Уяўляю чэскую аксамітную рэвалюцыю, калі б Гавал адседжваўся на Захадзе, чакаючы, пакуль «народ захоча пераменаў», а ня быў дысыдэнтам, не сядзеў у турме і не рабіў бы сам гэтыя зьмены. Так адгукаецца наш чытач на артыкул Б.Янкевіч «Ратаваньне нацыі, ці Эміграцыя» («НН», №2).

Каля двух дзясяткаў маіх знаёмых удзельнікаў нацыянальнага руху выехалі за мяжу – хто вымушана, хто добраахвотна. І зь іх амаль ніхто нічога зараз ня робіць для самой Беларусі (акрамя Глыбоўскага ў Чэхіі). Нельга так казаць пра ўсіх эмігрантаў – я кажу пра сваіх знаёмых. Там яны маюць свае асяродкі ды падтрымліваюць адзін аднаго, але тут, у Беларусі, ад іх дапамогі – нуль. Безумоўна, яны нам патрэбныя там: калі зьвяртаесься да іх па дапамогу, у межах мажлівасьцяў заўжды атрымліваеш яе. Але пераважная большасьць проста жыве сваім прыватным жыцьцём – вучацца, зарабляюць грошы. Гэта нельга асуджаць, але і апраўдваць іх бязьдзеяньне таксама ня варта.

Калябарант Быкаў

Сваё жаданьне эканамічнай эміграцыі спн.Янкевіч апраўдвае «народнай апатыяй». Гэта яшчэ можна зразумець. А вось што зусім абуральна – гэта стаўленьне да тых, хто яшчэ спрабуе хоць нешта зрабіць, як да маргіналаў і калябарантаў. Хоць спн.Янкевіч і ня кажа так наўпрост, але мой асабісты досьвед паказвае, што менавіта так пераважная большасьць добраахвотных эмігрантаў і ўспрымаюць усіх, хто застаецца. Дый як разумець такія ацэнкі нашых сучасьнікаў як людзей, якія «...штодня замбуюцца (а значыць, жадаюць замбавацца) БТ пра сваё ўласнае шчасьце»? Калі падыходзіць з такімі ацэнкамі, дык у савецкія часы нашыя бацькі былі калябарантамі, якія толькі і жадалі, што замбавацца камуністычнай ідэалёгіяй. А ўзначальвалі гэтае калябаранцкае асяродзьдзе галоўныя зь іх – Коласы, Купалы, Быкавы, Караткевічы – а як жа, яны ж не парвалі адкрыта з камунізмам і ў савецкіх выдавецтвах выдаваліся! Адназначна, калябаранты! Толькі незразумела, як у такіх бацькоў зьявіліся мы, маладыя нацыянальна сьвядомыя эўрапейскія дэмакраты.

Калі б Гавал падаўся ў эміграцыю

Замест таго, каб пераняць самаахвярную тактыку дактароў-гуманістаў, што з рызыкай для свайго жыцьця дапамагаюць хворым і такім чынам рэалізоўваюць свае каштоўнасьці (як рабілі адраджэнцы пачатку ХХ ст. – узгадайце беларускія ўцякацкія камітэты Першай сусьветнай), нам прапануюць тактыку пацукоў, што загадзя бягуць з карабля – «ратуюць гонар нацыі», «эліту». Уяўляю чэскую аксамітную рэвалюцыю, калі б Гавал адседжваўся на Захадзе, чакаючы, пакуль «народ захоча пераменаў», а ня быў дысыдэнтам, не сядзеў у турме і не рабіў бы сам гэтыя зьмены, разам са сваім народам.

З досьведу Цэнтральнай Эўропы ХХ стагодзьдзя і з нашага найноўшага досьведу зразумела – Беларусь можна зрабіць свабоднай толькі знутры Беларусі.

Усе гэтыя фразы аб «захаваньні эліты», бо сам народ «жадае замбавацца», – гэта толькі фігавы лісток, што прыкрывае простае апраўданьне ўласнай баязьлівасьці, ці псыхалягічнай стомленасьці, ці няздольнасьці пэўнай часткі маладых па-іншаму змагацца ва ўмовах відавочнай перавагі сілаў рэжыму (і на працягу невядома колькіх гадоў!), а таксама нежаданьня ўпускаць тыя мажлівасьці, што дала папярэдняя праца ў руху. Гэтыя людзі згубіліся недзе ў расколіне паміж сваім імкненьнем добра жыць і сваімі ідэаламі, адстойваць якія штодня цяжка. Таму і ня бачаць яны выйсьця: «Што яшчэ рабіць у краіне, дзе нікому (...) нічога не патрэбна, дзе апатыя стала проста нацыянальнай рысай, – я ня ведаю».

