23.12.2012 / 01:04

Арыштаваны банкір Шаўцоў адкупіўся й выйшаў на свабоду? 4

Старшыня рады дырэктараў «Белзамежбуда», кіраўнік Трастбанка вырашыў свае справы з праваахоўнымі органамі.

«Паводле маёй інфармацыі, кіраўніцтва [краіны] Віктара Шаўцова амніставала. Якім чынам гэта адбылося, ці плаціў ён адкупныя, я не ведаю», - сказала крыніца ў банкавых колах. «Днямі знаёмыя казалі, што бачылі яго ў канторы», - дадаў падначалены Шаўцова.

У КДБ Беларусі не змаглі даць каментар на гэты конт.

У Трастбанку таксама адмовіліся каментаваць сітуацыю з Шаўцовым.

Інфармацыя аб затрыманні Віктара Шаўцова з'явілася ў кастрычніку 2011 года. У снежні Лукашэнка пацвердзіў, што ў дачыненні да бізнэсоўца заведзеная «звычайная крымінальная справа», звязаная з вывадам грошай і правапарушэннем у сувязі з будаўніцтвам аб'екта ў Венесуэле. Пры гэтым ён дадаў, што «гэты спадар не ўпершыню трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў, але яго могуць вызваліць пасля кампенсацыі шкоды ў «двух-трохразовым памеры».

Пазней намеснік начальніка прэс-службы КДБ Беларусі Артур Стрэх заявіў, «паводле папярэдняй ацэнкі следства, сума выкрадзеных грашовых сродкаў перасягае 10 млн даляраў». У дачыненні да Шаўцова была абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту ў следчы ізалятар КДБ. У сакавіку гэтага года з'явілася інфармацыя, што бізнэсовец на пратэкцыю кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы Філарэта змешчаны пад хатні арышт. Надоечы Шаўцоў за дабрачынную дзейнасць быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай БПЦ - ордэнам святога Кірылы Тураўскага, а ягоная жонка Алена - медалём Ефрасінні Полацкай.

Віктар Шаўцоў вядомы праз рэалізацыю супольных з беларускай дзяржавай праектаў у Іраку, Іране, Лівіі, Венесуэле ды іншых гарачых пунктах. Ён быў асабіста знаёмы з Садамам Хусэйнам, Муамарам Кадафі, Угам Чавэсам, Рафікам Харыры.

«Белзамежбуд» быў заснаваны ў 2007 годзе і з'яўляецца галоўным трымальнікам кантрактаў на пастаўку ў Венесуэлу беларускіх тавараў і выканаўцам ва ўсіх супольных будаўнічых праектах.

0
Мэнсан Мандэла / Адказаць
23.12.2012 / 08:31
яго могуць вызваліць пасля кампенсацыі шкоды ў «двух-трохразовым памеры» ------------ Правасуддзе за грошы, сяброўства за грошы, палітвязні за грошы... Колькі ж трэба заплаціць, каб хутчэй сышоў?
0
Янка / Адказаць
23.12.2012 / 14:31
У сакавіку гэтага года з'явілася інфармацыя, што бізнэсовец на пратэкцыю кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы Філарэта змешчаны пад хатні арышт. Надоечы Шаўцоў за дабрачынную дзейнасць быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай БПЦ - ордэнам святога Кірылы Тураўскага, а ягоная жонка Алена - медалём Ефрасінні Полацкай. ========================= Колькі ахвяраваў у скарбонку РПЦ гэты абвінавачаны у махлярстве банкір?
0
Рамуальд са Смургоняў / Адказаць
23.12.2012 / 17:42
... Як і Галіна Жураўкова, якая нават не сядзела... Прынесла грошы і ўсё - вольная...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру