Дзякуючы Лёліку і я прачытаў артыкул "Жыве Беларусь!" у "СБ". Ён, безумоўна, сымптаматычны. Улада авалодвае лёзунгавым арсэналам незалежнікаў. Выціскае палітычных апанэнтаў з той піяраўскай нішы, дзе яшчэ колькі гадоў таму яны пачуваліся манапольна.

Дарэчы, яшчэ летась, калі ў асобных лідэраў апазыцыі быў чарговы ўздым адпаведнай рыторыкі і пэдалявалася ідэя блёку "За незалежнасьць", ваш пакорлівы слуга дазволіў сабе іранічна заўважыць, што хутка ў такі блёк зможа ўступіць і БРСМ.

Як той кажа, у любым жарце ёсьць доля жарту:) Афіцыёзная хваля канцэртаў "За незалежную Беларусь!" выразна прадэманстравала гэты паліттэхналягічны трэнд кіроўных вярхоў: прысабечыць лёзунгі праціўнікаў, а іх саміх адсекчы ды зьвінаваціць у дэмагогіі і нежаданьні кансалідавацца.

Тут можна было б чарговы раз паразважаць пра інэртнасьць апазыцыйных стратэгаў, новыя выклікі, неабходнасьць пралічваць гульню хаця б на пару хадоў etc. Але ня будзем таўчы ваду:)

Гэты постынг пішу зь іншым намерам: удакладніць адзін гістарычны нюанс. Аўтар "СБ" зазначае: "…нашы "назіральнікі" неяк выпусьцілі адзін факт: апошнія 10 гадоў дзяржаўная "Народная газета" на самым бачным месцы публікуе слоган "Жыве Беларусь!" І што? Нічога!".

Дык вось, мушу ўнесьці ўдакладненьне. Гэты лёзунг зьявіўся зусім не на досьвітку прэзыдэнцкай эры, як хтосьці можа падумаць, а раней, на пачатку 90-х. "Народную газету" рэдагаваў тады Ёсіф Сярэдзіч. Выданьне (я працаваў там намесьнікам) мела выразную нацыянальна-дэмакратычную пазыцыю. Дастаткова сказаць, што Зянон Пазьняк самыя нашумелыя свае артыкулы таго часу (пра расейскі імпэрыялізм і г.д.) надрукаваў менавіта ў "Народнай газеце".

Прычым лёзунг легалізавалі за два этапы. Нагадаю: "НГ" была парлямэнцкім органам, і агрэсіўна-паслухмяная бальшыня ВС не аднойчы рвалася зьняць Сярэдзіча з пасады за патураньне нацыяналістам. Даводзілася манэўраваць.

Дык вось, Ёсіф Паўлавіч з уласьцівай яму тактычнай хітрасьцю спачатку ўжыў камуфляваны варыянт — "Жыві, Беларусь!". Гэта дапамагала суняць імпэт цемрашалаў, што крычалі пра "лёзунгі і сымболіку паліцаяў": маўляў, спакойна, таварышы, адчуйце розьніцу!

А потым ужо, калі, па-першае, фраза прымільгалася, а па-другое, пайшла хваля беларусізацыі (зараз ня верыцца: чынавенства спаборнічала ў авалоданьні матчынай мовай!), — дэвіз на першай паласе газэты набыў клясычны выгляд.

Перад рэфэрэндумам-95 Сярэдзіч разам з рэдактарамі іншых буйных пэрыёдыкаў быў "зачышчаны" і мусіў з нуля ствараць "Народную волю". А слоган застаўся. Зараз магу прызнацца: апошнія 12 гадоў я раз-пораз дзівіўся і ціха радаваўся, што ідэалягічнае начальства не заўважае крамолы. І ў выніку хоць нешта трывае ад той, колішняй "НГ".

Слоган цудам перажыў псыхоз "яднаньня", калі дзяржаўная прэса малаціла развароты пра пэрпэктывы хуткага зьліцьця з Расеяй. Думаю, хтосьці з уладнага люду бачыў не адпаведны генэральнай лініі нацыяналістычны атрыбут, але маўчаў. Так што сьвядомых беларусаў болей, чым можа здацца :-) Жыве Беларусь!

P.S. Дарэчы, "Советская Белоруссия" фактычна скарыстала паэтапную мэтоду Сярэдзіча, лятэнтна ператварыўшыся ў "Беларусь сегодня":-) Увогуле ж тады, на пачатку 90-х, было шмат цікавых пэрыпэтый, зьвязаных з парадаксальным сымбіёзам камуністычна-аграрнага на 90% протапарлямэнту і ягонага тыпова нацдэмаўскага друкаванага органу. Будзе нагода — яшчэ распавяду:)

"Народная газета" пачатку 90-х. Здымак зроблены на ганку Дома ўраду, у якім тады месьцілася рэдакцыя. Мы працавалі літаральна ў кулюарах Вярхоўнага Савету. І міжволі бачылі закулісны бок многіх цяпер ужо гістарычных сюжэтаў:)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?