А можа гэта такім, як спн.Янкевіч, ужо нічога тут не патрэбна? Скажыце, такая пазыцыя – гэта і ёсьць пераможны мэсыдж маладой беларускай дэмакратыі, зь якім мы пойдзем па падтрымку да сяброў-палякаў ды чэхаў? І каго яны будуць падтрымліваць – людзей, што канчаткова расчараваліся ў сваёй барацьбе, якія ня бачаць ніякай пэрспэктывы змаганьня за ўласны народ, пра «шчасьце» якога яны так актыўна галосяць? На самай жа справе гэта пазыцыя нейкіх духоўных трупаў, якія ўжо ня вераць ні ў сябе, ні ў свой народ.

Адна кропля поту

Ніхто з такіх змагароў ня думае катэгорыямі «а чым я магу зараз дапамагчы, каб зьмяніць сытуацыю?». Усе яны толькі кажуць: «Досыць, мы ўжо і так дастаткова ўкалывалі і нічога з гэтым народам не зрабілі, ён так і не разумее перавагі дэмакратыі, ЭЗ і рынкавай эканомікі!» (цытата з адной размовы). І ніхто ня хоча шчыра прызнацца, што менавіта такая пазыцыя – гэта і ёсьць тая самая апатыя, толькі ўжо не ў самой нацыі, а тых, хто называе сябе яе элітай. Канечне, прасьцей заўважыць нешта ў чужым воку, чым у сваёй галаве. Менавіта пра такіх сказаў Пілсудзкі: «Яны хочуць свабоды, набытай адной кропляй поту і адной кропляй крыві».

Давайце будзем шчырыя – ніхто з такіх «змагароў за свабоду» і ня хоча разумець той народ зь яго праблемамі, і галоўнае – яны сапраўды лічаць яго недалёкім, а сябе – не інакш ільвамі-лідэрамі, якія павінны тым народам кіраваць. Уяўляю сабе Купалу, які б проста зьехаў у эміграцыю ад тутэйшых праблем! Досыць прачытаць «Нашу Ніву» 100 гадоў таму, каб адразу ўбачыць, які ў іх быў аптымізм, як яны верылі ў свой народ, як яны ахвяравалі сабой, часам, сродкамі, а то і жыцьцямі на выцягненьне свайго любага Беларускага краю з багны, у якой ён быў. І менавіта таму цяпер мы яшчэ ёсьць як нацыя, хоць і з праблемамі самаідэнтыфікацыі.

Прылёт упырхлікаў

Стагодзьдзе таму нашы папярэднікі мелі тыя ж праблемы, што і мы цяпер, – але яны мэтадычна спрабавалі іх вырашаць, хаця б праз асьветніцтва, і шмат што ім удалося. Ці мог бы сказаць Купала ў 1910 г. нешта падобнае да спн.Янкевіч: «Таму час лепш выкарыстаць для падрыхтоўкі таго моманту, калі грамадзтва ўсё ж вырашыць, што яно хоча зьменаў... Тады сапраўды будзе неабходна адукаваная эліта для кіраўніцтва дзяржаўнымі структурамі на розным узроўні...»?!

Трэба разумець, што нашыя добраахвотныя ўпырхлікі, адседзеўшыся ў замежжах ды атрымаўшы эўрапейскія адукацыі, менавіта сябе бачаць тымі кіраўнікамі дзяржаўных структур, якіх тэрмінова выклікае на радзіму народ пасьля рэвалюцыі. Праўда, незразумела, хто ж будзе ў грамадзтве рабіць тыя зьмены, калі эліта падасца ў эміграцыю «рабіць свой маленькі бізнэс, каб пасьля зь яго зрабіць вялікі»... І прыклад Купалы і іншых, што 100 гадоў таму сваёй штодзённай працай набліжалі жаданыя ім зьмены, а не адседжваліся па замежжах, у прынцыпе, нічому ня вучыць.

