начальники цехов, райкомы-горкомы-обкомы, судьи, преподаватели высшей школы, министерские чиновники всех рангов… Кажется, не было категории населения, которых не охватило бы «игровое движение» самого конца 1970-х — и всех 1980-х годов. Хотя нет, были такие категории — это армия. А также КГБ и МВД. Там, насколько мне известно, ОДИ не проводили. А какой же захват власти без силовиков? Но, возможно, эти системы считались Георгием Петровичем чем-то вроде исполнительных органов. Будет приказ из политических верхов, — те выполнят — и все… Члены «новой Восточной ложи» должны были проникать во все властные структуры. Вступать в партию. Становиться незаменимыми полезными секретарями при «губернаторе», советниками, заместителями, идти в выборные органы. Но никогда не забывать, кто они и какова их высокая миссия…."

Нават выхад ГП на плошчу ў 1968 годзе як падпісанта «Ліста 170» — гэта своеасаблівы перфоманс на шляху да перабудовы свету «пад сябе». У інтэрнэце зараз ужо можна прачытаць згадкі таго ж Рапапорта пра матывы гэтага ўчынку Настаўніка, які быў не ўсімі прыняты і зразумелы. Шмат хто з сяброў і вучняў гэтым «падстаўляўся» і мусіў потым за гэта мець справу з уладамі. Рапапорт піша: «Я запытаў у ГП, навошта ён усё ж такі падпісаў ліст. Ён адказаў, што зрабіў гэта з чыста прагматычных меркаванняў, што хутка ў структурах улады ўсё зменіцца і што ён не хоча траціць час… і таму адразу, так бы мовіць, вырашыў запісацца ў лагер дысідэнтаў». Далей Рапапорт кажа ад сябе: «ГП повел эту игру до конца и из примкнувших стал чуть ли не лидером…»

Як «апрадмеціць» метадалогію і «трыяду»?

Навошта я пішу пра гэтыя ўспаміны ды знаёмствы? Каб тыя, хто сёння шмат чуе ад сп. Мацкевіча пра метадалогію ГП, якая нібыта развіваецца далей у нас, крытычна паглядзелі, напрыклад, на тую ж «матэрыялізаваную» метадалогію ў накідах перспектываў у Канцэпцыі «Нацыянальнай платформы» як «алгарытму» змены стану рэчаў у нас тут і цяпер. Яна ж выглядае як колішні партыйны план развіцця народнай гаспадаркі на пяцігодку. Нічога жывога. Адны сіметрычныя фармулёўкі, якія можна зразумець толькі з трэцяга прачытання.
Калі ў аўтара пытаюцца, якім зместам ён збіраецца напоўніць сярэдні член трыяды «Дэсаветызацыя — Беларусізацыя — Еўрапеізацыя», ён гневаецца ці пасміхаецца з наіўных прыземленых пытанняў і пачынае разважаць пра «перманентны дыялог у фрэйме дыверсных мэтавых груп», якія праз кансэнсус «імплікуюць новы змест у нацыянальны дыскурс». Гэта, маўляў, і сфармуе «шматузроўневую ўстойлівую грамадзянскую супольнасць».

Але ж перш чым сесці за стол для дыялогу, трэба ведаць, чаго ты хочаш.

Па-другое… Можа, важнейшае, чым першае: паводзіны «Настаўніка». Калі Ул. Мацкевіч, палемізуючы з Анатолем Лябедзькам, расказвае, як ён, Мацкевіч, «рваў міліцэйскія ланцугі» на праспекце, то што гэта — перфоманс («каб быць бачным», як у выпадку суперніцтва з Багданкевічам) ці ўжо асэнсаваны крок у дзейснае дысідэнцтва з далёкімі планамі на будучыню стаць лідарам грамадзянскай супольнасці? Згадайце адказ Шчадравіцкага Рапапорту. Куды збіраецца «пранікаць» Уладзімір Мацкевіч?

Гэтыя мае развагі не пустыя. У пачатку нататак я ўжо ставіў пытанне: як сумясціць высакалобыя метадалагічныя разважанні з практыкай рэальных дзеянняў у грамадзянскай супольнасці? Чым тут «ціснуць» на ўладныя структуры?

«Мысленне мыслення» на пасядзёнках «Лятучага ўніверсітэта» разам з В. Акудовічам, які разважае пра хайдэгераўскае Нішто, якое не папярэднічала Быццю, відавочна, не прывядзе нас да трэцяга складніка трыяды — еўрапеізацыі.
Тым больш што сам УМ кажа, што калі «Акудович почитывает Дериду за завтраком, он еще не живет в Европе».

Адзін мой знаёмы, што хварэе на канспіралогію і чуе, як кашляюць блохі, кажа, што метадалагічна завілыя дакументы тыпу «Нацыянальнай платформы» ў стылі ММК нагадваюць аперацыю «Трэст» чэкісцкай контрразведкі супраць Савінкава.

На заключэнне раскажу даволі вядомы анекдот-показку пра Жака Дэрыду. Кажуць, што пасля таго як дэрыдоўская неаграфема Differance была ўнесеная ў французскі нарматыўны слоўнік як філасофскі тэрмін, ён з гэтай нагоды запрасіў да сябе на вячэру сваю блізкую сяброўку. На вячэры прысутнічала і ягоная маці, што мела на той час больш за 80 гадоў і мела не надта добры слых. Сяброўка нешта гаварыла, а потым прапанавала тост за навуковыя поспехі Жака і за Differance з літарай «а». Маці ўважліва прыслухоўвалася, а потым сярдзіта запытала: «Жакі, ты што, дагэтуль не навучыўся пісаць слушна слова difference і пішаш яго з літарай «а»? Гэты анекдот у постмадэрнісцкім дыскурсе добра прачытваецца наадварот: Жак павінен быў бы перайсці ў знакавую сістэму глухаватай маці, каб быць пачутым, і растлумачыць «прадуктыўнасць» сваёй неаграфемы.

Ул. Мацкевіч кажа, што яго адзіны прывілей — называць рэчы сваімі імёнамі або даваць ім новыя. Як нас вучыць сямейны досвед Жака Дэрыды, тут галоўнае не перастарацца і не страціць сувязі з рэальнасцю, бо неасвечаны — што глухаваты. А незразумелы код увогуле ўспрымаецца як акустычны шум.

Аднойчы я прысутнічаў на вечаровым паседжанні «Лятучага ўніверсітэта» ў галерэі «Ў» і, папярэдне паглядзеўшы праграму заняткаў на 2013 год, выказаў меркаванне, што варта было б элітарныя даклады трохі спрасціць і прывязаць да рэальнасці, каб прысутныя разумелі сэнс таго, што яны пачуюць.
Можна ж сумясціць высокую навуковасць і прывязанасць да надзённасці, як гэта зрабіла ў сваім рэфераце пра пераклады Бібліі Ірына Дубянецкая. Я яшчэ адзначыў, што самая ўніверсальная метадалогія, паводле якой можна, абапіраючыся на Платона і Шчадравіцкага, аналізаваць і параўноўваць, напрыклад, італьянскі кінематограф і сінгапурскую фінансавую мадэль, маюць даволі ўскоснае дачыненне да развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці.

Раблю яшчэ адну прапанову кіраўніку «Лятучага»: пачніце наступнае паседжанне з размінкі, падаўшы слухачам каманду: «Пераключыце наступны тэзіс з ММК-коду на «прадметны»:

«Методологический дискурс строится поверх ситуации, исчезает из практики рефлексивная инверсия и персонификация, и материализация проблематизации в коммуникативных ситуациях» (З тэзісаў Ул. Мацкевіча да 4-га метадалагічнага кангрэсу. Цытуецца паводле «Утконоса»).

Хто справіцца з заданнем — таму прыз.

Сонца нам дапаможа…

Які артэфакт пакіне пасля сябе «мінская школа» Г. П. Шчадравіцкага? Сімулякры маюць уласцівасць знікаць, як толькі пра іх перастаюць гаварыць. Ад іх застаецца мінулае Нішто.

Ubi sunt, qui ante nos in mundo fuere? Гэта з «Гаўдэамуса». Дзе цяпер тыя разумнікі-дэмакраты-інтэрнацыяналісты ды «друзья русского народа», якія ў 80-х тусаваліся ў «Школе маладых вучоных», «Современнике» і ў Доме палітасветы, які з лёгкай рукі Алеся Адамовіча тады не зусім гістарычна карэктна называлі «Вандэйскім замкам»? Иных уж нет… А чым жывуць тыя, што не пайшлі ў бізнэс і якіх адсунулі ад карыта неакамуністычнай улады больш спрытныя маладыя шакалы? Нічога яны не нарадзілі, бо не мелі каранёў. На іх тэарэтычным азаддзі, скампіляваным з расійскіх перабудовачных мадэляў, нічога не вырасла.

Сёння маладыя беларусы чытаюць Уладзіміра Конана, Мікалая Крукоўскага, Аляксея Рагулю, ходзяць у музей, стваральнай душой якога быў Юры Хадыка. Жыве беларушчына на сайтах і суполках dzietki.org, by-mova.livejournal.com, nastaunik.info, adukacyja.info, arche.by/, у Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Таварыстве беларускай школы, у ліцэі імя Якуба Коласа, у карцінах Алеся Марачкіна, у песнях Лявона Вольскага, у вершах Генадзя Бураўкіна, у ахвярнай працы такіх падзвіжнікаў, як Зміцер Санько, Валеры Мазынскі, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Скарабагатаў, Ларыса Сімаковіч, Павел Севярынец, Фёдар Піскуноў, у сем’ях, дзе на ваша тэлефанаванне адкажуць «Дзень добры!», і шмат дзе яшчэ. На гэтай сунічнай паляне свеціць сонца. Тут няма аракулаў, гуру, халоднага чужынскага снабізму. Тут не гуляюць у Беларусь. Яна тут жыве. Яна не шукае шчасця-долі ў віртуальнай прасторы. Як той казаў, hic Rhodus, hic salta! Тут Родас, тут і скачы.

* * *

Пётра Садоўскі — надзвычайны і паўнамоўцны пасол Беларусі ў Нямеччыне (1992–1994), дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, кандыдат філалагічных навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?