Можа быць, спн.Янкевіч, проста перастаць хлусіць самім сабе і разрывацца паміж ідэаламі Адраджэньня і ўладкаваньнем уласнага дабрабыту? Ніхто ж не абвінавачвае іх. Але і ня трэба падаваць усіх астатніх, што сьвядома застаюцца тут, лохамі, якія толькі і жадаюць, што замбавацца (ці па-іншаму – калябарантамі). Юдыф увогуле добраахвотна стала наложніцай Аляфэрна, каб выратаваць свой народ. І была ўвекавечана ў Бібліі. Ведаеце, калі я размаўляю з сваімі калегамі – грамадзкімі актывістамі, што яшчэ ня ўсё спалілі і сьвядома не жадаюць адсюль зьяжджаць, я бачу – вось гэта і ёсьць гонар нацыі, з такімі людзьмі мы ня можам не перамагчы. Справа толькі ў часе і ў тактыцы. І я ганаруся, што я знаёмы з гэтымі людзьмі, я ганаруся, што ў мяне ёсьць такія адзінадумцы.

The show must go on

Панове былыя маладыя лідэры, а цяпер добраахвотныя эмігранты! Калі на сёньня вы прайгралі і ня можаце ўладкавацца ў цяперашняй Беларусі – гэта бяда, якая з кожным з нас можа здарыцца. Едзьце, вас ніхто не трымае і не асуджае! Аднак ня трэба недарэчных апраўданьняў пра ратаваньне гонару нацыі ў эміграцыі.

Мы – ня першая і не апошняя старонка тысячагадовай гісторыі Беларусі. Не на нас яна пачалася і ня ў нас заключана. І таму ня трэба замыкаць увесь шматвяковы супраціў на асобах няспраўджаных лідэраў.

Супраціў тут працягнецца і калі вы зьедзеце. The show must go on. І калі Беларусь вас яшчэ сапраўды цікавіць, дык засуньце як мага далей і назаўжды такія дзіцячыя амбіцыі, як бачаньне сябе ў будучыні ў шэрагах «адукаванай эліты для кіраўніцтва дзяржаўнымі структурамі». Бо калі мы ня зможам тут, вас адтуль, з вашымі элітнымі адукацыямі, ніхто сюды не пакліча. Таму падумайце лепей над формай бескарыснай дапамогі, якую б вы асабіста маглі сёньня аказаць тым, хто тут яшчэ застаецца, над формай вашай салідарнасьці зь імі.

Мы ўсе былі, але ня ўсе будзем

Нагадваю, што за 200 баксаў можна зрабіць летнік, за 500 – правесьці канцэрт, за 2000 – выдаць кнігу, за 40 000 – выратаваць Быхаўскі замак. І забудзьцеся пра сваю фанабэрыю і былыя лідэрскія дасягненьні! Усё гэта было, але ўсё гэта ўжо ў мінулым.

5–10 гадоў таму мы ўсе былі маладымі і патэнцыйна вялікімі лідэрамі. Праз 5–10 гадоў лідэрамі будуць толькі тыя, хто зараз застанецца тут працаваць. Прыміце той факт, што вас, верагодней за ўсё, у гэтым пачэсным шэрагу ня будзе.

І яшчэ. Як людзям з пэўным лідэрскім досьведам, вам даўно ўжо трэ было навучыцца адмаўляцца ад сваіх амбіцый дзеля дасягненьня супольных мэтаў, падпарадкоўвацца і працаваць на іншых, а ня толькі быць начальнікамі і кіраваць іншымі. Зь першага кроку на эміграцыі вы вызваляецеся ад лукашызму і ягонага замбаваньня, але з гэтага часу вы дакладна больш ня гонар і не эліта нацыі.

Эліта – заўжды з нацыяй, прымае яе беды, трагедыі і яе посьпехі як свае асабістыя. У лепшым выпадку вы цяпер – толькі элемэнт у вялікім мэханізьме змаганьня. Гэта ваша плата за той дабрабыт, які атрымоўваеце там замест непазьбежных праблемаў ад супрацьстаяньня рэжыму тут.

Абрахман Узьбекаў, тутэйшы беларус

P.S. Можа здарыцца так, што і я ў канцовым выніку прайграю. Тады і прыеду да вас і стану адным з вас. Але зараз я асабіста абіраю працу ў Беларусі, хоць бы тую мінімальную, што я яшчэ магу зрабіць. Вада і камень точыць. У мяне яшчэ засталіся мажлівасьці нешта рабіць, нават калі мне штодня прыходзіцца размаўляць са сваім сумленьнем. Вельмі спадзяюся, што рэжым ня здолее мяне ператравіць, і ў мяне яшчэ стане сілаў прасьпяваць палянэз над ягоным трупам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0